Прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду Віктар Бабарыка цяпер увесь час ходзіць у масцы, каб засьцерагчыся ад пандэміі.
Але адносна яго можна казаць пра маску і ў мэтафарычным сэнсе — у сэнсе таго палітычнага іміджу, які выбудоўвае сабе прэтэндэнт.
Сьцісла:
- Выбар іміджу, выбар пасланьня: Бабарыка — не рэвалюцыянэр, ён хоча палепшыць, а не разбурыць.
- Бабарыка намякае, што ў выпадку ягонай рэальнай перамогі Плошча адбудзецца ў форме намэнклятурнага бунту
- Рэч ня ў тым, што ён баіцца ісьці ў лабавую жорсткую канфрантацыю з Лукашэнкам. Ён так адчувае настрой сярэдняга, мэйнстрымнага беларуса, якому шмат што не падабаецца, але які ня хоча рэвалюцыяў
- Ня зьбеглася ж публіка ў колькасьці амаль 10 тысяч чалавек запісацца ў ініцыятыўную групу ані да Статкевіча, ані да некага іншага, прынцыповага і непахіснага
- Калі ён пачне набіраць рэйтынг, цікавасьць да яго ў Расеі зьявіцца
Нерэвалюцыянэр
Відавочна, якія іміджы, вобразы ён адрынае. Першы вобраз — апазыцыянэра, ворага сыстэмы. Ён ужо некалькі разоў у апошнія дні паўтарыў, што верыць у сумленнасьць выбарчай сыстэмы Беларусі і ня верыць, што можна сфальсыфікаваць сапраўдную волю народу.
Ці сапраўды ён такі наіўны? Наўрад ці. Пражыўшы ў Беларусі шмат гадоў, захаваць шчырую веру ў сумленнасьць ЦВК наўрад ці магчыма. Але гэта выбар іміджу, выбар пасланьня: Бабарыка — не рэвалюцыянэр, ён хоча палепшыць, а не разбурыць.
Ён сказаў, што ня верыць, быццам на папярэдніх выбарах былі масавыя фальсыфікацыі: «Я ня веру ў тое, што калі за мяне прагаласавалі 10 працэнтаў, нехта можа напісаць 80%. І наадварот, ня веру, што калі прагаласуюць 80%, то напішуць 5%. Я веру ў тое, што можна напісаць не 60%, а 70%, не 15%, а 10%. Я ўпэўнены ў прыблізнай дакладнасьці вынікаў галасаваньня — у межах 20%. Я ня веру ў магчымасьць фальсыфікацыі народнага галасаваньня».
З аднаго боку, ледзь не апалягетыка існай сыстэмы. З другога, такая завуаляваная пагроза: «Ня веру, што калі прагаласуюць 80%, то напішуць 5%». А чаму ня змогуць? Ды з розных прычын. Наўрад ці тады (але і толькі тады) Бабарыка гэтак жа захавае сваю веру ў чысьціню рызаў Лідзіі Ярмошынай. Тады (але і толькі тады), магчыма, ён і закліча людзей на Плошчу. Але ў гэтым гіпатэтычным варыянце гэта наўрад ці будзе традыцыйная Плошча. Хутчэй намэнклятурны, чынавенскі бунт, сабатаж указаньняў дзейнай улады. Бабарыка пра гэта не гаворыць, але празрыста на гэта намякае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка «ня верыць» у магчымасьць значных фальсыфікацый і масавых рэпрэсій на выбарахЯшчэ адзін кампанэнт гэтага вобразу нерэвалюцыянэра — практычная адсутнасьць асабістых абвінавачаньняў і нават крытыкі на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Сыстэма — кепская, эканамічная палітыка — кепская, правальная, тупіковая. А Лукашэнка... А нічога пра Лукашэнку.
І цікавае слоўца, якое паўтаралася ў адказ на спробы журналістаў выклікаць нейкую пэўную рэакцыю кандыдата — «гэта кепска». Не злачынства, ня здрада, ня зьдзек з народу — проста кепска.
Ну, і тлумачэньне наконт зьніклых грамадзкіх дзеячоў і палітыкаў — ведаеце, у 90-я шмат чаго было. Аднак бачыце — з 2000 году нікога ж не забівалі, ніхто не зьнікаў. І аналёгія зь першым мільёнам Ракфэлера, за які той ня мог даць справаздачу. Празрыстая аналёгія — за эксцэсы 90-х ня варта патрабаваць ні з кога справаздачу. У тым ліку і з таго ці тых, каго небеспадстаўна падазраюць у зьнікненьнях.
Разьлік на беларускі мэйнстрым
Гэта гаворыць не чалавек Бабарыка. Гэта гаворыць палітык Бабарыка. Ён так сабе пазыцыянуе, ён у такой ролі ідзе на выбары. І, магчыма, рэч ня ў тым, што ён баіцца ісьці ў лабавую жорсткую канфрантацыю з Лукашэнкам. А ў тым, што так ён адчувае настрой сярэдняга, мэйнстрымнага беларуса, якому шмат што не падабаецца, але які ня хоча рэвалюцыяў.
І Бабарыка як бы адказвае тым сваім крытыкам, якія хацелі б ад яго большай апазыцыйнасьці, паўтарэньня традыцыйнага апазыцыйнага набору словаў і каштоўнасьцяў — вы мяне ўсё роўна падтрымаеце. А вось з тымі словамі, якія я кажу (і бяз тых, якіх чакаеце вы), можа, падтрымаюць і многія іншыя.
Ня зьбеглася ж публіка ў колькасьці амаль 10 тысяч чалавек запісацца ў ініцыятыўную групу ані да Статкевіча, ані да некага іншага, прынцыповага і непахіснага. А да Бабарыкі — зьбеглася.
Ці будзе ён мець рацыю з такім выбарам іміджу? Можа і не. Аднак амаль 10 тысяч у групу сабраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейскі інтарэс да маёй кампаніі нулявы». Што Бабарыка расказаў на першай прэс-канфэрэнцыі. ВІДЭАПрабеларускі, але не антырасейскі
І яшчэ цікавае пазыцыянаваньне — наконт Расеі. Некалькі разоў паўтарыў, што ён прабеларускі, а не прарасейскі кандыдат. Сёньня заявіў, што Расея ніякай цікавасьці да яго кампаніі ня мае. І патлумачыў даволі двухсэнсоўныя рэчы, якія казаў пра Расею і стасункі зь ёй у шэрагу сваіх нядаўніх інтэрвію.
Паводле яго, пагроза незалежнасьці паходзіць не ад расейскай палітыкі, а ад слабасьці беларускай эканомікі. Будзе эканоміка такая ж слабая, будзе эканамічная палітыка такая ж згубная, як цяпер, — дык і страцім незалежнасьць. Але прэзыдэнт Бабарыка эканоміку выправіць, бо ведае як. Ну дык і незалежнасьць захавае, абароніць.
І пры гэтым напамін: 31-я інтэграцыйная мапа грунтуецца на саюзнай дамове, якую падпісваў зусім не Бабарыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яныНу, а што тычыцца вялікай геапалітыкі, дык на пытаньне — Чый Крым? — адказ жартам: Грэцкі.
Нехта хацеў пачуць — украінскі, нехта — расейскі. Бабарыку патрэбныя і адны, і другія. Гледзячы па допісах пад ягонымі пастамі ў ФБ, сярод ягоных прыхільнікаў хапае і тых, і другіх. Ці не адштурхне шмат каго зь іх такі «грэцкі» адказ — гэта рызыка, выбар Бабарыкі.
Што Расеі нецікавая яго кампанія — можа, на гэты момант і праўда. Але не абавязкова так будзе і далей. І зусім не таму, што кандыдат — былы кіраўнік «Белгазпрамбанку». А таму, што ён, прынамсі, не антырасейскі і да таго ж пэрспэктыўны. Калі ён пачне набіраць рэйтынг, цікавасьць да яго ў Расеі зьявіцца. І гэтаму не супярэчыць ніводнае слова, сказанае Бабарыкам у апошнія дні. Ён ня кляўся ў любові да Расеі, але і ніводнага кепскага слова пра яе не сказаў.
Люстэрка, у якім кожны бачыць сябе
Мы любім прымяраць на сябе чужыя, у тым ліку і суседзкія, узоры. Але ў гэтым выпадку стылістыка Бабарыкі і праўда ў нечым нагадвае стылістыку леташняй выбарчай кампаніі Ўладзіміра Зяленскага, у якім самыя розныя выбарнікі бачылі тое, што хацелі ўбачыць.
Ці атрымаецца ў банкіра згуляць ролю, якая атрымалася ў актора — хто ведае. Але, прынамсі пакуль, выбар іміджу шмат у чым падобны.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі выдумляюць Бабарыку, каб даведацца, хто ён такі»