Сайт каталіцкага касьцёлу ў Беларусі catholic.by апублікаваў гутарку зь мітрапалітам Менска-Магілёўскім, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. У ёй герарх адказаў на крытыку Касьцёла адносна мер падчас пандэміі.
Старшыня Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі распавёў, што адразу пасьля таго, як стала відавочна, што каранавірус распаўсюджваецца і ў Беларусі, Касьцёл прыняў адпаведныя меры і выдаў неабходныя рэкамэндацыі для сьвятароў і вернікаў.
«Былі адменены такія маштабныя мерапрыемствы, як велікапоснае чуваньне і малітоўная сустрэча моладзі, якія звычайна зьбіраюць вялікую колькасьць удзельнікаў. Перанесены на пазьнейшы час урачыстасьці канфірмацыі і Першай Камуніі ў парафіях. Адменены біскупскія візытацыі і наведваньні парафій. Не праводзіцца катэхізацыя дзяцей у нядзельных школках».
Паводле герарха, у касьцёлах рэгулярна праводзіцца дэзынфэкцыя. Вернікаў сьвятары заклікаюць захоўваць сацыяльную адлегласьць.
На пытаньне, чаму наогул не былі адменены ўсе службы ў касьцёлах, мітрапаліт адказаў, што Касьцёл паўсюль падпарадкоўваецца абмежаваньням, якія ўводзіць тая ці іншая дзяржава падчас пандэміі.
Адаказаў герарх і на крытыку тых вернікаў, якія лічаць любыя захады для прадухіленьня інфэкцыі «недаверам да Бога» і заклікаюць іх ігнараваць.
«Бог нас абараняе ад зла, але Бог даў нам розум, каб мы ім рацыянальна карысталіся. Калі нехта ведае, што заражаны, то, кантактуючы зь іншымі, ён парушае пятую Божую запаведзь — не забівай. Тое самае можна сказаць і пра тых, хто сьвядома і злосна ігнаруе мінімальна неабходныя захады для прадухіленьня інфэкцыі». — заявіў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ