Аляксандар Лукашэнка 13 красавіка прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка, старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву і старшыню сваёй адміністрацыі Ігара Сергеенку. На сустрэчы прысутнічаў і дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.
На сустрэчы, перадае БелТА, Лукашэнка сказаў, што хацеў бы абмеркаваць «будучыя мерапрыемствы, у прыватнасьці палітычныя і вайсковыя», таму цікавіцца, «якая сытуацыя на фронце аховы здароўя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ»
«Гэты псыхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусьцілі рукі»
Лукашэнка падкрэсьліў, што яго цікавіць ня толькі тое, як «разварочваецца ці ўжо зварочваецца псыхоз з каранавірусам», але і сытуацыя зь іншымі хваробамі.
Ён падзякаваў лекарам, якія «начуюць і днююць у шпіталях, лечаць людзей у гэты няпросты пэрыяд», а таксама зьвярнуўся да людзей у стацыянарах:
«Апошнім часам мне паступае інфармацыя, што вось гэты псыхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусьцілі рукі, — казаў Лукашэнка. — І ў лякарнях перасталі змагацца за сваё жыцьцё. Міністар ведае, што такое, калі чалавек перастае змагацца за жыцьцё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А ён, небарака, ня вытрымаў». Лукашэнка пракамэнтаваў першую ў Беларусі сьмерць інфікаванага каранавірусам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А як можна жыць са 135 кіляграмамі вагі?» Сын памерлага ад COVID-19 пэнсіянэра адказаў уладам«Ужо перагнулі з гэтымі маскамі»
Лукашэнка анансаваў паездку на вытворчасьці абарончых мэдычных сродкаў — паабяцаў спытаць, «ці круглыя суткі яны працуюць і шыюць маскі», бо цяпер маскі, бахілы і іншыя такія прадукты «каштуюць вялікіх грошай». Пры тым ён сьцьвярджае, што іх Беларусі «ўжо прапануюць розныя краіны».
На думку Лукашэнкі, «мы ўжо таксама перагнулі з гэтымі маскамі». Ён сьцьвярджае, што 12 красавіка езьдзіў па Менскай вобласьці (сам быў за рулём) і нібыта бачыў аднаго чалавека з маскай на твары. З гэтага ён зрабіў выснову, што «мы ўжо людзей перанапружылі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маск двума словамі адказаў, ці дарыў Лукашэнку «Тэслу»«Ня трэба людзей заганяць у кватэры»
Лукашэнка казаў, што хоць у Беларусі ня ўводзілі карантыну, «цяпер людзей, якія бязьдзейна бадзяюцца, на вуліцы няма», і «ня трэба іх заганяць у кватэры, замыкаць іх там».
Ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, перадае і іншыя выказваньні Лукашэнкі з нарады. Паводле каналу, Лукашэнка заявіў, нібы «чыста ад каранавірусу ніводзін чалавек не памёр», бо каранавірус гэта «атмасфэра, у якой разьвіваюцца іхныя хранічныя хваробы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка сваімі заявамі зноў абнуліў імідж Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Коды U07.1 і U07.2. Як робяць мэдыцынскія заключэньні пра сьмерць ад СOVID-19 у ЭЗ і БеларусіШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.