На нарадзе зь міністрам аховы здароўя і шэрагам чыноўнікаў 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг выказваньняў пра пандэмію каранавірусу:
- «Гэты псыхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусьцілі рукі. І ў лякарнях перасталі змагацца за сваё жыцьцё».
- «Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ». І не паміраў.
- «Мы ўжо знайшлі камбінацыі лекаў, каб ратаваць людзей» ад COVID-19.
- «У нас няма ніякай самаізаляцыі», «гэта фактычна амбуляторнае лячэньне».
- «Самаізаляцыя аж на 14 дзён» не патрэбна.
- «Мы дарогу да храма нікому не закрываем». «Я буду ў царкве. Гэта мая традыцыя. Я рэдка бываю, але на Раство і Вялікдзень я заўжды ў царкве».
- Беларускія СМІ «трэба кантраляваць». «І Камітэту дзяржбясьпекі больш жорстка тут, і міліцыі, і Мінінфарм няхай глядзіць за ўсімі».
Вечарам 13 красавіка дзяржаўны тэлеканал СТВ паказаў яшчэ адзін урывак з нарады. На ім Аляксандар Лукашэнка расказвае, што «мы практычна зьвялі да мінімуму» вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі ў краіне, «яны пайшлі ўніз, на спад». Ён казаў, што бачыць з графікаў, што колькасьць пнэўманіяў павялічылася ў апошнія тры дні, але пасьля стала спадаць:
«Пнэўманіі павялічваліся, але, што паказальна, апошнія тры дні, вось я пра Віцебск беднага гэтага Шарстнёва кожную раніцу дапытваю, ён ужо, напэўна, ня сьпіць начамі, — казаў Лукашэнка. — У яго 3-4 дні таму дадавалася пнэўманіяў, 280 нават было за суткі. Зараз у 2,5 разы зьнізілася. І ўжо вось трэція суткі ў яго трымаюцца ўнізе. І гэта нашая паўночная Віцебская вобласьць. Тое ж самае ў Менску, добрая тэндэнцыя. То бок зьніжаецца вось гэтых пнэўмахворых людзей кожныя суткі».
За два дні да таго міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік расказваў, што ў Віцебску «каля тысячы пнэўманій на сёньня, летась пікавае значэньне ў Віцебску было ў раёне 600».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 29 памерлі. У Беларусі прызналі 2919 выпадкаў COVID-19, за дзень плюс 341 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ратуе сьвет ад каранавірусу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каранавірус» у 46 разоў больш папулярны, чым «Лукашэнка». Што беларусы шукаюць у Google пра каранавірусШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.