МЗС Беларусі просіць Літву перадаць дакладныя зьвесткі пра нейкія «пэўныя ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі сьмерці, якія зафіксаваныя», калі такія зьвесткі існуюць на самай справе. Пра гэта гаворыцца ў камэнтары прэс-сакратара беларускага МЗС Анатоля Глаза, апублікаваным на сайце ведамства.
Напярэдадні прэзыдэнт і міністар замежных справаў Літвы выказалі сумневы адносна эфэктыўнасьці прыманых Беларусьсю захадаў для барацьбы з каранавірусам і заявілі аб магчымасьці абмежаваньні авіязносін паміж краінамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі кіраўнік ацэньвае сытуацыю з пэўнай бравадай» — прэзыдэнт Літвы не давярае афіцыйнай інфармацыі Беларусі«У дадзенай сытуацыі адразу прыгадваецца фраза з аднаго вядомага мультфільма: «Хто людзям дапамагае — той марнуе час дарма, добрымі справамі праславіцца нельга... Гэтак жа і ў гэтым выпадку, — падкрэсьліў Глаз. — Бо пачынаючы з 16 сакавіка бягучага году Беларусь дае адну зь нешматлікіх магчымасьцяў для дастаўкі дадому літоўскіх грамадзянаў. Дзякуючы захаваньню рэйсаў „Белавія“ за гэты пэрыяд каля 500 літоўцаў вярнуліся на радзіму, прытым без афармленьня візаў. Як склаўся б іх лёс, калі б не было гэтай магчымасьці, невядома. Па факце, рэйс на 80 адсоткаў служыць менавіта гэтай мэце. Нават сёньня каля 20 літоўцаў накіруюцца гэтым маршрутам».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як адзначыў Глаз, Беларусь лічыць гэта слушным і гатова «заўсёды па-суседзку падставіць плячо». «У гэтым жа духу 20 сакавіка прайшла і тэлефонная размова міністраў замежных спраў нашых краінаў. Сёньня, калі сьвет сутыкнуўся з такім магутным выклікам, як ніколі важная салідарнасьць і сумесныя намаганьні, — працягнуў прадстаўнік беларускага МЗС. — На гэтым фоне зусім незразумела аб якім» недаверы «казалі прэзыдэнт і міністар замежных справаў Літвы. Любыя заявы падобнага роду павінны грунтавацца на дакладнай інфармацыі і фактах, а не на домыслах і чутках. Таму мы былі б удзячныя літоўскаму боку за перадачу нам дакладных зьвестак нейкіх „пэўных ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі сьмерці, якія фіксуюцца“. Калі, вядома, такія зьвесткі ў яе маюцца на самай справе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь просіць у МВФ грошай. На псыхоз і гарэлку?Аналягічная сытуацыя, падкрэсьліў Глаз, і з ацэнкамі працы беларускай сыстэмы аховы здароўя. «Ці карэктна, калі іх даюць прафэсіяналы, — сказаў ён. — Але ў гэтым выпадку мы пачулі традыцыйныя спробы нашых суседзяў падмяняць сабой кампэтэнтныя міжнародныя арганізацыі. Тады як неаднаразовыя высновы спэцыялістаў САЗ, у тым ліку ў кантэксьце прыманых нашай краінай захадаў, не зьяўляюцца сакрэтам. Пры неабходнасьці мы гатовыя дадаткова азнаёміць зь імі літоўскае кіраўніцтва».
«Кантроль над сытуацыяй, самавалоданьне, далейшае забесьпячэньне мер па спыненьні распаўсюджваньня пандэміі, у тым ліку праз эфэктыўнае міжнароднае ўзаемадзеяньне, гэта тое, у чым мы ўсе зараз асабліва маем патрэбу. Заклікаем нашых літоўскіх калегаў прытрымлівацца, найперш, гэтых прынцыпаў, — адзначыў Глаз.
Пра тое, што «кіраваньне крызісам, зьвязаным з каранавірусам, у Беларусі не зьяўляецца добрым», заявіў напярэдадні і міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус. Ён таксама сказаў, што разглядаецца магчымасьць абмежаваць усё яшчэ дзейныя рэйсы зь Менску ў Вільню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як хлусяць міжнародныя экспэртыЯго меркаваньне падзяляе і прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. Нельга давяраць афіцыйнай інфармацыі Беларусі аб каранавірусе, лічыць ён. «Мы ня можам давяраць гэтай інфармацыі, якую атрымліваем афіцыйна зь Беларусі, паколькі я лічу, што беларускі кіраўнік ацэньвае сытуацыю з пэўнай бравадай», — заявіў Наўседа 1 красавіка журналістам. Па словах прэзыдэнта Літвы, «варта абмежаваць кантакты з краінай, якая не кантралюе сытуацыю, калі рызыка сапраўды адчувальная».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ