Ня толькі парад, але і фаервэрк будзе ў Менску на Дзень Перамогі

Ілюстрацыйнае фота

Ноччу 9 траўня ў Менску зладзяць сьвяточны салют з нагоды Дня Перамогі, расказаў Minsknews.by намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандар Шастакоў.

Шоў плянуюць пачаць у 23.00, задзейнічаць восем агнявых пунктаў. Іншых падрабязнасьцяў не паведамляецца.

На 9 траўня ў Менску заплянаваны таксама вайсковы парад. Аляксандар Лукашэнка пасьлядоўна адмаўляецца яго скасоўваць, нягледзячы на пандэмію каранавірусу і засьцярогі Сусьветнай арганізацыі здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Парад — памылка і злачынства з боку Лукашэнкі». Расейскія дэпутаты не зьбіраюцца ў Менск 

Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня 2019 году ў Менску адбылося надзвычайнае здарэньне — некалькі снарадаў фаервэрку разарваліся занадта нізка, ад раненьня аскепкамі загінула сталая жанчына, яшчэ сама меней тры чалавекі пацярпелі. Суд працягваецца дагэтуль, абвінавачаныя не прызнаюць віны.