Паводле афіцыйнай інфармацыі Мінздароўя, у Беларусі на 29 красавіка 84 чалавекі памерлі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй. Але ў апошні месяц шмат людзей зь іншымі прычынамі сьмерці хаваюць у закрытых трунах. Свабода высьвятляла, як цяпер працуюць рытуальныя агенцтвы краіны.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У Стоўпцах на мінулым тыдні быў усплёск сьмерцяў
Свабода пісала, што ў ноч з 21 на 22 красавіка ў Стоўпцах памерлі 5 чалавек, 23 красавіка як мінімум 6. Прычым у даведках аб сьмерці пісалі дыягназы «сардэчная недастатковасьць» (у 71-гадовых Ядвігі Пархімовіч і Станіславы Жаўняркевіч) і «пнэўманія» (у 52-гадовага інжынэра Алега). Усіх хавалі ў закрытых трунах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За ноч памерлі 5 чалавек». Што адбываецца ў Стоўпцах, дзе ў шпіталі звыш ста хворых на пнэўманіюІ хоць рэдактарка мясцовай газэты «Прамень» Ніна Астрэйка сьцьвярджае, што памерлых з прычыны пнэўманіі, а тым больш каранавірусу, у Стаўпецкім цэнтральным раённым шпіталі няма, колькасьць сьвежых пахаваньняў на могілках наводзіць на іншую думку.
Дырэктар адной з рытуальных службаў Стоўпцаў Вячаслаў прызнае, што ў апошнія пару тыдняў колькасьць памерлых істотна павялічылася.
«15 памерлых за тыдзень — усплёск быў. Амплітуда заўсёды ёсьць — і яна пайшла наверх, гэта не рэкорд. Некалькі гадоў таму было 20 пахаваньняў за адзін дзень — пачатак лета, сьпякота», — узгадвае Вячаслаў.
Ён кажа, што бываюць непаразуменьні з кліентамі, калі людзі, якія замаўлялі пахаваньне, баяліся казаць, што нябожчык і сваякі былі на ізаляцыі.
«У даведцы напісана — сардэчная недастатковасьць. А чалавек быў на ізаляцыі. Нас ніхто не папярэдзіў. Самі людзі баяліся сказаць пра ізаляцыю і падазрэньне на каранавірус, думалі, што мы можам адмовіцца. Наш агент здабыў інфармацыю, бо горад жа малы.
Людзі настойвалі, каб хавалі тэрмінова. А цела павінна асесьці, суткі паляжаць. Яго апрацоўваюць, колюць нейкія лекі, і пажадана суткі цела нябожчыка не чапаць. Мы падвезьлі ўсе тавары, што сваякі замовілі, і аддалі ў морг. А на наступны дзень ужо прыехалі па труну», — кажа дырэктар рытуальнага агенцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Старыя людзі вераць БТ, што ўсё спакойна», — дачка памерлай з COVID-19 у СтоўпцахЁн дадае, што раней дэзынфэкцыю машын рабілі раз на суткі, цяпер — як мінімум тройчы. Сродкі абароны ў супрацоўнікаў заўсёды былі — маскі, пальчаткі.
«І раней у нас было 50 аднаразовых касьцюмаў для эксгумацыі, мы іх не выкарыстоўвалі. Цяпер выдаём сродкі індывідуальнай абароны і гэтыя касьцюмы (халат і бахілы). Хацелі дакупіць — праблема, шукаем, дзе набыць. Пакуль яны ёсьць, але няшмат. 4 пахавальныя брыгады па 4 чалавекі — 16 касьцюмаў патрэбна. Ямы капаюць на могілках без дадатковых сродкаў абароны. А пры пахаваньні яны патрэбныя», — кажа Вячаслаў.
Рытуальнае агенцтва забірае з моргу ўжо гатовыя, закрытыя труны — апрацоўкай цела займаюцца супрацоўнікі моргу.
«Я мяркую, што целы ў моргу апрацоўваюць, кладуць спачатку ў пакет, потым у труну. Таксама ўнутр труны кладуць адзеньне, закрываюць.
Калі ведаем, што чалавек быў у ізаляцыі, ці адразу з моргу атрымліваем закрытую труну, — не адкрываем. Папярэджваем, каб сваякі не настойвалі адкрыць, інакш адмовімся працаваць — на ўсялякі выпадак перастрахоўваемся, бо бясьпека — гэта галоўнае», — кажа Вячаслаў.
Заказчыкі пахаваньня кажуць, куды везьці — міма хаты і спыніцца на пару хвілін побач, у царкву ці адразу на могілкі.
«У гэтыя дні вазілі з моргу ў царкву, адпявалі іх у двары храма. На пахаваньні цяпер мала людзей ходзяць, па некалькі чалавек», — кажа Вячаслаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінздароўя распрацавала рэкамэндацыі, як хаваць памерлых ад каранавірусу
«Ад нябожчыка заразіцца нерэальна»
Кіраўнік аднаго з прыватных рытуальных агенцтваў сталіцы Андрэй таксама кажа, што істотнага росту колькасьці памерлых няма, летась у сакавіку-красавіку яны мелі прыкладна столькі ж замоваў на пахаваньні.
«Нябожчыкаў у закрытых трунах у гэтым месяцы мы хавалі. Вазілі і ў крэматорый, хавалі і на могілках. Але ж інфікаваных таксама і да каранавірусу хавалі — людзей з сухотамі забіралі з тубдыспансэру, хавалі людзей з гепатытамі. Нічога ж не памянялася», — кажа Андрэй.
Ён кажа, што супрацоўнікі агенцтва ведаюць, які дыягназ быў у нябожчыка, бо атрымліваюць даведку аб сьмерці. Праўда, часьцей там пазначана «неўдакладненая пнэўманія», каранавірус быў пазначаны толькі аднойчы. На пытаньне, ці былі адмовы ад працы супрацоўнікаў, ці не баяцца яны, Андрэй адказаў, што спачатку моладзь крыху апасалася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «COVID-19 падзяліў нашае жыцьцё на „раней“ і „пасьля“» — дачка памерлай пра памінальны стол онлайн«Але працу ж рабіць трэба, нікуды не падзенесься. Мы дастаўляем у морг труну, якую ў нас набылі сваякі, усе прыналежнасьці, што яны замовілі.
А цела апрацоўваюць супрацоўнікі морга, кладуць нябожчыка ў труну. У каго падазрэньне на каранавірус — запакоўваюць у мех, апрацоўваюць паводле сваіх інструкцый. Мы забіраем закрытую труну, яе не адкрываем. Мы ж да нябожчыка не дакранаемся, да пакету не дакранаемся — толькі да труны. А ад нябожчыка заразіцца — нерэальна», — перакананы Андрэй.
Раней для разьвітаньня зь нябожчыкам сваякі замаўлялі рытуальную залю. Цяпер — не. Памерлага вязуць проста на могілкі ці ў крэматорый. І на пахаваньнях прысутнічаюць лічаныя адзінкі.
Што тычыцца захадаў бясьпекі, сталі часьцей праводзіць дэзынфэкцыю машын, кажа Андрэй.
«Адмысловых касьцюмаў, падобных да скафандраў, якія паказваюць па тэлевізары, у нас няма. Толькі пальчаткі, маска», — кажа дырэктар рытуальнага агенцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плюс 973 інфікаваныя і 5 сьмерцяў. У Беларусі выявілі 13 181 выпадак COVID-19
«Людзей, якія перахварэлі на COVID-19, дазволена і крэміраваць, і хаваць у зямлю»
Намесьнік начальніка КУП «Спэцкамбінат КБА» Сяргей Тур сьцьвярджае, што пахаваньняў у зьвязку з каранавірусам ня стала больш.
«Калі параўноўваць з пэўным пэрыядам мінулага году, па месяцах, у нас прыкладна такая ж колькасьць і крэмацый, і традыцыйных пахаваньняў у зямлю.
Згодна з рэкамэндацыямі Мінздароўя, людзей, якія перахварэлі на каранавірус, дазволена і крэміраваць, і хаваць у зямлю. Але павінны быць выкананыя ўсе захады мэдычнай бясьпекі. Нашы супрацоўнікі, якія забіраюць труну з моргу і вязуць у крэматорый ці на могілкі, атрымліваюць аднаразовыя пальчаткі, маскі, абаронныя касьцюмы», — запэўніў Сяргей Тур.
Намесьнік начальніка спэцкамбінату патлумачыў, што нябожчыкаў з дыягназам «каранавірус» і «пнэўманія» часьцей крэміруюць. Але забароны хаваць у зямлю няма, падкрэсьлівае ён.
«Калі людзі хочуць пахаваць у зямлю — калі ласка. Але ў асноўным сваякі цудоўна разумеюць, якая склалася сытуацыя з COVID-19, і ў бальшыні выпадкаў яны самі прапануюць зрабіць крэмацыю. Як правіла, калі сваякі хочуць крэміраваць нябожчыка, мы ідзем насустрач, бо крэміраваць трэба ў дзень выдачы цела», — кажа Сяргей Тур.
Доўгіх цырымоній разьвітаньня з кранальнымі прамовамі цяпер няма. На само пахаваньне прыходзяць некалькі самых блізкіх.
Спадар Тур кажа, што бываюць складаныя жыцьцёвыя сытуацыі. Жанчына памерла, дачка была ў шпіталі, іншых сваякоў няма — хаваць няма каму.
«І нам давялося з дазволу дачкі правесьці крэмацыю. А калі дачка паправіцца, то забярэ урну з прахам і пахавае, як палічыць патрэбным», — кажа Сяргей Тур.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ