Найбольш пра каранавірус беларусы пыталіся 3 красавіка, калі ў Беларусі быў 351 выпадак заражэньня і 4 сьмерці. Найчасьцей інфармацыю пра каранавірус і пнэўманію шукаюць жыхары Віцебскай вобласьці.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Запыт «каранавірус» у пошукавіку google ад Беларусі цяпер звышпапулярны — мае адзнаку больш за 90 балаў па папулярнасьці.
Напрыклад, 28 лютага, калі ў Беларусі выявілі першы выпадак заражэньня, гэты паказчык быў 54 балы. Статыстыка паказвае, што тады быў уздым пошуку пра каранавірус, а далей пачаўся паступовы спад.
Тады ж, 28 лютага, у пошукавіку часта пыталіся пра каранавірус у дзяцей, пазьней гэтыя запыты пайшлі на спад. Такія запыты, як «праблемы з дыханьнем» ці «каранавірус у катоў і сабак», сустракаюцца адзінкава.
Найбольш з запытам «каранавірус» беларусы зьвярталіся да пошукавіка 3 красавіка (100 балаў папулярнасьці). Тады ў Беларусі яшчэ быў 351 выпадак заражэньня і 4 сьмерці ад інфэкцыі. У гэты дзень статыстыку па захворваньнях сьпярша падаў Аляксандар Лукашэнка, а потым Міністэрства аховы здароўя.
Што шукаюць разам з каранавірусам
Разам са словам «каранавірус» беларусы шукаюць у Google такія словы, як:
- Беларусы
- Італія
- Сымптом
- Статыстыка
- Кітай
ТОП запытаў пра каранавірус ад Беларусі выглядае наступным чынам:
- Беларусь каранавірус
- Каранавірус навіны
- Каранавірус у Беларусі
- Coronavirus
- Каранавірус Менск
Сымптомы ў гэтай статыстыцы толькі на 14 месцы, а статыстыка па захворваньнях — на 16-м. Таксама ў папулярных запытах:
- Каранавірус у Віцебску
- Каранавірус у Італіі
- Каранавірус мапа
- Каранавірус у Кітаі
- Каранавірус у сьвеце
- Каранавірус і пнэўманія
Такім жа папулярным запытам у пошукавіку стала «пнэўманія». Пік пошуку таксама прыпаў на 3 красавіка. Разам зь ёй шукаюць:
- Пнэўманія без тэмпэратуры
- Вірусная пнэўманія
- Пнэўманія сымптомы
- Нетыповая пнэўманія
- Пнэўманія — гэта...
У якіх рэгіёнах найбольш шукаюць інфармацыю пра каранавірус
Найбольш пра захворваньне пытаюцца ў пошукавіка жыхары Віцебскай вобласьці, на другім месцы Магілёўская вобласьць, потым — Горадзенская, за ёй Менская і Гомельская. «Пнэўманію» больш шукаюць у Віцебскай вобласьці, за ёй ідуць Менская, Горадзенская, Магілёўская і Гомельская.
Агулам па Беларусі каранавірус у пошуку абганяе і Лукашэнку — у 46 разоў, і футбол, падаткі, выбары — у 90 разоў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ