Аляксандар Лукашэнка 2 красавіка ў інтэрвію тэлекампаніі «Мир» стаў разважаць пра сьвет пасьля пандэміі каранавірусу. Два дні таму ён казаў, што Беларусь нібыта «на піку» эпідэміі.
Цяпер, як піша БелТА, Лукашэнка засьцерагае: «глябальныя гульцы» могуць выкарыстаць сусьветны крызіс «у сваіх мэтах».
«А ці не здаецца, што моцныя гэтага сьвету без вайны, Макрон гэта ўжо вайной назваў, праз гэты так званы каранавірусны псыхоз, інфадэмію ў тым ліку, хочуць перадзяліць сьвет?» — спытаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна ці не вайна? Адкажы як Лукашэнка! ТЭСТНа думку Лукашэнкі, прапанова ААН накіраваць эквівалент 10% валавага ўнутранага прадукту краінаў сьвету на барацьбу з COVID-19 гэта «пустыя грошы» — ён лічыць, што гэтыя грошы нібыта хочуць проста «надрукаваць», а гэта выкліча інфляцыю.
«Дзе апынемся мы са сваім рублём, зразумела, — сказаў Лукашэнка пра прапанову ААН, якую зразумеў як ідэю «друку пустых грошай». — Больш за тое: хто атрымае гэтыя трыльёны, у каго яны застануцца? Ці не атрымаецца, што багатыя стануць багацейшымі, а бедныя — бяднейшымі? Атрымаецца.
Нас штурхнулі да таго, што мы павінны спыніцца, сядзець і праесьці тыя бедныя валютныя запасы, якія ў нас ёсьць. Нельга сказаць, што нават у Расеі яны велізарныя. Гэта для Расеі нішто — седзячы, на год ня хопіць. Гэтак жа і ў нас.
І тады, надрукаваўшы 10% ВУП, да нас прыйдуць тыя, хто „на нагах“, і скажуць: вось вам патрошку, але вы будзеце рабіць тое, што мы скажам. Вось так можа быць перадзелены сьвет».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не беларускі і не расейскі рубель», — Лукашэнка пра адзіную валюту і «саюзную дзяржаву» з РасеяйНа думку Лукашэнкі, «каранапсыхоз» і «інфадэмія» пройдуць празь «месяц-два», але ён баіцца, каб «нас не перадзялілі без вайны».
«Чаму я так хвалююся за тое, каб людзі жылі сваім жыцьцём, у нейкай ступені палітычна рызыкуючы? — казаў Лукашэнка. — Таму што я ўяўляю, што будзе з намі пасьля гэтай пандэміі, калі мы спынімся, як многія: літоўцы, латышы і іншыя. Яны выстаяць. У Расеі ёсьць нафта і газ, у якіх сёньня мае патрэбу ўвесь сьвет. У Кітая вялізныя магутнасьці ў эканоміцы. У Амерыцы — друкарскі станок: два трыльёны ўкідваюць, яшчэ два на падыходзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Argus: Экспартная цана расейскай нафты ўжо не пакрывае выдаткаўКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.