Беларуская фэдэрацыя футболу адклала старт чэмпіянату краіны сярод жаночых камандаў, першы тур якога павінен быў пачацца 16 красавіка.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Рашэньне прынялі ў сувязі з тым, што некалькі футбалістак, якія бяруць удзел у турніры, кантактавалі з магчымымі носьбітамі вірусу COVID-19. У адпаведнасьці з рашэньнем ураду такія асобы ад 8 красавіка павінны знаходзіцца ў самаізаляцыі», — гаворыцца на сайце фэдэрацыі.
Ці зьвязана гэтае рашэньне з тым, што з прычыны эпідэміі губляецца цікавасьць да футболу? У прэс-службе фэдэрацыі ніякіх камэнтароў не далі, апроч інфармацыі, разьмешчанай на сайце. На пытаньне, футбалісткі якіх клюбаў кантактавалі з магчымымі носьбітамі вірусу, параілі зьвярнуцца ў клюбы.
У бабруйскім футбольным клюбе «Бабруйчанка» сказалі, што кантактных там няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старт футбольнага першынства сярод жанчын адкладзены: футбалісткі мелі кантакт з носьбітамі COVID-19Магчыма, чэмпіянат адклалі таму, што губляецца цікавасьць да жаночага футболу? — запытаў карэспандэнт.
«Не таму, найперш гэта зьвязана зь бясьпекай людзей. Калі адклалі, то на гэта былі падставы. Калі сытуацыя ўтрасецца, можна працягваць. Вельмі разумнае рашэньне. А мы чакалі з такім інтарэсам, бо нідзе не гуляюць у жаночы футбол, у Беларусі гулялі б, і была б прыцягнутая ўвага.
Я думаю, гэта часова і тыдні праз два чэмпіянат адновіцца. Мы вельмі на гэта спадзяёмся, бо ўсе каманды рыхтаваліся і былі ў прадчуваньні пачатку чэмпіянату. У нас жа карантыну няма, таму мы трэніраваліся, рыхтаваліся, настройваліся на барацьбу. Народ, канечне, самаізалюецца, але відэатрансьляцыі многія б глядзелі», — сказаў карэспандэнту Свабоды трэнэр Мікалай Касаткін.
У прэс-службе футбольнага клюбу «Днепр-Магілёў» сказалі, што футбалісткі сёньня бралі ўдзел у фатасэсіі і «ўсе ў страі, у нас усё ў парадку».
«Пакуль невядома, да якога чысла адкладзены чэмпіянат, але мы да яго рыхтаваліся. Мы плянавалі заўтра ехаць на гульню ў Менск».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чэмпіянат цікавы, людзі глядзяць». Міністар спорту ня бачыць прычыны прыпыняць футбольныя матчыСтаршыня футбольнага клюбу «Менск» Ігар Шлойда сказаў, што ў іхнай жаночай камандзе няма футбалістак, якія б кантактавалі з магчымымі носьбітамі вірусу.
«Цікавасьць да футболу ніколі не губляецца. Армія заўзятараў усё большая з кожным годам. Мы рыхтаваліся, мы настройваліся на сэзон, і ня толькі мы. Спартоўцы ўсюды аднолькавыя, ім хацелася спаборнічаць, ставілі сабе задачу. Вядома, перажываюць. І заўзятары чакалі гэтага сэзону, каб паглядзець, як гуляюць любімыя каманды. Але сытуацыя ў сьвеце неардынарная».
Дырэктар цэнтру алімпійскага рэзэрву па футболе Белдзяржунівэрсытэту Ўладзімер Пігулеўскі сказаў, што ў жаночай камандзе таксама «пакуль няма» спартовак, якія б кантактавалі з магчымымі носьбітамі вірусу.
«Нагуляемся яшчэ і ў траўні, чаго сьпяшацца. Ні надвор’я, ні палёў, нічога не гатова».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ