Берасьцейскі гарвыканкам у сувязі з эпідэміяй каранавірусу скарэктаваў плян мерапрыемстваў да Дня Перамогі 9 траўня, паведаміў 16 красавіка на брыфінгу старшыня выканкаму Аляксандар Рагачук, піша БелТА.
«Я думаю, мы нікому забараняць у крэпасьць прыходзіць ня будзем, гэта абсалютна не патрыятычна і не па-чалавечы. Але арганізоўваць калёну, нейкія масавыя мерапрыемствы, мітынгі таксама, зь вялікай доляй верагоднасьці, ня будзем», — сказаў Аляксандар Рагачук.
Паводле Рагачука, раней у Берасьця былі «грандыёзныя пляны па правядзеньні сьвята» 75-годзьдзя Перамогі: у прыватнасьці, ужо заключылі дамовы з папулярнымі артыстамі, якія б, пачынаючы з 7 траўня, выконвалі ваенныя песьні на канцэртных пляцоўках гораду. Але ад гэтага давялося адмовіцца.
Паколькі, на яго думку, «ускладаньне кветак, вянкоў — гэта абавязак і прадстаўнікоў улады, і грамадзкасьці», кожны зможа гэта зрабіць у крэпасьці ці іншым аб’екце вайсковай славы.
Сьвяточны салют у крэпасьці таксама будзе. Час салюту ўдакладняць пазьней, і будуць «старацца разгрупаваць людзей», дадаў Рагачук.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ