Зь вясковай царквы скралі цудатворны абраз. Ён належыць 87-гадовай верніцы. Злачынцу злавілі, віну ён прызнаў. Але ікону сьледзтва аддало ня ўласьніцы, не вясковай царкве, а Гомельскай япархіі БПЦ Маскоўскага патрыярхату. Царкоўнае кіраўніцтва ня хоча вяртаць абраз уласьніцы.
«Гэта рэйдэрскі захоп іконы!», — абураны ўнук Ганны Данілаўны Дробышавай, які на судзе прадстаўляе яе інтарэсы.
«Бабулькі на каленях стаялі перад прадстаўнікамі япархіі — прасілі вярнуць абраз у вёску. У адказ пачулі хамства», — кажа сваячка ўласьніцы іконы.
Што гэта за абраз, адкуль ён узяўся?
Жыхары вёскі Ду́браўка (Добрускі раён, Гомельская вобласьць) не сумняваюцца: ікона Маці Божай «Скорапаслушніцы» цудатворная. Кажуць, яна ня раз дапамагала вяскоўцам ад хваробаў і нягодаў. Да яе езьдзілі паломнікі.
«Адна жанчына прывозіла да іконы сьмяротна хворага сына. Потым тэлефанавала нам і плакала — ён адужаў», — усхвалявана апавядаюць вяскоўцы.
Цяпер яны гуртам ходзяць у суды, каб «адбіць» абраз у Гомельскай япархіі, вярнуць у сваю царкву.
Абраз XIX стагодзьдзя, напісаны на Новым Афоне. Экспэрты ацанілі яго ў 10 тысяч рублёў. Рэліквія пераходзіла ў спадчыну ў сям’і Дробышавых. 87-гадовай Ганьне Данілаўне яна засталася ад маці.
Да 1950-х гадоў у Ду́браўцы была царква. Потым яе разграмілі камуністы. Частку абразоў людзі забралі сабе.
«Ёсьць вэрсія, што менавіта гэтую ікону, „Маці Божую Скорапаслушніцу“, мясцовыя выкупілі ў камуніста — ён зь яе зрабіў перагародку ў сутарэньнях», — кажа мясцовы сьвятар пратаярэй Іаан.
Гадоў дваццаць таму вяскоўцы вырашылі пабудаваць царкву — за свае грошы. На судзе яны падкрэсьліваюць: Праваслаўная царква грошы на будаўніцтва не давала, самі ставілі храм за ахвяраваньні розных людзей. У новы храм Ганна Данілаўна занесла на просьбу людзей цудатворны абраз — каб маліліся на службах і ў сьвяты.
Да будаўніцтва царквы вяскоўцы маліліся ў доме Ганны Данілаўны. І пэнсіянэрка, і яе сваякі, аднавяскоўцы (цяпер яны сьведкі ў судзе) кажуць: ікону царкве не аддавалі, не дарылі, Гомельская япархія БПЦ МП ня мае на яе ніякіх правоў. Але давесьці сваю рацыю жыхары Ду́браўкі пакуль ня здолелі, хоць пісалі калектыўныя звароты ў Гомельскую япархію, у кіраўніцтва БПЦ, у Сьледчы камітэт.
Сьледзтва прызнала, што абраз належыць Ганне Данілаўне, і яна стала пацярпелай у справе аб крадзяжы. Але абраз застаўся ў Гомельскай япархіі.
«На каленях стаялі, прасілі — вярніце нам „Скорапаслушніцу“, хоць на сьвята!», — ледзь ня плачуць бабулькі.
Як ікону спачатку скраў злодзей, а потым сьледчыя аддалі япархіі
25 верасьня ікону «Маці Божая Скорапаслушніца» скраў беларус, які цяпер жыве ў Маскве. Ён «працаваў» на замову калекцыянэраў. На сайтах цэркваў Беларусі шукаў абразы, здымкі паказваў калекцыянэрам для ацэнкі. Малады чалавек выпраўляўся на «справу» ў вясковыя цэрквы. У ягонай біяграфіі — шэсьць такіх крадзяжоў.
На «Скорапаслушніцы» яго злавілі. Пасьля крадзяжу абраза злодзей схаваў яго на мясцовых могілках. І туды ж ноччу выклікаў таксі. Таксіста насьцярожыў дзіўны выклік. Разам з таксі на могілкі прыехала міліцыя. Злодзея схапілі. Ікону забралі як «рэчавы доказ». Пасьля заканчэньня сьледзтва абраз аддалі ня ўласьніцы, а Гомельскай япархіі.
«Яны скарысталі свой адміністрацыйны рэсурс і ўплыў!» — падазрае Валер Дробышаў, унук уласьніцы іконы.
Вяскоўцы наперабой апавядаюць на судзе пра любімы абраз. Яны ўпэўненыя: злодзея таму і злавілі так хутка, што «Скорапаслушніца» ня хоча пакідаць іхную вёску. «Раней ікону ўжо забірала ад нас царкоўнае кіраўніцтва. Ледзь яе вярнулі, са скандалам, які праз пагалоску дайшоў да ўсяго праваслаўнага сьвету! Вярнулі — і не пазналі. Яна пацямнела. Так, відаць, ікона не хацела быць у іншым месцы. А ў нашай царкве яна зноў пасьвятлела», — узгадваюць бабулькі.
Абраз даўно ўжо «ўзяло на вока» царкоўнае кіраўніцтва
Сьведкай на судзе выступала Вольга Сярдзюкова, жыхарка Дубраўкі. Яна пацьвярджае, што абраз належыць менавіта Ганьне Дробышавай і застаўся ёй ад маці ў спадчыну.
«Царкве яна ікону не дарыла. Проста прынесла, каб маліліся. Калі мы пабудавалі царкву — вялікі будынак — мы ж мусілі там маліцца», — кажа пэнсіянэрка.
Раней старастай у вясковай царкве была Раіса Сівакова. Яна падрабязна расказала на судзе, як ікону ў іх ужо забіралі царкоўныя ярархі гадоў дзесяць ці больш таму.
«Ну на якіх такіх умовах Ганна Данілаўна перадала ў царкву ікону? Ні на якіх! Прынесла, каб мы маліліся. Казала мне, каб я берагла абраз. І ўсе людзі так мне казалі: „Глядзі, беражы іконы!“», — апавядае пэнсіянэрка.
Цяперашні япіскап Гомельскі і Жлобінскі Сьцяфан у той час служыў у Карме (Добрускі раён).
«Ён намі апекаваўся. Прыяжджаў у камандзіроўкі. Неяк убачыў нашу „Скорапаслушніцу“ і сказаў прыбраць яе, бо яна каштоўная. А мы не разьбіраліся — прыгожая ікона ды і ўсё. Мы ж пачаткоўцы былі ў веры і ва ўсім. Ікону аднесьлі да мяне ў хату — я жыву побач з царквой. Потым зноў прыехаў Сьцяфан да мяне, з манашкамі. І кажа, што яны будуць будаваць у Карме манастыр, і хочуць, каб наша ікона наведала манастыр. Я кажу: „Бацюшка, я не магу вам ікону аддаць, бо яна не мая. Магу сабраць людзей — і вы зь імі вырашайце“. У выніку яны ікону забралі, абяцалі, што толькі на два тыдні. Прайшло два тыдні. Мы кажам: „Аддайце нашу ікону“, а Сьцяфан кажа: „Куды аддаць? У той ваш хлеў?“ Паехалі мы да яго ў Карму, каб усё ж такі забраць абраз. А ён раззлаваўся і накрычаў на нас. І не аддаў ікону. Два гады не аддаваў», — апавяла стараста царквы.
Яна кажа, што два тыя гады ўсяляк цярпела праз страчаную для вёскі ікону. «Мяне падазравалі, што гэта я недзе ікону падзела, што прадала яе, што за тыя грошы купіла дачцэ кватэру — чаго толькі я не нацярпелася! Паехалі мы зноў ікону ў Карму забіраць. Кажам Сьцяфану: „Дабраславіце, ікону хочам забраць!“. А ён у адказ: „Бог помач“. Яны нашу ікону там ужо прыладзілі, прыкруцілі на шрубы, нашы мужыкі прыехалі з зашрубкамі, каб яе адкруціць. І ня можам забраць, бо яны ўсё моляцца і моляцца. Мы кажам: „Аддайце ікону, нам на працу трэба ехаць!“ А яны: „Не, мы яшчэ не дамаліліся“. І тут пад’ехалі крутыя хлопцы на „Мэрсэдэсе“ з чарнігаўскімі нумарамі. І на нашых мужыкоў: „Хлопцы, што вам тут трэба?“ Нашы — уцякаць. І так не забралі абраз. Але потым пайшла хваля, пагалоска — аж да Кіева дайшла. І Арыстарх, былы гомельскі япіскап, сказаў аддаць нам „Скорапаслушніцу“. Тады мы яе нарэшце забралі. І бераглі», — расказала Раіса.
«Адпусьціце абвінавачанага — мы будзем маліцца за яго!»
У судзе пачаліся спрэчкі бакоў. Дзяржаўны абвінаваўца, пракурор Добрускага раёну Павел Чырыкаў заявіў, што абвінавачаны прызнаў віну, і папрасіў суд пакараць яго пазбаўленьнем волі на тры з паловай гады. Лёс іконы ён параіў вырашыць у «парадку грамадзянскага судовага справаводзтва», а пакуль пакінуць «Скорапаслушніцу» у Гомельскай япархіі «на адказным захаваньні».
Прадстаўніца Гомельскай япархіі юрысконсульт Леся Чырва выступіла з хадайніцтвам пазбавіць Ганну Данілаўну Дробышаву статусу пацярпелай у справе, бо не даказана, што яна зьяўляецца ўласьніцай іконы.
«У царкве быў вопіс маёмасьці, і паводле апісанага ікона належыць царкве, а не фізычным асобам», — зазначыла юрысконсульт. Яна зазначыла, што, магчыма, да таго часу як вясковую царкву разграмілі камуністы, ікона належала мясцоваму храму, а вяскоўцы «расьцягнулі абразы па хатах». Таму «Скорапаслушніцу», на думку прадстаўніцы япархіі — маёмасьць Праваслаўнай Царквы.
Суд адхіліў хадайніцтва юрысконсульта.
Пацярпелая, Ганна Данілаўна, выказалася пра пакараньне для злодзея.
«Якое пакараньне? Хай што хочуць, тое робяць, хоць сёньня хай яго выпусьцяць, абы нам ікону аддалі», — сказала пэнсіянэрка.
«А мы будзем маліцца за яго!», — выгукнулі вяскоўцы з залі.
Леся Чырва падтрымала пазыцыю пракурора што да пакараньня злодзея пазбаўленьнем волі.
«Рашэньне суду падарве веру ня толькі ў справядлівасьць, але і ў Бога»
Выступіў і законны прадстаўнік пацярпелай Валер Дробышаў.
«У судзе заслухалі паказаньні сьведкаў — сьвятароў. Усе яны зацікаўленыя ў завалоданьні іконай асобы і падпарадкоўваюцца Гомельскай япархіі. Грамадзянскі пазоўнік (Гомельская япархія. — РС) не падаў ніводзін дакумэнт, які б пацьвярджаў, што Ганна Дробышава перадала скрадзеныя ў Дубраўцы іконы Гомельскай япархіі. Таксама япархія не прадставіла дакумэнты на права валоданьня іконай. Прашу прыняць рашэньне вярнуць ікону законнай уласьніцы, каб прыхаджане вёскі Дубраўкі ды іншыя вернікі маглі і далей маліцца сьвятым абразам, якія яны захавалі дзякуючы веры», — выказаўся Валер Дробышаў.
Ён прасіў не караць злодзея строга, бо ікона так і не вярнулася да законнай уласьніцы.
Ён адказаў юрысконсульту япархіі, што вопіс маёмасьці — гэта не дакумэнт, які дае права ўласнасьці на ікону.
Суд плянуе вынесьці рашэньне ў справе 15 красавіка. Вяскоўцаў больш, чым лёс злодзея, хвалюе, ці вернецца да іх «Маці Божая Скорапаслушніца».
«Як мы прасілі япархію вярнуць нам ікону! На каленях. 22 лістапада было сьвята гэтай іконы. Прасілі: хоць на адзін дзень дайце! Не далі», — бядуюць бабулькі.
Прыхаджане не маюць прэтэнзіяў да свайго сьвятара і ў адзін голас кажуць: «У нас такі бацюшка! На яго толькі маліцца можна!».
Хочуць яны маліцца і праз заступніцтва «Маці Божай Скорапаслушніцы». Лёс абраза будзе вырашаць суд.