«Мы прайшлі проста колы пекла, вам не перадаць, што мы перажылі», — мянчанка Марына расказвае гісторыю сьмерці сваёй 87-гадовай цёці Веры. Цела жанчыны пасьля сьмерці больш за 16 гадзін праляжала ў кватэры, кажа пляменьніца.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Сям’я спрабавала пахаваць яе як чалавека са станоўчым тэстам на COVID-19 — каб усе, хто займаецца пахаваньнем, мелі адмысловую засьцярогу і не пазаражаліся. Аднак, сьцьвярджае пляменьніца Марына, зрабіць гэта аказалася немагчыма.
Вера Цімафееўна памерла 11 траўня дома. У яе быў станоўчы аналіз на COVID-19. Першай у сям’і захварэла яе дачка — стрыечная сястра Марыны.
«Яны нікуды ня езьдзілі за мяжу. Хіба ў транспарце сястра мая захварэла, хаця і ў масцы хадзіла, — кажа Марына. — Калі хуткая прыехала яе забіраць, яна ўжо была ў цяжкім стане, задыхалася. А ў цёці Веры быў лягчэйшы стан, тэмпэратура 37,1. І яна ў нас ляжачая. Нам адразу сказалі: „Калі вы яе звозіце, вы звозіце яе назаўжды“. Ну хто ж пасьля такіх словаў аддасьць свайго старога сваяка, каб апошнія дні правялі там?»
У шпіталі ў сястры Марыны пацьвердзіўся каранавірус. Як у кантактаў першага ўзроўню аналізы ўзялі ва ўсіх яе сямейнікаў. Станоўчы аналіз аказаўся ў маці — Веры Цімафееўны — і ў мужа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус ахапіў усю Беларусь. Прынамсі ў 100 са 118 раёнаў ёсьць пацьверджаныя выпадкіУся сям’я апынулася на карантыне, які, кажа Марына, яны старанна выконвалі. «Прадукты суседка прыносіла, пакідала пад дзьвярыма», — кажа яна. За Верай Цімафееўнай даглядаў яе сын.
«Цёці Веры было 87 гадоў, — кажа Марына. — Яна і вайну перажыла, і муж у яе ваяваў. Яна атрымлівала падвышаную пэнсію як удава вэтэрана вайны. Летась яна ўпала і зламала шыйку сьцягна. Яна ў здаровым розуме, вельмі адэкватная. Прасіла, каб яе па-чалавечы пахавалі ў родных сваіх мясьцінах на Горадзеншчыне».
За суткі да сьмерці ў Веры Цімафееўны паднялася тэмпэратура — да 38 градусаў. Прыходзіў доктар. А трэцяй гадзіне ў наступную ноч яна памерла на руках у сына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму найбольш пагражае COVID-19?«Хуткая прыехала і проста так паставіла дыягназ „вострая сардэчная недастатковасьць“, — кажа Марына. — Відавочных прычынаў сьмерці не было. Яны ведалі, што ў яе станоўчы аналіз на COVID-19, а напісалі першае, што прыйшло ў галаву. Аніякага ўскрыцьця не было. Яны бачаць, колькі чалавеку гадоў, нават ня сталі замарочвацца».
Больш за палову сутак сям’я спрабавала дабіцца, каб цела Веры Цімафееўны было пахавана з улікам яе станоўчага аналізу на COVID-19. Паводле Марыны, з даведкай ад хуткай сям’я мусіла атрымаць яшчэ даведку ад міліцыі. Аднак міліцыянт прыходзіць катэгарычна адмовіўся.
«Усе адмаўляліся яе забіраць, бо каранавірусных хворых забіраюць у морг, там апрацоўваюць і пасьля гэтага накіроўваюць на крэмацыю. А каб апрацаваць, трэба адправіць у морг, а каб адправіць у морг, патрэбная даведка зь міліцыі. А міліцыя ўсё заяўляла, нібыта яны такіх даведак не даюць, — кажа Марына. — Мне прычыну гэтай сытуацыі агучыў участковы, старшы лейтэнант. Ён сказаў: „Ніхто нічога ня ведае, мы ўпершыню сутыкаемся з такой сытуацыяй“. І крычыць мне праз тэлефон: „Я пад страхам сьмерці да вас у каранавірусную сям’ю не пайду“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўтары сотні прызнаных сьмерцяў. Міністэрства здароўя Беларусі апублікавала статыстыку распаўсюду COVID-19Адчаяўшыся знайсьці выйсьце, сям’я перадала ў рытуальнае бюро даведку з прычынай сьмерці «вострая сардэчная недастатковасьць». Цела Веры Цімафееўны праляжала ў кватэры больш за 16 гадзін. На вуліцы было да 23 градусаў цяпла.
«А ўвечары яшчэ прыйшлі правяраць, дзе знаходзіцца нашая цёця Вера!“ — кажа Марына пра тое, як міліцыя спраўджвала, ці выконвае сям’я ўмовы самаізаляцыі. — Чалавеку ў страшным сьне не магло прысьніцца, каб так па-скоцку паставіліся да сьмерці».
Марына вельмі ўзрушаная і самой сьмерцю цёці, і тым, як гэта адбылося.
«Я ўсё дзяцінства там правяла, дзе яна жыла. Гэта вельмі блізкі мне чалавек, — кажа жанчына. — Я гэта ўсё расказваю, каб людзі ведалі, што ў падобнай сытуацыі яны могуць апынуцца. Зьбяруся зь сіламі, можа пасьля 40 дзён, і напішу ў пракуратуру. Няхай там правяраюць, у мяне запісаныя ўсе прозьвішчы — хто і што мне адказваў».
«Супрацоўнікі міліцыі засьведчылі факт сьмерці. Участковы міліцыянт па сваёй ініцыятыве па-за сваімі абавязкамі схадзіў у паліклініку па месцы жыхарства з эпікрызам і атрымаў на рукі мэдычнае пасьведчаньне пра сьмерць грамадзянкі, — паведаміла Радыё свабода прадстаўнік УУС Менгарвыканкама Натальля Ганусевіч. — Дакумэнты былі пакінутыя ў паштовай скрыні, пра што ён паведаміў сваякам памерлай. Сваю часткаў абавязкаў мы выканалі”.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ