Шэньчжэнь стаў першым горадам на тэрыторыі мацерыковага Кітаю, які ўвёў забарону на ўжываньне ў ежы мяса сабак і катоў. Адпаведны закон уступіць у сілу 1 траўня, паведамляе ВВС.
24 лютага Нацыянальны народны кангрэс Кітаю выдаў распараджэньне аб забароне есьці мяса дзікіх жывёл і далейшым абмежаваньні гандлю дзікімі жывёламі па ўсёй краіне. Гэтая забарона зьявілася як рэакцыя на каранавірусную інфэкцыю.
«У людзей з сабакамі і катамі склаліся больш цесныя адносіны, чым зь іншымі жывёламі, і забарона на ўжываньне як ежы сабак, катоў і іншых свойскіх жывёл зьяўляецца звычайнай практыкай у разьвітых краінах, а таксама ў Ганконгу і Тайвані», — заявілі ў мэрыі гораду Шэньчжэнь, паводле Reuters.
Спажываньне сабачага і кацінага мяса найбольш распаўсюджанае ў правінцыі Гуандун, дзе знаходзіцца Шэньчжэнь, і ў некаторых частках паўночна-ўсходняга Кітаю, аднак у краіне гэта не практыкуецца паўсюдна. Тайвань забараніў спажываньне мяса сабак і катоў у 2017 годзе.
Паводле зьвестак Humane Society International, на тэрыторыі ўсёй Азіі кожны год забіваюць на мяса 30 мільёнаў сабак. Фонд Animals Asia ацэньвае колькасьць забітых катоў у Кітаі за год прыблізна ў 4 мільёны.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ