Пра карантын ў жаночым Сьвята-Елісавецінскім манастыры распавёў Tut.by ягоны духоўнік Андрэй Лемяшонак. Манастыр закрыты санітарна-эпідэміялягічнай службай сама меней да сярэдзіны траўня.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Каранавірус быў масава выяўлены пасьля Вялікадня, хворыя манашкі ўдзельнічалі ў сьвяточных службах. Усяго ў Сьвята-Елісавецінскім манастыры жывуць 130 манашак, COVID-19 амаль у паловы.
Рэкамэндацыі патрыярха Кірыла адносна службаў падчас пандэміі каранавірусу ў манастыры не былі выкананыя цалкам, бо «мы не Расея, мы Беларусь, трошкі адрозьніваемся», сказаў айцец Андрэй.
Зрабілі толькі адно — пасьля прычашчэньня адмянілі запіваньне вадой з агульных кубачкаў, прычасьце ж адбывалася па-ранейшаму, з аднае лыжачкі, якая нават не апрацоўвалася сьпіртам пасьля кожнага чалавека. Лемяшонак лічыць, што яны «выканалі тыя рэкамэндацыі, якія маглі выканаць. Нельга са сьвецкім сьветапоглядам падыходзіць да праваслаўя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памерла манахіня Сьвята-Елісавецінскага манастыра. У яе быў станоўчы тэст на каранавірусПамерлая манашка Марыя жыла не ў самім манастыры, а на манастырскім падвор’і, займалася градкамі і вінаграднікам. Карантыну там няма, бо ніхто не заразіўся. На пахаваньне манашкі на падворку сабраліся 40 чалавек, «правялі зь любоўю, усё было прыгожа».
Айцец Васіль Лясько, які кожную зіму жыве ў манастыры, прыяжджаючы з Палесься, і захварэў там, паправіўся ўжо, рыхтуецца да выпіскі. Манашка, якую прывезьлі з Глыбокага, таксама ўжо паправілася.
Праз карантын зачыненыя ўсе майстэрні манастыра і царкоўная крама. Засталіся толькі гандлёвыя пункты сястрыцтва, на Камароўцы напрыклад.
Елісавецінскі манастыр не адзіны ў Беларусі, закрыты на карантын у сувязі з пандэміяй. Раней Свабода паведамляла пра манастыры ў Жыровічах, Малых Лядах, Горадні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр харыст эвангельскай царквы «Благадаць» Вадзім Панько. У яго быў COVID-19 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску ад каранавірусу памёр дыякан пратэстанцкай царквы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы рускія, з намі Бог», — як сьвятар з Ганцавічаў натхняў вернікаў у час эпідэміі каранавірусуШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.