Выбралі «стратэгію зьмякчэньня наступстваў». Акрамя Беларусі, цяпер так робіць толькі Швэцыя, дзе пры амаль такім самым насельніцтве, што ў Беларусі, памерлі ўжо 793 пацыенты.
Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік расказаў 9 красавіка, чаму ў Беларусі абралі «стратэгію зьмякчэньня наступстваў» каранавірусу замест «стратэгіі стрымліваньня», піша БелаПАН.
Паводле Караніка, краіны «пэрыядычна пераходзяць з адной стратэгіі на другую або мяняюць яе ў працэсе прапрацоўкі», але «стратэгіі стрымліваньня» цяпер не прытрымліваюцца толькі дзьве краіны Эўропы: Беларусь і Швэцыя.
«Стратэгія стрымліваньня» накіраваная на «татальнае разлучэньне людзей», сказаў Каранік, і выкарыстоўваецца, каб запаволіць распаўсюд інфэкцыі і даць сыстэме аховы здароўя «прайсьці перагрузку» і вярнуцца ў рабочы стан. Калі захады «татальнага разлучэньня» здымаюцца, рост колькасьці хворых аднаўляецца, пераконвае ён.
«Стратэгія зьмякчэньня» ж нацэленая на тое, каб не дапусьціць экспанэнцыйнага росту колькасьці хворых, трымаць яе ў межах «рэсурсных магчымасьцей сыстэмы аказаць дапамогу». Адпаведна, сваёй задачай Мінздароўя бачыць, сярод іншага, недапушчэньне лявінападобнага росту колькасьці хворых.
Паводле Караніка, цяпер у Беларусі робяць захады, каб разлучаць найбольш уразьлівыя групы: ёсьць забароны наведваць дамы састарэлых, цэнтры падтрымкі інвалідаў і інтэрнаты для іх. Вышэйшым вучэльням рэкамэндавалі перанесьці заняткі на пазьнейшы час дня, каб разьвесьці транспартныя плыні, установам харчаваньня — зрабіць большую дыстанцыю між столікамі, і іншае. Людзям з прыкметамі рэсьпіраторных інфэкцый рэкамэндуюць сядзець дома.
«Асноўная праблема — сьвядомасьць людзей у выкананьні рэкамэндацый», — запэўніў Каранік.
Міністар заявіў, што толькі 5% хворых на каранавірус маюць патрэбу ў лекаваньні ў аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі.
Пад хворых каранавірусам выдзелелі 7 тысяч месцаў, выкарыстоўваецца менш за палову зь іх усярэднем, сказаў Каранік.
У Беларусі на момант публікацыі пацьвердзілі 1486 выпадкаў COVID-19, сьмерць 16 інфікаваных, 420 новых пацыентаў за дзень.
У Швэцыі, дзе ня ўводзяць шырокіх карантынных захадаў, вядома пра 9141 выпадак каранавірусу, 793 сьмерці. Насельніцтва ў Швэцыі і Беларусі прыблізна пароўну — 9,3 млн чалавек. Пры тым Швэцыя на 20-м месцы ў сьвеце паводле агульнай колькасьці выпадкаў, на 14-м — паводле колькасьці сьмерцяў і на 11-м — паводле колькасьці сьмерцяў на душу насельніцтва (калі ня ўлічваць мікрадзяржавы, то на 8-м).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус у швэдзкім «некарантыне» расказвае, чаму гэта не беларускі варыянтШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.