Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі ўрад прыме забарону на ўезд для беларусаў і заяўляе, што Беларусь недастаткова супрацьстаіць каранавірусу


Прэм'ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін
Прэм'ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін

Урад Расеі падрыхтаваў праект распараджэньня аб увядзеньні часовых абмежаваньняў на ўезд у Расею грамадзян замежных дзяржаў, у тым ліку грамадзян Беларусі, паведамляе прэс-служба расейскага кабінэту.

Ва ўрадзе РФ падкрэсьліваюць, што беларускі бок быў загадзя папярэджаны аб плянаваных мерах падчас тэлефоннай размовы 15 сакавіка прэм'ера РФ Міхаіла Мішусьціна і кіраўніка ўраду Беларусі Сяргея Румаса.

Беларусь ня робіць дастатковых захадаў для змаганьня з пранікненьнем каранавірусу з трэціх краін, нягледзячы на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, гаворыцца ў заяве расейскага кабінэту міністраў.

«У прыватнасьці, выказваньне пра колькасць інфікаваных дазваляе зрабіць выснову, што ў прапарцыйных суадносінах да колькасці насельніцтва сытуацыя ў Беларусі значна больш сур’ёзная, чым у Расеі. Сьцьвярджэньне, што "Расея ўся палае ад каранавірусу", не адпавядае рэчаіснасьці», — адзначаецца ў заяве.

Таму, паводле расейскага ўраду, абмежаваньні на перасоўваньне празь мяжу РФ І Беларусі было законным, і Масква разьлічвае на больш канструктыўную пазыцыю Менску. Расейскі кабінэт міністраў лічыць, што заявы кіраўніцтва Беларусі «ва ўмовах электаральнага цыклю» не спрыяюць выпрацоўцы ўзгодненых захадаў па супрацьдзеяньні каранавірусу.

Раней сёньня Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў разьвіцьцё сытуацыі з каранавірусам падчас прыначэньня кіраўнікоў мясцовых органаў улады, паведамляла БелТА.

На думку Лукашэнкі, акрамя Менску і буйных гарадоў, сытуацыя з каранавірусам не такая праблемная для раёнаў і раённых цэнтраў.

«Самая вялікая для нас (не праблема, а адказнасьць) — гэта эканоміка. На жаль, усе гэтыя рухі ў кірунку каранавірусу вельмі рэзка адбіліся на эканоміцы. Дайшло да таго, што наша родная Расея — падкрэсьліваю — закрыла мяжу зь Беларусьсю», — адзначыў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі адносна спакойнае становішча, а «Расея ўся палае ад каранавірусу».

«Дык хто ад каго павінен зачыняцца. Пытаньне рытарычнае», — дадаў Лукашэнка.

У Беларусі адэкватна рэагуюць на пагрозы, перакананы Лукашэнка, мэдыкі ўжо даўно прымаюць кропкавыя меры, і самі беларусы ў цэлым адэкватна рэагуюць на сытуацыю.

«Беларусы проста малайцы. За выключэньнем аднаго выпадку: ня бегайце па аптэках і не скупляйце маскі, спэцвопратку ці нейкія лекі», — сказаўЛукашэнка.

Раней 16 сакавіка прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін абвясьціў аб рашэньні закрыць мяжу зь Беларусьсю для перасоўваньня людзей.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG