Беларуская мова ўжываецца толькі ў рэгіянальнай эканом-клясе, а ў астатніх цягніках з аўтаматычнай сыстэмы інфармаваньня гучыць расейская.
Намесьнік начальніка Беларускай чыгункі Андрэй Якабсон даў адказ на зварот з сайту Petitions.by аб ужываньні беларускай мовы ў аўтаматычнай сыстэме інфармаваньня ў цягніках.
У звароце адзначалі, што беларуская мова гучыць толькі з сыстэмы інфармаваньня цягнікоў рэгіянальных лініяў эканом-клясы. Патрабавалі распрацаваць беларускамоўную сыстэму для гарадзкіх, міжрэгіянальных і рэгіянальных лініяў бізнэс-клясы, а таксама надаць моц нарматыўным дакумэнтам, якія б замацавалі выкарыстаньне беларускай мовы ў агучцы.
Якабсан у адказе на зварот пацьвердзіў, што беларуская мова ўжываецца толькі ў рэгіянальнай эканом-клясе, а ў астатніх цягніках з аўтаматычнай сыстэмы інфармаваньня гучыць расейская. Гэта, тлумачыць ён, не парушае беларускага заканадаўства:
- дзяржаўнымі мовамі ёсьць беларуская і расейская;
- закон «Аб мовах» дазваляе ўжываць на транспарце, у гандлі і абслугоўваньні як беларускую, так і расейскую мову.
Іншых аргумэнтаў за цяперашні стан або супраць прапановы з пэтыцыі, якую падпісалі 470 карыстальнікаў, Якабсон не назваў.