Матч беларускай Другой лігі між футбольнымі клюбамі «Баранавічы» і «Івацэвічы» скончыўся разгромным лікам 9:1. Трэнэр «Івацэвічаў» растлумачыў гэта «Трыбуне» страхам футбалістаў перад каранавірусам, але выданьне знайшло нестыкоўкі ў ягонай вэрсіі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Трыбуна» спытала галоўнага трэнэра івацэвіцкага клюбу Дзьмітрыя Абакумава аб прычынах буйной паразы ў Баранавічах. Ён адказаў:
«Не паехала вялікая частка гульцоў на гульню, бо ў трэнэра „Баранавічаў“ выявілі вірус... Вось і ўсё. Гэта значыць, тыя людзі, якія трэнаваліся, яны не змаглі паехаць. Прыехалі толькі прыежджыя хлопцы, а івацэвіцкіх не было. Нам было забаронена іх браць — практычна ніхто не паехаў», — патлумачыў Абакумаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У трэнэра футбольнага клюба «Баранавічы» выявілі пнэўманію. Але бліжэйшы матч вырашылі не пераносіцьНа пытаньне пра тое, як разумець заяву пра «забарону» браць івацэвіцкіх футбалістаў у Баранавічы, ён сказаў, што «ў Баранавічах проста ўспышка», а футбалістаў не прымусіць ехаць, «калі ў многіх сем’і, бабкі, дзяды». Пасьля ён сказаў ужо не пра забарону, а пра тое, што матч не пасьпелі перанесьці, а калі б клюб ня выйшаў на поле, быў бы штраф.
«Трыбуна» адзначае, што вынік тэсту на COVID-19 у трэнэра Баранавічаў дагэтуль невядомы, хоць той апошні раз быў на трэніроўцы 25 красавіка, а пасьля трапіў у лякарню, дзе 29-га ў яго выявілі пнэўманію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы гуляюць у футбол падчас пандэміі, але атрымаюць дапамогу ад UEFA, як і тыя, хто на карантынеТаксама выданьне адзначае, што стартавыя склады «Івацэвічаў» на матчы супраць «Баранавічаў» і на папярэднім супраць жыткавіцкага «Мэліяратара» (які івацэвіцкі клюб таксама прайграў 0:2) былі практычна ідэнтычныя — тыя ж 9 гульцоў, мяняліся толькі брамнік і адзін з абаронцаў. На матч першага туру супраць «Астраўца» (параза івацэвіцкага клюбу 2:3) таксама выходзіў падобны склад.
Трэнэр «Івацэвічаў» заяўляў таксама, што падобная сытуацыя была з клюбам «Чайка» з Зэльвы: футбалісты пабаяліся ехаць на матч у Пінск праз каранавірус, таму каманда прайграла 0:15. Ды начальнік «Чайкі» заявіў «Трыбуне», што 10 гульцоў не паехалі ў Пінск, бо працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах і былі занятыя на суботніку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ і міні-футбол. Пасьля тэхнічнага перапынку стартуе фінальны раўнд, але без гледачоўШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.