Міністар эканомікі Беларусі Аляксандар Чарвякоў у інтэрвію дзяржаўнай газэце «Рэспубліка» заявіў, што цяпер чакае аднаўленьня беларускай эканомікі, бо суседнія краіны ўжо пачалі выходзіць з карантынаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Мы прагназавалі і рабілі разьлікі, мяркуючы, што карантынныя мерапрыемствы ў нашых гандлёвых партнэраў працягнуцца каля трох месяцаў, — расказаў Аляксандар Чарвякоў. — Цяпер жа, калі многія краіны пачалі выходзіць з карантыну, пэрыяд закрыцьця фактычна зьнізіўся да месяца.
У сувязі з гэтым, паводле нашых ацэнак, нэгатыўныя трэнды будуць пераважаць у траўні і чэрвені, а пачынаючы зь ліпеня, эканоміка агулам пачне аднаўляцца.
І тут не апошнюю ролю адыграла тое, што нашая краіна не пайшла ў карантын. У адваротным выпадку „разагнаць“ эканоміку было б значна цяжэй».
Цяпер урад, дадаў Чарвякоў, працуе над комплексам захадаў падтрымкі эканомікі і робіць усё дзеля аднаўленьня эканомікі да канца году. Задачу не дапускаць падзеньня эканомікі ад пандэміі Аляксандар Лукашэнка паставіў месяц таму, і сам жа прызнаў, што валавы ўнутраны прадукт за першы квартал зьнізіўся на 0,3%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта проста адпіска». Чым дапаможа бізнэсу ўказ Лукашэнкі «Аб падтрымцы эканомікі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Беларусі анансаваў яшчэ чатыры ўказы для падтрымкі эканомікі падчас пандэмііРаней беларускія чыноўнікі ня раз рабілі прагнозы ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Чатыры зь іх ня спраўдзіліся.
31 сакавіка, калі ў Беларусі зафіксавалі 152 інфікаваных і прызналі толькі адну сьмерць хворага на COVID-19, Лукашэнка заявіў, што «мы цяпер на піку». З таго часу колькасьць інфікаваных вырасла ў 225 разоў.
9 красавіка міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік казаў, што на пік захворваньня на каранавірус Беларусь выйдзе ў канцы красавіка ці на пачатку траўня. Але цяпер, на пачатку траўня, колькасьць «актыўных выпадкаў» хваробы працягвае расьці — новыя выяўленыя выпадкі штодзень перавышаюць колькасьць выпісаных і памерлых.
14 красавіка намесьніца міністра аховы здароўя Алены Богдан на падставе лічбаў за тры дні прыйшла да высновы, што распаўсюд вірусу не паскараецца: фіксавалі 340–360 новых выпадкаў на дзень. Яна казала, што такая сытуацыя працягнецца яшчэ «каля двух-трох тыдняў». Ужо за наступны дзень выявілі 447 новых выпадкаў, цяпер за дзень фіксуюць удвая больш.
19 красавіка галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Натальля Жукава казала, што «ёсьць перадумовы думаць, што захворвальнасьць павінна зьніжацца ў наступныя тры-чатыры тыдні». Але ўжо месяц колькасьць выяўленых выпадкаў «завісла» на ўзроўні 918 на дзень.
Пасля былі дадзеныя яшчэ два прагнозы на пазьнейшы час.
1 траўня загадчык аддзяленьня Менскай абласной лякарні, эпідэміёляг Віктар Сушчэвіч сказаў, што пік эпідэміі прыпадзе на 20-я дні траўня і далей пойдзе на спад. Праз два дні ён дапоўніў прагноз у эфіры БТ: «затым павінна наступіць зьніжэньне прыкладна да сярэдзіны чэрвеня», «канкрэтная дата, калі мы забудзем гэты жахлівы сон — 14 жніўня».
5 траўня Лукашэнка заявіў: «Мы цяпер залезьлі наверх. Трошкі ўпалі. І дай Бог, каб было так, мы спакойна празь месяц скончым гэтую эпапэю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: «Мы выйшлі на плято і пайшлі на спад», яшчэ месяц прыйдзецца «важдацца»Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.