Сусьветная мэтэаралягічная арганізацыя (WMO) папярэджвае, што сьпякотнае лета ў спалучэньні з распаўсюджваньнем каранавірусу можа ўяўляць асаблівую рызыку для здароўя людзей.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як адзначае WMO, грамадзкія прасторы з кандыцыянаваным паветрам, якія звычайна рэкамэндуюцца пры гарачыні, супярэчаць санітарным рэкамэндацыям пры пандэміі каранавірусу.
Афіцыйная прадстаўніца WMO Клэр Нуліс на прэс-канфэрэнцыі ў Жэнэве 26 траўня заявіла, што гэты год «будзе адным з найбольш гарачых у гісторыі мэтэаназіраньняў», перадае Міжнароднае францускае радыё. Паводле яе, «для многіх COVID-19 узмацняе санітарныя рызыкі, зьвязаныя са сьпёкай».
Раней, у сярэдзіне траўня, WMO папярэдзіла, што ўлетку 2020 году на Зямлі магчымыя анамальныя зьявы надвор'я — падвышаная тэмпэратура паверхні акіяна ў трапічных шыротах і ападкаў на тэрыторыі Паўднёвай Амэрыкі і паўвострава Індастан.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.