Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зона камфорту скончылася». У Беларусі людзі застаюцца бяз працы праз пандэмію


Ілюстрацыйнае фота. Жанчына ў масцы ў менскім мэтро
Ілюстрацыйнае фота. Жанчына ў масцы ў менскім мэтро

Антаніна Яцук працуе ў сфэры арганізацыі імпрэз каля 10 гадоў і 5 гадоў у сфэры PR. Пандэміі каранавірусу прывяла да таго, што яна ўпершыню за 15 гадоў засталася без замоваў.

«Калі сур’ёзна, то ўсё няпроста, — напісала Антаніна на сваёй старонцы ў фэйсбуку 17 сакавіка. — І гэтым пастом я заклікаю і вас у сябе на старонках гаварыць пра гэта адкрыта. Таму што ўсё няпроста ня толькі ў мяне. Працы няма наогул. Праекты, якія павінны былі быць, пачынаючы з сакавіка, зьляцелі, на наступныя месяцы тры (а гэта як мінімум) няма нічога. Наогул».

Гэта не адзінкавы падобны допіс у сацсетках беларусаў. Пра адсутнасьць працы праз эпідэмію каранавірусу расказваюць і людзі зь іншых сфэраў. Напрыклад, экскурсаводы.

Як расказала Свабодзе аўтарка першага допісу Антаніна Яцук, за ўсю сваю прафэсійную кар’еру яна ўпершыню засталася зусім бяз працы.

«Перапісваемся зь сябрамі, дзелімся ўражаньнямі ад сытуацыі, — расказвае Антаніна. — Складанасьцяў шмат ва ўсіх, людзі саромеюцца адкрыта гаварыць пра гэта. Я напісала пра сваю сытуацыю. Бачу, што людзі пачалі абмяркоўваць, пісаць. Лепш гаварыць, чым закрыцца ў сабе».

Праблемы Антаніна наўпрост зьвязвае з пандэміяй каранавірусу. Нягледзячы на тое, што беларускія ўлады так і не абвясьцілі афіцыйны карантын, прадпрыемствы і прыватныя кампаніі самастойна вырашаюць адмовіцца ад правядзеньня імпрэзаў.

Антаніна Яцук
Антаніна Яцук

«Мая праца зьвязаная з арганізацыяй розных імпрэз, — расказвае Антаніна. — І паколькі цяпер усё пераносіцца, адмяняецца, то замоваў больш няма. Афіцыйны карантын не аб’яўлены, але людзі перастрахоўваюцца. Я працую з брэндамі. Арганізоўваю падзеі, працую з блогерамі. Але фізычныя імпрэзы адмяняюцца. Адпаведна, мая праца таксама.

Стала складаней. Даводзіцца па-іншаму думаць, зьмяняць сьвядомасьць на будучыню. Пачынаеш размаўляць зь некім, з кім раней пастаянна працаваў, а людзі табе кажуць: „Не-не, давайце крыху пачакаем“. Ніхто ня хоча захварэць. Гэта нармальна. Да замоўнікаў у мяне няма ніякіх пытаньняў. Я сама такога прытрымліваюся — не панікуем, беражэм сябе. Лепш ціха пераседзець усю гэтую гісторыю, не нашкодзіць ні сабе, ні камусьці іншаму. Ніякіх крыўдаў няма».

Паводле жанчыны, праблемы цяпер маюць ня толькі арганізатары мерапрыемстваў. Адсутнасьць замоваў і кліентаў — агульная сытуацыя таксама для сфэры арганізацыі канцэртаў і адпачынку.

Антаніна ня страчвае аптымізму. Наадварот, стараецца выкарыстаць крызісную сытуацыю на сваю карысьць. Пачала чытаць даўно адкладзеныя кнігі, жартам абмяркоўвае зь сябрамі ідэі праводзіць онлайн-карпаратывы.

«Цяпер усе зразумелі, што можа быць зусім па-іншаму, — гаворыць Антаніна. — І тое, што зараней рыхтаваў нейкія пляны, гэта ўсё можа абрынуцца. Некім апаноўвае дэпрэсія і роспач. А хто больш разумны і адэкватны, пачынае думаць іначай. Я думаю, у чалавецтва пасьля завяршэньня пандэміі зьменіцца сьветапогляд. Калі шчыра, спадзяюся, што мы станем лепшымі. Я пачынаю думаць пра тое, пра што раней ня думала. Гэта выхад з зоны камфорту. Яна скончылася, 100%. Разумееш, што трэба ўстаць з канапы і рабіць штосьці новае».

Паводле прагнозаў эканамістаў, некаторыя сфэры эканомікі, у тым ліку беларускай, панясуць значныя страты ў выніку пандэміі каранавірусу. У выніку крызісу ўладальнікі вымушаныя будуць скарачаць выдаткі, што прывядзе да страты працоўных месцаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG