Калі б на БТ адпачатку тлумачылі, што гэта небясьпечна для людзей сталага веку, а ўлады ўвялі карантын, то ўсяго гэтага магло б і ня быць, кажа ў інтэрвію Свабодзе жыхарка Стоўпцаў Вольга, якая пахавала ў чацьвер маці. У жанчыны пацьвердзілі COVID-19.
Станіславе Мар’янаўне Жаўняркевіч быў 71 год. 21 красавіка яна памерла ў стаўпецкай лякарні. А праз два дні яе праводзілі ў апошні шлях. На пахаваньні дазволілі прысутнічаць толькі тром чалавекам. Гэта былі дзьве дачкі і зяць. Муж нябожчыцы з дыягназам COVID-19 лечыцца ў Валожыне.
«Гэта невыносны боль. Маму ведаў увесь горад, а мы нават не змаглі зь ёю па-людзку разьвітацца, — кажа Вольга. — Некаторыя проста прыйшлі пастаяць каля плота, бо падысьці бліжэй было нельга».
«Мама была пад апаратам два тыдні і два дні»
Хвароба ў Станіславы Жаўняркевіч пачалася 26 сакавіка з сухога кашлю. У той жа дзень жанчына пачала прымаць антывірусныя лекі, а ў суботу ў яе зьявілася тэмпэратура, апавядае дачка.
«Назаўтра мы выклікалі „хуткую“. Ёй укалолі лек ад гарачкі і сказалі, што гэта звычайная прастуда, маўляў, ляжыце. Мама не хацела верыць, што ў яе нейкая цяжкая хвароба. Яна казала: „Дзякуй Богу, прастуда пройдзе“. Яна цешыла сябе надзеяй, але мы, дзеці, заўсёды перажываем. Мы купілі ім маскі, антысэптыкі, лекі, мы хацелі верыць у добрае».
30 сакавіка тэмпэратура зьнікла, але вярнулася на другі дзень. Празь некалькі дзён дачка настаяла, каб маці паехала ў лякарню. У жанчыны пацьвердзілі двухбаковую пнэўманію і ўзялі аналізы.
«Адразу вырашылі пакласьці ў інфэкцыйную. Але пакуль яна пахадзіла там з кабінэта ў кабінэт, ёй стала цяжка дыхаць. Яе адразу паклалі ў рэанімацыю. Два дні яна была проста на кіслародзе, бяз штучнай вэнтыляцыі. А ўжо зь пятніцы на суботу, уначы, яе паклалі пад ШВЛ».
Стан Станіславы Мар’янаўны быў стабільна цяжкі, апавядае дачка. Ужо ў першыя дні дзеці пачалі цікавіцца ў лекараў, ці магчыма лячыць маці хлярахінам, які ў многіх краінах ужываецца для лячэньня малярыі і многімі лекарамі прызнаны як эфэктыўны сродак, які дапамагае хворым на COVID-19.
«Гэты прэпарат лепш рассмоктвае ўсё ў лёгкіх. Спачатку сказалі, што да станоўчага тэсту хлярахін даваць ня будуць. Пасьля другога, калі вірус пацьвердзіўся, сказалі, што ў лякарні такога леку няма. Мы самі яго набылі за мяжой і прывезьлі ў лякарню».
Станіслава Жаўняркевіч ляжала пад апаратам штучнай вэнтыляцыі лёгкіх 16 дзён. За дзень да сьмерці лекар паведаміў дачцэ, што стан пагаршаецца і што ўзьнікла праблема з ныркамі.
«Ён сказаў, што 10 чалавек на апаратах [штучнай вэнтыляцыі лёгкіх] і што практычна ўва ўсіх бяда з ныркамі. Днём у аўторак маму пачалі рэанімаваць, а праз 2 гадзіны праз тэлефон сказалі, што яе больш няма».
«Толькі сёньня на праваслаўным баку выкапалі 6 ямаў для магілаў»
Вольга кажа, што не вінаваціць мясцовых лекараў. Але яна ня можа зразумець, чаму вялікая сьмяротнасьць пачалася менавіта з аўторка і чаму хлярахін, які ў Італіі давалі хворым на раньніх стадыях, у Стоўпцах яе маці далі толькі пасьля значнага пагаршэньня стану.
«Мы сёньня раніцай былі на могілках. Толькі сёньня на праваслаўным баку выкапалі 6 ямаў для магілаў. Мы падыходзілі і пыталіся. Сказалі, што чакаюць хворых з „гэтай хваробай“. Учора на каталіцкім баку, дзе маму хавалі, было 3 або 4. Што адбываецца?»
У пасьведчаньні аб сьмерці Станіславы Мар’янаўны запісалі сардэчную недастатковасьць. Калі зяць памерлай задаў пытаньне ў моргу, чаму не каранавірус, то яму патлумачылі, што гэта ўсяго толькі спадарожная хвароба.
«Лекар сказаў, што, на жаль, у апошні дзень у яе пачало здаваць і сэрца, а каранавірус — гэта проста вірус, і што яго запішуць у гісторыю хваробы, але не ў пасьведчаньне аб сьмерці. Маме не патрэбныя былі ніякія апэрацыі ў сувязі з сэрцам. Калі б не каранавірус, то яна магла б пажыць даўжэй. Як гэтую статыстыку вядуць увогуле? Але калі даць па чэрапе і ён разломіцца — вінаваты ж ня чэрап, а той, хто ўдарыў. А ўдарыў каранавірус».
Паводле Вольгі, памерлым у Стоўпцах ня пішуць COVID-19 як прычыну сьмерці.
«Нічога нікому не дакажаш. Асабліва ў нашых Стоўпцах».
«Цяпер трэба ратаваць тату»
Цяпер у валожынскім шпіталі з дыягназам COVID-19 лечыцца тата Вольгі. Яго мэдыкі забралі як першы кантакт. Каранавірус пацьвердзіўся адразу.
«Цяпер трэба ратаваць тату. Дазваніцца туды немагчыма. У таты цукрыца. Там толькі адзін від інсуліну, мы завезьлі той, што яму трэба. Вось табе і шпіталь. Дазваніцца туды немагчыма. Знайшла мабільны інфэкцыйнай, але мэдсястра моцна спалохалася. Заблякавалі мой нумар. Я ўзяла мужаў тэлефон і пазваніла. Адразу паднялі. Адказалі, што зь лекарам паразмаўляць нельга. Я званіла тату і празь яго пра ўсё даведвалася».
Бацька, з словаў дачкі, доўгі час ня верыў, што каранавірус — гэта нешта небясьпечнае. Актыўна выходзіў у горад, хадзіў па крамах бяз маскі і пальчатак.
«Мама старалася нікуды не хадзіць. А тата глядзеў БТ і казаў: „Прэзыдэнт сказаў, што няма гэтага ў нас“. І ён ня слухаўся, рабіў сваё. А менавіта недалёка ад іх жыла кандуктарка, якая лічыцца першым выяўленым пацыентам з каранавірусам у Стоўпцах. Яны хадзілі ў тую ж краму. Я тлумачыла тату, а ён называў мяне панікёркай. Калі б ужо тады па тэлевізары пачалі тлумачыць, што ёсьць вялікая рызыка для старых людзей, мой тата таксама б спалохаўся. І палова пэнсіянэраў сядзела б дома. Мы б вазілі ім усе прадукты, пакідалі пад дзьвярыма. Але старыя людзі вераць БТ, што ўсё спакойна. Цяпер тата разумее небясьпеку і кажа: „Не пускай хаця дзяцей, нікуды не хадзі“. Калі бяда здарылася, то ён гэта зразумеў. Пачаў верыць нам, а не БТ».
Тэсты ў самой Вольгі і яе сястры не пацьвердзілі каранавірус. Аднак ніхто, паводле яе, больш і не цікавіўся яе самаадчуваньнем і не кантраляваў стан пасьля першага тэсту. Цяпер Вольга дома, даглядае дзіця на выхаваўчым адпачынку. Сястра ходзіць на працу.
«Калі б увялі карантын, не было б такога»
На думку Вольгі, улады мусілі цэнтралізавана ўводзіць абмежаваньні, каб запаволіць распаўсюд каранавірусу. Яна прыводзіць у прыклад пэўныя прадпрыемствы ў Стоўпцах, дзе рабочым мераюць на прахадной тэмпэратуру і не пускаюць на працу, калі тэмпэратура павышаная.
Як процілеглы прыклад яна згадвае ўчорашняе пахаваньне, калі супрацоўнікі рытуальнага агенцтва бяз масак і пальчатак бралі рукамі труну, хоць сваякам забаранілі да яе набліжацца. Сёньня яна сустрэла на могілках аднаго з рабочых той жа кампаніі. Гэтым разам ён быў у пальчатках і масцы, сказаў Вользе, што яны дэзынфікуюць аўтобусы, але многія і так ня вераць у каранавірус.
«Чаму старшыня райвыканкаму не зьбярэ ўсіх дырэктараў фірмаў і прадпрыемстваў і ня скажа, што сытуацыя складаная? Каб усе кантралявалі, каб адпускалі дадому хворых. У такой сытуацыі трэба думаць пра найслабейшых. Яны ж пад рызыкай. Трэба было зрабіць нашэньне масак абавязковым. Людзі і далей ходзяць бязь іх, мо палова, і кажуць, што маскі не дапамагаюць. Вам мо не дапаможа, але калі вы носьбіт, то дапаможаце старому чалавеку, у якога ёсьць дзеці. Я не разумею такіх людзей. Гэта безадказнасьць».
Як даведалася Свабода, сёньня работнікам Стаўпецкага райвыканкаму паведамілі, што суботнік 25 красавіка можа адбыцца на працоўным месцы і хто не жадае на яго прыходзіць, то ня мусіць. Жыхары гораду паведамляюць, што ў пад'ездах дамоў праводзіцца дэзынфэкцыя.
Дапамогу для стаўпецкай лякарні зьбіраюць валянтэры з ініцыятывы «COVID-19. Стоўпцы», у якую ўвайшлі мясцовыя жыхары і ўраджэнцы раёну. За сабраныя грошы набываюць маскі, рэсьпіратары, антысэптык, касьцюмы ПЧК, харчы і ваду і перадаюць мэдыкам, санэпідэмстацыі і хуткай дапамозе. Далучыцца да збору сродкаў можна праз краўдфандынг-плятформу «МолаМола».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ