У Асіповічах стануць аб'яўляць і падпісваць аўтобусныя прыпынкі па-беларуску

Асіповічы, архіўнае фота

Прадстаўніца ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Аліна Нагорная расказала Свабодзе пра вынікі разгляду звароту да асіповіцкіх уладаў аб назвах аўтобусных прыпынкаў на беларускай мове.

У адказе на зварот удзельніка суполкі «Ўмовы для мовы» Івана Пятрова, які Нагорная перадала рэдакцыі, першы намесьнік старшыні Асіповіцкага райвыканкаму Сяргей Ананіч адзначае, што дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі зьяўляюцца беларуская і расейская, але ў правілах аўтамабільных перавозак пасажыраў мова гукавай абвесткі аб прыпынку не рэглямэнтаваная, а ў правілах афармленьня «збудаваньняў стацыянарных пасажырскіх» напісана, што надпісы выконваюцца на беларускай або расейскай мовах.

Аднак па выніку разгляду звароту Асіповіцкі аўтапарк вырабіў шыльды ў назвамі прыпынкаў на беларускай мове на ўсіх гарадзкіх маршрутах, а дырэктар аўтапарку «ўказаў на неабходнасьць» усім кіроўцам аўтобусаў абвяшчаць прыпынкі па-беларуску.

Асіповічы — горад на захадзе Магілёўскай вобласьці з насельніцтвам 31,3 тысячы чалавек. Аліна Нагорная нядаўна таксама атрымала адказ пра беларускую мову на квітках у транспарце Магілёўскай вобласьці — намесьнік старшыні аблвыканкаму паведаміў, што цяпер у філіях «Аблаўтатрансу» замяняюць квіткі на беларускамоўныя, а цалкам пяройдуць на іх да 1 чэрвеня, калі скончацца расейскамоўныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі зьявіліся беларускамоўныя аўтобусныя квіткі, на чарзе гарады Магілёўскай вобласьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мова эканом-клясы. Беларуская чыгунка адмовілася рабіць абвесткі па-беларуску ва ўсіх цягніках