24 красавіка ў 4-м шпіталі Менску ад каранавірусу на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх памерла маці псыхоляга Тацяны Маладзьянавай спадарыня Людміла, пра гісторыю хваробы якой пісала Свабода. Ёй было 69 гадоў. 26 красавіка яе пахавалі на могілках у Каралёвым Стане. І Тацяна, і Свабода дасылалі міністру аховы здароўя пытаньні наконт інфармаваньня родных пра стан інфікаваных блізкіх. Тыя пытаньні засталіся без адказу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Перад сьмерцю яны нават ня могуць разьвітацца з блізкімі», — казала Свабодзе Тацяна Маладзьянава, калі яе маці яшчэ была жывая. Так і адбылося. Апошні раз Тацяна магла пагаварыць з маці 15 красавіка.
Празь некалькі дзён пасьля сьмерці маці Тацяна Маладзьянава ў Фэйсбуку напісала пра лічбавыя тэхналёгіі і COVID-19, які падзяліў яе жыцьцё на «раней» і «пасьля»:
«Мы падарылі маме яе першы смартфон на гэтае 8 сакавіка і навучылі яе трохі ім карыстацца, тэлефанаваць, абменьвацца па вайбэры фота- і відэаматэрыяламі, размаўляць празь відэасувязь. Так мала пасьпелі... Але ўсё ж паказалі матулі панарамнае фота нашай новай мэблі ў кухні, якую нам толькі скончылі зьбіраць.
Яшчэ на пачатку хваробы пазнаёмілі яе празь відэасувязь з Рубі, дзяўчынкай-шчанём коргі, якую мы купілі... Але Covid-19 падзяліў нашае жыцьцё на „раней“ і „пасьля“.
Мы сутыкнуліся са страшнай рэальнасьцю, немагчымасьцю апошняга разьвітаньня, правядзеньня памінак, адмовай большасьці сьвятароў адпяваць „такіх“ нябожчыкаў... Але мы справіліся. Мая сям’я (муж, тата, цёткі, сёстры, дачка, зяць, сын, сябры) — ператварылі свае сэрцы ў адно вялікае сэрца.
І мы знайшлі сьвятара, атрымалі найлепшае месца на могілках і нават „за памінальным сталом“ былі ўсе разам, арганізаваўшы онлайн-чат, дзе на сувязі былі мае родныя з Магілёва, Бэльгіі, Анталіі, Масквы ды іншых месцаў. Інтэрнэт-тэхналёгіі прыйшлі на дапамогу ў гэтыя самыя цяжкія хвіліны і дапамаглі быць разам з маімі любімымі, адчуваць іх падтрымку і падзяліць зь імі гэты неверагодны боль.
Мы паказалі гэтай заразе „кузькину мать“. Хай Сovid-19 удалося падзяліць нас геаграфічна, але ніяк не душэўна. Я ўдзячная за такія магчымасьці, якія нам даюць онлайн-тэхналёгіі», — пісала Тацяна.
Пасьля яе адчайнага паста з Фэйсбуку 15 красавіка, калі яе маці была ў шпіталі, Тацяна Маладзьянава атрымала вельмі шмат водгукаў, падтрымкі і спачуваньня праз сацыяльную сетку. «Нізкі паклон усім, хто падтрымаў мяне думкамі, словам, малітвай, справамі. Мне прыйшло больш за 2 тысячы паведамленьняў і водгукаў за апошні тыдзень. Прыміце бязьмерную ўдзячнасьць», — напісала жанчына.
Гісторыя хваробы маці Тацяны Маладзьянавай
Паводле Тацяны Маладзьянавай, яе маці заразілася COVID-19 у аддзяленьні кардыялёгіі ў шпіталі хуткай дапамогі, куды трапіла ў сярэдзіне сакавіка з сардэчным прыступам. Як расказвала Тацяна, «маці выпісалася дадому 27 сакавіка з сымптомамі каранавіруснай інфэкцыі, празь дзень яе стан пагоршыўся, і 29 сакавіка яе зноў шпіталізавалі ў кардыялёгію. 4 красавіка яе перавялі ў рэанімацыю ў цяжкім стане з двухбаковай пнэўманіяй. 6 красавіка тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік, і маці тэрмінова адправілі ў 4-ы менскі шпіталь, тэрапэўтычны корпус якога цяпер стаў ізалятарам для каранавірусных хворых».
Тацяна Маладзьянава казала, што самым страшным для яе быў ня толькі COVID-19, але і інфармацыйны вакуўм, бо ў рэанімацыі пацыентам забаронена мець мабільныя тэлефоны. Паводле жанчыны, у аддзяленьне практычна немагчыма датэлефанавацца. Ёй гэта не ўдавалася на працягу многіх дзён і начэй.
«Шпіталі, дзе лечаць інфікаваных на каранавірус, сталі больш закрытымі, чым турмы», — казала яна. Тацяна Маладзьянава падкрэсьлівае, што яна вельмі паважае працу дактароў, якія працуюць у складаных умовах і робяць усё, каб уратаваць жыцьці людзей. Яна заклікала ва ўмовах пандэміі зьмяніць дзейную сыстэму такім чынам, каб родныя маглі ведаць, што адбываецца зь іхнымі хворымі блізкімі, і маглі ім неяк дапамагчы.
Тры пытаньні міністру
17 красавіка на прэсавай канфэрэнцыі міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік паабяцаў бліжэйшымі днямі адказаць на пытаньні, дасланыя яму праз сайт Міністэрства аховы здароўя. Там ёсьць спэцыяльная опцыя — ліст міністру.
У той жа дзень Свабода накіравала міністру аховы здароўя і ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя наступныя тры пытаньні.
- Ці магчыма дазволіць хворым на каранавірус мець мабільныя тэлефоны ў рэанімацыі, каб родныя маглі іх падтрымаць, а ў трагічных выпадках гэта была б адзіная магчымасьць для іх пасьпець разьвітацца праз тэлефон?
- Ці магчыма наладзіць надзейны канал сталай камунікацыі паміж роднымі і дактарамі? Як паказвае практыка, дазваніцца ў аддзяленьні практычна немагчыма. Магчыма, мог бы быць вызначаны пэўны час і адказны работнік, які б мог паведаміць родным наяўную інфармацыю пра хворага (якая ёсьць у кампутары)?
- Ці ёсьць магчымасьці арганізаваць альтэрнатыўны догляд за старымі і маларухомымі хворымі на каранавірус (мыцьцё, кармленьне, пераадзяваньне)? Звычайна рабіць гэта ў шпіталях дапамагаюць родныя. Цяпер ва ўмовах пандэміі шпіталі, дзе лечаць інфікаваных, закрытыя, хворыя ізаляваныя, малодшага мэдычнага пэрсаналу не хапае. Ці ёсьць магчымасьці альтэрнатыўнага догляду, які маглі б арганізаваць самі родныя?
Падобны ліст напісала і Тацяна Маладзьянава. Адказу дагэтуль няма. Тацяна кажа, што калі была б рэакцыя, гэта магло дапамагчы родным іншых хворых на каранавірус.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ