Беларуская чыгунка выдала мабільную праграму «БЧ. Мой поезд» для Android і iOS. Празь яе можна глядзець расклад цягнікоў і купляць квіткі. З квіткамі заўважылі незвычайны аспэкт: яны могуць быць на беларускай мове.
На гэта зьвярнула ўвагу паліттэхноляг Аліна Нагорная: яна піша, што беларускамоўныя квіткі зьявіліся ўпершыню. Але каб іх набыць, трэба, каб у самім тэлефоне быў уключаны інтэрфэйс па-беларуску (пераключэньне моваў ёсьць у наладах самой праграмы, але на момант публікацыі не спрацоўвае — калі інтэрфэйс тэлефона на ангельскай ці расейскай мове, і праграма будзе на ангельскай ці расейскай).
Купіць беларускамоўны квіток праз сайт Беларускай чыгункі (БЧ) на момант публікацыі немагчыма: сайт мае інтэрфэйс па-беларуску, але выдае квіткі толькі на расейскай.
Беларускамоўны квіток можна таксама атрымаць і ў «фізычных» касах БЧ, але толькі на цягнікі эканом-клясу. Хоць па змаўчаньні там друкуюць расейскамоўны квіток, кажуць, што на просьбу даць беларускамоўны квіток адказваюць згодай.
У жніўні БЧ праводзіла інтэрнэт-апытаньне пра ўжываньне беларускай мовы сярод пасажыраў, але яго вынікі засакрэціла.
На думку Нагорнай, зьяўленьне квіткоў па-беларуску стала магчымым дзякуючы «ўсім, хто пісаў звароты».