У беларускім Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях ёсьць артыкул 9.22 — за парушэньне заканадаўства аб мовах могуць аштрафаваць на 4–10 базавых велічыняў (цяпер гэта 108–270 рублёў). Ды карыстаюцца гэтым артыкулам нячаста.
Юрыст Ігар Случак, прадстаўнік ініцыятывы «Ўмовы для мовы» расказаў Свабодзе, што атрымаў ад Міністэрства ўнутраных справаў статыстыку пакараньняў паводле арт. 9.22 КаАП РБ. За апошнія 5 гадоў да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі 9 чалавек:
- 2016 год — 1 асоба;
- 2017 год — 4 асобы;
- 2018 год — 3 асобы;
- 2019 год — 1 асоба;
- ад 1999 году да 2015-га — 0 асобаў.
Сам Случак прыцягнуў 4 чалавек да адказнасьці паводле арт. 9.22 — ён кажа, што рабіў гэта, каб паказаць, што такі мэханізм абароны моўных правоў у прынцыпе існуе, што ім можна карыстацца пры неабходнасьці. Менавіта ён у 2016 годзе адрадзіў гэтую практыку — і атрымаў у інтэрнэце мянушку «моўны інспэктар».
«Са статыстыкі бачна, што беларусафобамі і расейскімі СМІ разьдзьмутая праблема пакараньня паводле моўнага артыкулу, — кажа ён. — За 20 гадоў прыцягнутыя толькі 9 чалавек — гэта тыя людзі, якім давалі па дзесяць прапановаў адумацца, выбачыцца, прыбраць абразьлівы камэнтар і гэтак далей. То бок у іх абраза беларускай мовы была прынцыповай пазыцыяй».
Прыцягнуць да адказнасьці можна і тых, хто патрабуе не размаўляць па-беларуску ў публічнай сфэры, і тых, хто ў сацсетках абражае нейкую мову (у артыкуле КаАП — «дзяржаўныя і іншыя нацыянальныя мовы»). Для тых, хто хоча абараніць моўныя правы, Ігар Случак і Аліна Нагорная выдалі папяровы дапаможнік «Абаронім мову», а таксама інструкцыі ў інтэрнэце.