Мясцовыя жыхары расказваюць, што шпіталізавалі ўладыку проста зь велікоднага набажэнства. У саборы было вельмі шмат людзей.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
20 красавіка стала вядома пра шпіталізацыю архіяпіскапа Наваградзкага і Слонімскага Гурыя. Цяпер ён знаходзіцца ў адным са шпіталяў Горадні.
За некалькі дзён да хваробы Гурыя «Новогрудские епархиальные ведомости» апублікавалі гутарку з уладыкам Гурыем, у якой ён шмат гаварыў пра пандэмію каранавірусу.
«Такое рашэньне прынята Сьвятым сынодам Расейскай праваслаўнай царквы. Думаю, прадпісаныя гэтыя празьмерныя сродкі засьцярогі збольшага для таго, каб мінімізаваць панічныя настроі, — такім чынам Гурый выказаў сваё стаўленьне да ўведзеных кіраўніцтвам БПЦ санітарных нормаў падчас набажэнстваў. — На жаль, паніка, штучна разьдзіманая вакол каранавірусу, наносіць значна большую шкоду, чым сам вірус.
Вядома, казаць, што гэта захворваньне бясьпечнае, нельга. Любая інфэкцыя небясьпечная. Аднак, паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі здароўя, цяпер ва ўсім сьвеце лідэры ў прычынах сьмерці ад хваробы сухоты, гепатыт, пнэўманія. Каранавірус жа толькі на 17-м месцы. Тым ня менш выконваць гігіенічныя правілы неабходна».
Прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін у камэнтары «Нашай ніве» пацьвердзіў, што Гурый сапраўды знаходзіцца ў лякарні. Ён адзначыў, што ня ведае прычыны, а калі б і даведаўся, то не сказаў бы з этычных перакананьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Архіяпіскап Наваградзкі і Слонімскі Гурый у рэанімацыі з падазрэньнем на каранавірусЯк стала вядома Свабодзе зь некалькіх крыніц, архіяпіскап Гурый захварэў яшчэ да велікоднага набажэнства. Ён некалькі дзён правёў у лякарні, пасьля знаходзіўся на лячэньні дома. Аднак у ноч з 18 на 19 красавіка Гурый вырашыў правесьці сьвяточную службу ў жыровіцкім храме.
«Архіяпіскап Гурый, наш уладыка, яшчэ да гэтага выпадку ляжаў у бальніцы, — расказаў Свабодзе жыхар Жыровічаў. — А потым абвясьцілі, што ў нас будуць велікодную службу здымаць, тэлевізія прыедзе. Гурый таксама прыехаў на службу, я яе сам глядзеў па тэлевізары. Уладыка дрэнна прамаўляў, а потым увогуле зьнік. Іншы бацюшка стаў весьці набажэнства. Чаму ўладыку адпусьцілі зь лякарні, хто за гэта адказны будзе, невядома».
У нядзелю і панядзелак у Жыровічах мэдыкі шукалі магчымых хворых. Па мястэчку ходзяць чуткі і пра 100 ізаляваных, і пра 150. Старшыня мясцовага сельсавету Дзьмітры Нагула ў размове са Свабодай пацьвердзіў, што мэдычныя захады рабіліся, але надзвычайных мераў у Жыровічах пакуль не прымалі. Школа, дзіцячы садок, іншыя ўстановы — усё працуе ў звычайным рэжыме. Мясцовыя жыхары расказваюць крыху іншую вэрсію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Павел: «Устрымайцеся ад наведваньня храма, не хадзіце на могілкі на Вялікдзень і Радаўніцу». ВІДЭА«Сэмінарыстаў усіх павезьлі на праверку, дзіцячы садок у нас закрыты на карантын, — расказаў Свабодзе адзін з жыхароў мястэчка. — Улады мясцовыя самі рашэньне прымаюць такое. Школа працуе, але ўчора ў першую клясу прыйшлі тры чалавекі. То бацькам сказалі, каб не хадзілі дзеці больш пакуль, хаця б зь першай клясы. Студэнты з нашага аграрнага каледжу былі на начной службе, супрацоўнікі некаторыя таксама. Ведаю, што некаторых адпраўляюць у адпачынкі за свой кошт цяпер. Улады варушацца, спрабуюць прымаць меры».
Як расказваюць жыхары Жыровічаў, на сьвяточнай імшы ў ноч з 18 на 19 красавіка было вельмі шмат людзей. У тым ліку навучэнцаў мясцовага аграрна-тэхнічнага каледжу. Аднак навінаў пра захворваньне на каранавірус некага зь мясцовых пакуль няма. Тое самае Свабодзе расказалі ў Жыровіцкім сельсавеце.
«Пра выпадкі хваробы сярод мясцовых пакуль не было інфармацыі, — гаворыць жыхар Жыровічаў. — Быццам бы ўсё нармальна. З атачэньня архіяпіскапа, магчыма, ходзяць чуткі. А пра мясцовых пакуль нічога. Хаця служба, адкуль Гурыя павезьлі ў шпіталь, адбывалася ў нас тут. І людзей было даволі шмат. Увогуле ў нас тут шмат наведнікаў з усёй Беларусі, прыяжджаюць людзі ў манастыр. Бачыў, што яны ў масках часткова, кіроўцы аўтобусаў. Мясцовыя людзі таксама пачалі насіць. А я з дому ўжо два тыдні дакладна не выходжу. З суседзямі толькі размаўляю».
Выканаўца абавязкаў рэктара Менскай духоўнай акадэміі, протаярэй Генадзь Логін для камэнтароў пакуль недасяжны.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ