18 сакавіка Расея перакрыла мяжу зь Беларусьсю, увёўшы памежны кантроль. Уезд грамадзянам Беларусі ў Расею прыпынены праз эпідэмію каранавірусу.
На галоўнай трасе М1 жорсткі кантроль. А як на іншых дарогах?
Ад трасы М1 зварочваем у бок райцэнтру Дуброўна (Віцебская вобласьць). Праз 30 кілямэтраў на ўсход заяжджаем у вёску Ляды.
За вёскай асфальт ідзе ўгару, адразу на ўзвышшы відаць блакітны шчыт «Краснинский район», а ўнізе мапа Смаленскай вобласьці РФ.
«Так, гэта ўжо Расея», — пацьвярджае Зінаіда, якая гандлюе тут страхоўкамі на аўтамабілі. Пытаньню, дзе тут дзяжураць расейскія памежнікі, Зінаіда дзівіцца і кажа, што з раніцы нікога з памежнікаў тут ня бачыла.
«Можа яны дзе далей, але да Краснага (пасёлак у Смаленскай вобласьці, за 18 км ад Лядаў — РС.) іх дакладна няма», — кажа Зінаіда і прапануе зьніжку за страхоўку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Завярнулі без тлумачэньня прычын». Як уначы закрывалі беларуска-расейскую мяжу. ФОТАСёньня яна прадала толькі адну, а працоўны дзень ужо напалову прайшоў. Кажа, што беларусы з раніцы ў Расею едуць нячаста, найбольш едзе расейцаў — ужо з расейскімі страхоўкамі. Пэрспэктыва таго, што мяжу тут увогуле закрыюць, Зінаідзе не падабаецца: «Трэба ж зарабляць».
Побач спыняецца жанчына на «таёце»: «Дзіўна, а тут мяжа адкрытая. Чаму гэтак?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія памежнікі патлумачылі, каго зь беларусаў пусьцяць, а каго разьвернуцьУ жанчыны два пашпарты, беларускі і расейскі, але едзе яна пад беларускімі нумарамі. Значыць, страхоўка патрэбная.
Леанід прыехаў з боку Расеі на чырвоным «пасаце» зь беларускімі нумарамі. Аказваецца, ужо пераехаў мяжу, але вырашыў вярнуцца. Ён па-гаспадарску пералічвае імаверныя страты ўласнага бюджэту ў выпадку няўдалай спробы трапіць у Расею.
«Калі там спыняць і вернуць, дык страхоўка ў 10 эўраў згубіцца, таму паехаў без страхоўкі, але і да Краснага ехаць баюся. А раптам ДАІ, і тады штраф, што няма страхоўкі — 200 эўраў. А вы ня ведаеце, там далей усё ж стаяць памежнікі?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь ня ўводзіла кантролю на мяжы з Расеяй, — Памежны камітэтПаводле Леаніда, дарога, якая вядзе адсюль у Краснае, перасякаецца з дарогай на Добрае, а там часта стаяць памежнікі. Так бы мовіць, эканомяць рэсурсы, адразу пільнуюць два шляхі. Але ці яны цяпер там, Леанід ня ведае. А вось страхаўніца Зінаіда на гэты конт не сумняецца: «Ды няма там нікога, я раніцой там ехала».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ