Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі сьмяротнасьць ніжэйшая чым у Швэцыі ў 22 разы. Гэта добра — але ці праўда?


Незалежныя экспэрты мяркуюць, што колькасьць сьмерцяў у Беларусі заніжаная ў параўнаньні зь іншымі краінамі.

Ці ведаеце вы рэйтынг падтрымкі Лукашэнкі? Рэйтынгі Трампа, Мэркэль, Макрона, нават Пуціна публікуюцца рэгулярна.

Рэйтынг Лукашэнкі не публікуецца ўжо шмат гадоў. Сацыяёлягам проста забаронена гэта рабіць.

У гэтым сэнсе ў Беларусі ёсьць толькі адзін сацыёляг і толькі раз на пяць гадоў: старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая выдае лічбу на так званых прэзыдэнцкіх выбарах. І гэтая лічба не бывае менш за 75%.

А вось дадзеныя па каранавірусу публікуюцца амаль штодня. Але ўжо дваццаць дзён колькасьць новых выпадкаў інфікаваньня замерзла на лічбе 900 плюс-мінус. А колькасьць сьмерцяў — ня больш як сем.
Журналіст Аляксандар Арсёнаў зрабіў аналіз і даказаў, такога проста ня можа быць. Раю прачытаць гэты тэкст, а таксама падпісацца на ютуб-канал «Свабода premium».

Цуды — ад самага пачатку зьяўленьня ў Беларусі пандэміі. У краінах, дзе, як і ў Беларусі, не было ўведзена жорсткіх мераў, колькасьць лічбаў у першыя дні падвойвалася раз на тры дні.

А вось у Беларусі рост быў вельмі і вельмі павольны. Нібыта нехта загадаў каранавірусу: «Стоять! Бояться!».

І самае галоўнае: зафіксаваных у Беларусі сьмерцяў непрапарцыйна мала ў параўнаньні зь іншымі краінамі.

У Швэцыі, як і ў Беларусі, ня ўводзілі карантын (пры тым што ў Швэцыі людзям было забаронена зьбірацца групамі больш за 50 чалавек, старэйшаклясьнікі вучыліся дыстанцыйна, а кароль ды прэм’ер не заяўлялі, што пандэмія — псыхоз).

І вось вынікі. На 17 траўня колькасьць выпадкаў інфікаваных у Беларусі і Швэцыі практычна зраўняліся — 29 650 і 29 677 адпаведна. У Беларусі на той момант было 165 сьмерцяў. А ў Швэцыі — 3 674 (словамі: тры тысячы шэсьцьсот семдзесят чатыры). Розьніца — у 22 разы.

Прычыны тут могуць быць самыя розныя. Нягледзячы на Чарнобыль, здароўе ў беларусаў у 22 разы лепшае, чым у швэдаў. Альбо сытэма аховы здароў’я ў Швэцыі ў 22 разы горшая, чым у Беларусі.

Альбо — ня лепшыя ў Беларусі ні здароўе, ні мэдыцына, а людзям хлусяць пра колькасьць сьмерцяў.

Так, як хлусяць на выбарах.

Толькі на выбарах гэта робяць раз на пяць гадоў, а тут — кожны дзень.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG