У Беларусі на падтрымку эканомікі з прычыны пандэміі каранавірусу плянуецца накіраваць каля 110 млн беларускіх рублёў, паведаміў 2 красавіка прэм'ер-міністар Сяргей Румас.
Комплекс захадаў для падтрымкі эканомікі ўнесены на разгляд кіраўніка дзяржавы, піша БелТА.
«Цяжка аблічыць усе захады. Магу толькі сказаць, што наўпроставыя меры бюджэтна-падатковай падтрымкі складуць каля 110 млн рублёў», — расказаў прэм’ер-міністар Беларусі.
Праект гэтай праграмы ўраду быў зацьверджаны на паседжаньні Саўміну 31 сакавіка і накіраваны на зацьвярджэньне Аляксандру Лукашэнку.
Паводле Румаса, цяпер урад рыхтуе таксама другі пакет захадаў падтрымкі эканомікі з прычыны пандэміі.
На момант публікацыі 110 млн рублёў складала каля 42,35 млн даляраў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.