Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Сяргей Шахаў заявіў, што мэдыкі пацьвердзілі, што ён захварэў на каранавірус.
«Сёньня мэдыкі зь лябараторыі патэлефанавалі і сказалі, што каранавірус пацьвердзіўся. Я хачу адразу сказаць усім — гэта ня так страшна, як намалявана. Паніку трэба ліквідаваць.... Я буду кожны дзень паведамляць пра тое, што адбываецца з маім целам », - паабяцаў дэпутат падчас жывой трансьляцыі у сваім Facebook.
Дэпутат, як паведамляецца, ня быў на пасяджэньнях Рады 16 і 17 сакавіка.
18 сакавіка Кіеўская вобласьць стала трэцяй ва Ўкраіне, дзе ўведзенае надзвычайнае становішча ў сувязі з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі. Раней гэта рабілі ўлады ў Чарнавецкай і Жытомірскай абласьцях.
На сёньняшні дзень ва Ўкраіне афіцыйна пацьверджана 14 выпадкаў COVID-19, два чалавекі памерлі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ