«А 8-й раніцы мы размаўлялі, а ў 12 яго ўжо ўвялі ў кому» — што вядома пра сьмерць любанскага лекара з COVID-19

Ілюстрацыйнае фота

Шпіталізавалі і жонку памерлага лекара Леаніда Савіча. Яна працуе мэдсястрой у любанскай бальніцы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пра сьмерць 54-гадовага ўрача-рэнтгеноляга зь Любані Леаніда Савіча стала вядома 30 красавіка. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі ў паліклініцы. Па словах пастара любанскай рэлігійнай грамады «Царква хрысьціян веры эвангельскай» Паўла Палазьніка, ён добра ведаў нябожчыка.

Леанід Савіч

«Леанід быў дыяканам нашай царквы, я яго добра ведаў, — кажа Палазьнік. — Мы вельмі даўно былі знаёмыя, 20 гадоў. Ён усе гэтыя гады працаваў у бальніцы. Спачатку тэрапэўтам, потым перавучыўся, стаў урачом-рэнтгенолягам. Леанід вельмі шмат працаваў. Яго вельмі любілі ў паліклініцы, шанавалі ў калектыве. Вельмі станоўчы чалавек. Быў на дошцы гонару ў райвыканкаме. Гэта незаменная страта».

Па словах пастара Паўла Палазьніка, захварэлі таксама жонка Леаніда Савіча і старэйшы сын. Паводле словаў Палазьніка, жонка Савіча цяпер у рэанімацыі. Было падазрэньне на каранавірус і ў малодшага сына лекара, аднак, па словах Паўла, яно не пацьвердзілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр рэнтгеноляг любанскай лякарні з пацьверджаным COVID-19

«Леанід памёр сёньня ўначы. Верагодна, мог заразіцца ў шпіталі. Яны разам з жонкай там працуюць, яна на пасадзе мэдсястры. Увесь час праводзілі на працы. Працоўны дзень — 9 гадзін. Начныя зьмены, дзённыя зьмены. А там кантынгент такі, што... Узровень рызыкі высокі».

Павел кажа, што зь Леанідам Савічам размаўляў апошні раз 19 красавіка. Лекар быў бадзёры і нават праглядаў здымкі ўласных лёгкіх.

«Леанід ужо быў у інфэкцыйным аддзяленьні, было падазрэньне на інфэкцыйную пнэўманію. Сказаў мне, што бачыў свой здымак. Што там нічога страшнага няма, невялікая пляма. А 8-й раніцы я зь ім гаварыў. А ў 12 гадзін дня ён ужо быў у рэанімацыі, яго ўвялі ў кому. Вось і ўсё».

Міністэрства аховы здароўя Беларусі не паведамляе дакладнай статыстыкі выпадкаў захворваньня мэдыкаў на COVID-19, а таксама не дае лічбы сьмерцяў мэдыкаў, у якіх быў выяўлены каранавірус. Апошні раз колькасьць мэдыкаў, хворых на COVID-19, агучыў у сярэдзіне красавіка міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік. Па словах міністра, тады хварэлі 419 чалавек.

Свабода сабрала гісторыі пра лекараў, фэльчараў і мэдсясьцёр, якія загінулі сёлета, ратуючы беларусаў ад новай для чалавецтва хваробы:

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ