У Беларусі выпрацуюць дадатковыя захады для стымуляваньня мэдыцынскіх работнікаў, якія працуюць з хворымі на каранавірусную інфэкцыю, заявіў 5 красавіка ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» намесьнік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.
«Адпаведная сыстэма стымуляваньня ёсьць, яна прынятая. І тыя дадатковыя даручэньні, якія былі дадзены ўраду кіраўніком дзяржавы, яны ўжо цяпер у стадыі рэалізацыі. І мы, я думаю, выпрацуем яшчэ дадатковыя меры, зьвязаныя са стымуляваньнем тых лекараў, якія стаяць на перадавой у барацьбе з каранавірусам», — перадае БелаПАН словы Петрышэнкі.
Паводле яго, гэтыя меры закрануць ня толькі лекараў, але «і мэдсясьцёр, і іншы пэрсанал, задзейнічаны ў гэтым працэсе».
Петрышэнка таксама адзначыў, што ў краіне значна ўзрос попыт на маскі: сёньня іх выпускаюць 450-500 тысяч штук на суткі, але ў канцы наступнага тыдня плянуецца выйсьці на 1 мільён, а яшчэ праз паўтара — на 2 мільёны кожныя суткі.
Для лекараў робяць спэцыяльныя касьцюмы, акуляры і маскі.
«Усе тыя патрэбы, якія ёсьць у нашым грамадзтве, яны будуць у поўнай ступені задаволеныя», — падкрэсьліў віцэ-прэм'ер.
Ён таксама паведаміў, што за суткі ў краіне робіцца 2,5 тысячы тэстаў на каранавірус, на наступным тыдні гэтая колькасьць узрасьце да 3,5 тысяч.
«За дзень мы робім каля 700 тэстаў. Значыць, у нас неабходныя запасы тэстаў ёсьць, і яны актыўна выкарыстоўваюцца для таго, каб своечасова выявіць хворых асобаў», — сказаў Петрышэнка.
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на раніцу 5 красавіка, выявілі 562 выпадкі COVID-19, памерлі 8 чалавек. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праблемныя тэсты і схаваныя пераносчыкі. Статыстыка каранавірусу ў кантэксьце ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацькам давялося ісьці на платны агляд, каб пацьвердзіць пнэўманіі, расказвае мянчук ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус у швэдзкім «некарантыне» расказвае, чаму гэта не беларускі варыянтШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.