19 траўня суд Добрускага раёну вынес рашэньне па крымінальнай справе аб крадзяжы цудатворнага абраза зь вясковага храму. Злодзея пакаралі 3 гадамі пазбаўленьня волі. Ікону ж суд пастанавіў аддаць Гомельскай япархіі. Раней абраз знаходзіўся ў царкве вёскі Ду́браўка. Па словах вяскоўцаў, ікона належала 87-гадовай бабульцы.
Ікона Маці Божай «Скорапаслушніца» была скрадзена ў верасьні 2019 году з царквы вёскі Дубраўка Добрускага раёну. Злодзея хутка злавілі. Але абраз аддалі не вясковай царкве, а Гомельскай япархіі. Раней ікона, напісаная ў 1901 годзе, належала Ганьне Дробышавай, якой засталася ў спадчыну ад маці. Да цудатворнага абраза прыходзілі маліцца людзі. У новы храм Ганна Данілаўна занесла ікону на просьбу людзей — каб маліліся на службах і ў сьвяты.
Калі ў Добрушы пачаўся суд за крадзеж іконы, паўстала пытаньне — каму яна належыць? Сьледзтва прызнала пацярпелай Ганну Данілаўну. Вяскоўцы зьявіліся ў суд і далі паказаньні як сьведкі, што сапраўды «Скорапаслушніца» належыць 87-гадовай вяскоўцы.
Гомельская япархія настойвала на тым, каб цудатворны абраз не вярталі ў вясковы храм ці Ганьне Данілаўне, а аддалі япархіі.
Вяскоўцы аднагалосна былі за вяртаньне іконы ў сваю царкву, напісалі шэраг зваротаў у інстанцыі. Ганна Данілаўна і яе сваякі сьцьвярджалі, што клапоцяцца за тое, каб ікона вярнулася ў вёску — у царкву.
Але суд палічыў, што ікона — маёмасьць праваслаўнай царквы, і выключыў Ганну Данілаўну і яе законнага прадстаўніка — унука Валерыя — зь ліку пацярпелых.
Унук кажа, што будзе абскарджваць рашэньне суду: «Бо сьледзтва ж прызнала бабулю пацярпелай!»
У судзе патлумачылі, што ўнук можна падаць грамадзянскі пазоў, каб у асобным працэсе паспрабаваць даказаць, што ікона належыць Ганьне Данілаўне.
«Бабуля і жыхары вёскі ўспрынялі рашэньне суду нэгатыўна. Сказалі, што і далей будуць змагацца за сьвятыню і каб яна вярнулася ў Дубраўку», — расказаў Валер, унук Ганны Данілаўны.
Аргумэнты прадстаўніка Ганны Данілаўны
- Гомельская япархія не падала ніводнага дакумэнту, які б пацьвярджаў, што Ганна Дробышава перадала скрадзеную ў Дубраўцы ікону Гомельскай япархіі.
- Япархія не прадставіла дакумэнты на права валоданьня іконай.
Аргумэнты Гомельскай япархіі
- Ікона належыць БПЦ, бо «Скорапаслушніца» ёсьць у вопісе маёмасьці дубраўскай царквы.
- БПЦ ніколі ня страчвала права ўласнасьці на іконы, а ў савецкія часы іконы проста знаходзіліся на захоўваньні ў людзей.