Усе футбольныя спаборніцтвы Таджыкістану прыпыненыя да 10 траўня з прычыны каранавіруснай інфэкцыі, хоць у краіне яшчэ ня выяўлена ніводнага выпадку заражэньня.
Усе футбольныя спаборніцтвы Таджыкістану прыпыненыя да 10 траўня з прычыны пандэміі каранавірусу. Да гэтага першынство краіны не прыпынялася — нароўні з нацыянальнымі турнірамі ў Беларусі, Нікарагуа, Тайвані і Туркмэністане.
«Фэдэрацыя футболу Таджыкістану цалкам падтрымлівае рашэньні рэспубліканскага штабу прафіляктыкі каранавірусу ў краіне аб часовым прыпыненьні грамадзкіх і спартовых мерапрыемстваў, прынятыя сёньня ў мэтах аховы здароўя і бясьпекі насельніцтва», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Фэдэрацыі футболу Таджыкістану.
У сувязі з гэтым Фэдэрацыя футболу Таджыкістану прыняла рашэньне прыпыніць правядзеньне ўсіх спартовых спаборніцтваў па футболе, якія праводзяцца пад эгідай арганізацыі.
Нядзельныя матчы чацьвёртага кола чэмпіянату Таджыкістану сярод каманд вышэйшай лігі яшчэ пройдуць згодна з календаром. Пачынаючы ад пятага туру гульні найвышэйшага дывізіёну будуць часова прыпыненыя.
Паводле апошніх зьвестак, у сьвеце каранавірусам заразіліся больш як 2,8 млн чалавек, зафіксавана больш за 200 тысяч сьмяротных зыходаў.
Згодна з інфармацыяй Унівэрсытэту Джонса Гопкінса, які вядзе падлікі на аснове зводак уладаў краіны, на тэрыторыі Таджыкістану дагэтуль ня выяўлена ніводнага выпадку заражэньня.
У Беларусі футбольны чэмпіянат працягваецца. 30 красавіка распачнецца спаборніцтва жаночага чэмпіянату, якое мелася пачацца 16 красавіка, але было адкладзенае.