Неўзабаве пасьля Чарнобылю кіраўнік ураду СССР Рыжкоў хваліў беларусаў: «Украінцы тры гадзіны выцягвалі зь мяне кішкі, і гэта ім дай, і тое ім дай. Агалілі бюджэт. Вось беларусы — малайцы. Пытаюся: а вам што трэба? А нічога нам ня трэба, адказваюць. Мы справімся самі»
Праз нейкі час пачала прасіць і Беларусь. Але час гэты быў страчаны.
Некалькі тыдняў Аляксандар Рыгоравіч заяўляў, што каранавірусу няма — ёсьць псыхоз. Лячыцеся — гарэлкай! Краіны багацейшыя за Беларусь зьвярталіся па міжнародную дапамогу — а зь Менску ў Пэкін адпраўлялі самалёты з маскамі.
Час быў страчаны.
Сёньня зь Віцебску прыйшла сумная вестка — памёр ад каранавірусу актор Віктар Дашкевіч. Сёньня ж стала вядома, што Менск просіць у Міжнароднага валютнага фонду 900 мільёнаў даляраў. Адзін мільён 300 тысяч даляраў Беларусі ўжо выдзяляе ўрад ЗША.
Але трэба — болей. Значна болей. І, магчыма, у Вашынгтоне прынялі б рашэньне выдаткаваць больш. Можа, і прымуць.
Але ня сёньня.
Бо сёньня там чытаюць нумар The Washington Post, у якім распавядаецца, што Лукашэнка называе каранвавірус псыхозам і раіць лячыцца гарэлкай.
А на гарэлку МВФ дапамогу не выдаткоўвае.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.