Беларусаў разварочваюць на мяжы з Расеяй і будуць гэта рабіць як мінімум цягам наступных паўтара месяца.
Гэта Свабодзе пацьвердзілі ў Памежным упраўленьні Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі па Смаленскай вобласьці.
Дзяжурны супрацоўнік удакладніў, што пастановай ураду да 1 траўня з прычыны распаўсюду каранавірусу часова абмежаваны ўезд у Расею іншаземцам, якія прыбываюць з тэрыторыі Беларусі, а таксама беларускім грамадзянам.
Прапускаюць толькі грамадзянаў Расеі (пры наяўнасьці пашпарта), міжнародныя фуры і дыпляматаў. Выключэньне — пры пахаваньні сваякоў, для гэтага неабходна мець даведку.
Усіх беларусаў, якія бяз важных прычын накіроўваліся ў Расею на аўтатранспарце зь беларускімі нумарамі пасьля 00.00 гадзінаў 18 сакавіка, разьвярнулі ў адваротным кірунку, сказалі ў Памежным упраўленьні Смаленскай вобласьці. На ўсіх дарогах у бок Расеі выставілі часовыя мабільныя пасты зь ліку супрацоўнікаў Памежнай службы ФСБ.
З боку Расеі ўезд у Беларусь свабодны і для расейцаў, і для беларусаў — беларускае кіраўніцтва свае межы не закрыла. Пры гэтым грамадзяне Расеі павінны пакінуць расейскім памежнікам асабістыя зьвесткі — па прыезьдзе іх могуць выклікаць на абсьледаваньне ў мэдыцынскія ўстановы па месцы жыхарства.