Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закрыцьцё мяжы — крыж на саюзнай дзяржаве?


Беларуска-расейская мяжа
Беларуска-расейская мяжа

Ці здымае «абнуленьне» прэзыдэнцкіх тэрмінаў Пуціна пэрспэктыву паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі? Ці хавае саюзную дзяржаву ўсталяваньне Расеяй мяжы зь Беларусьсю? Ці мацуе «абнуленьне Пуціна» безальтэрнатыўнасьць Лукашэнкі? Што азначае для адносінаў Беларусі з Захадам тое, што Лукашэнка ўжо не апошні дыктатар Эўропы?

На гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце разважаюць аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Сьцісла

Карбалевіч

  • Праграма паглыбленьня інтэграцыі зусім ня зьнятая з парадку дня, але ў сувязі са зьменамі ў Канстытуцыі РФ адкладзеная на няпэўны час
  • Пасьля «абнуленьня Пуціна» ўвесь лукашэнкаўскі праект зьменаў Канстытуцыі можа быць спушчаны на тармазах, ён ператворыцца ў імітацыю
  • «Абнуленьне» прэзыдэнцкіх тэрмінаў Пуціна працуе на Лукашэнку
  • Геапалітыка перайшла на першае месца, а каштоўнасьці выціскаюцца на другі плян

Цыганкоў

  • Стратэгія Расеі цяпер — мець настолькі ж геапалітычна і вайскова-стратэгічна пакорлівую Беларусь, але за меншыя грошы
  • Кіраўнік Беларусі, магчыма, адчувае сябе пакрыўджаным і асабіста, бо ніхто яго не папярэджваў і ніхто зь ім ня раіўся пра закрыцьцё мяжы Расеі зь Беларусьсю
  • Для людзей расейска-арыентаваных, якіх дастаткова ў Беларусі, ідэя моцнай і стабільнай улады атрымае пэўную дадатковую падтрымку, а можа нават і захапленьне
  • На фоне Пуціна і ўсяго, што адбываецца апошнімі гадамі ў Расеі, цяпер нават і Лукашэнка выглядае не такім страшным дыктатарам

Расейская праграма-мінімум адносна Беларусі

Дракахруст: У Расеі працэс зьмены Канстытуцыі ідзе да фіналу. Яе ўхвалілі Дума, Савет Фэдэрацыі, рэгіянальныя заканадаўчыя сходы, іх падпісаў Уладзімір Пуцін.Сёньня Канстытуцыйны суд РФ прызнаў адпаведнымі Канстытуцыі ўсе прапанаваныя папраўкі.

У сувязі з пандэміяй каранавірусу невядома, ці адбудзецца ўсенароднае галасаваньне 22 красавіка. Уласна яно і неабавязковае паводле расейскіх законаў. Магчыма, прынятых рашэньняў будзе ўжо дастаткова, каб папраўкі ўступілі ў дзеяньне.

У тым ліку і «папраўка Церашковай» — пра «абнуленьне» прэзыдэнцкіх тэрмінаў Пуціна, якая дае яму магчымасьць балятавацца ў прэзыдэнты ў 2024 годзе.

Калі Пуцін можа застацца ў Крамлі пасьля 2024 году і без аб’яднаньня зь Беларусьсю, ці здымае гэта пэрспэктыву паглыбленьня інтэграцыі? На апошняй сустрэчы Сяргея Румаса і Міхаіла Мішусьціна расейскі прэмʼер нагадаў калегу пра паглыбленьне інтэграцыі. Ці гэта ўжо робіцца рытуалам, а мэта расейцаў — менш даваць розных дабротаў беларусам?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Калі ў сьнежні 2018 году тагачасны прэм’ер РФ Дзьмітры Мядзьведзеў выступіў у Берасьці з ультыматумам — альбо «паглыбленьне інтэграцыі» альбо скарачэньне расейскай эканамічнай дапамогі, то я выказаў вэрсіі, што ў Масквы ёсьць праграма-максымум і праграма-мінімум. І я дагэтуль прытрымліваюся гэтай вэрсіі. Праграма-максымум — гэта сапраўды аб’яднаньне ў адну дзяржаву, праграма-мінімум — мінімізацыя эканамічнай дапамогі.

Першая праграма зусім ня зьнятая з парадку дня, але ў сувязі са зьменамі ў Канстытуцыі РФ, адкладзеная на няпэўны час. Цяпер у Крамля іншыя, больш важныя клопаты. Толькі пасьля правядзеньня ў Расеі канстытуцыйнай рэформы стане больш зразумела, якое месца ў палітыцы Крамля зойме беларускае пытаньне.

Цыганкоў: Адказваючы на ваша пытаньне пра «абнуленьне Пуціна», варта адзначыць, што ў выніку зьнялася гэтак званая «праблема 2024», якой жывіліся многія аналітыкі ў Беларусі і Расеі. Яны некалькі гадоў зацята абмяркоўвалі варыянт, паводле якога Пуціну для працягу ўлады трэба будзе стварыць нейкае новае дзяржаўнае ўтварэньне зь Беларусі і Расеі і стаць яе кіраўніком. Лягічныя аргумэнты — навошта Пуціну такі складаны варыянт, калі можна проста прыняць зьмены ў Канстытуцыю, і пры сёньняшнім стане расейскага грамадзтва і Думы з гэтым ня будзе ніякіх праблемаў — іх ня вельмі хвалявалі.

Што да інтэграцыі як працэсу — то ён, канешне, нікуды не падзенецца, у той або іншай форме і будзе працягвацца, як мінімум, пакуль застаецца гэтая ўлада ў Расеі і Беларусі. Рыторыка і практычныя крокі будуць мяняцца, але відавочна, што расейскія кіраўнікі на сёньня ня могуць сказаць: «Беларусь нам не патрэбная, хай уступае ў NATO». Стратэгія цяпер — мець настолькі ж геапалітычна і вайскова-стратэгічна пакорлівую Беларусь, але за меншыя грошы.

Закрыцьцё мяжы як прызнаньне сувэрэнітэту Беларусі

Дракахруст: Апошняе рашэньне Расеі — закрыць мяжу зь Беларусьсю — паказала ўсім, што Беларусь і Расея — сувэрэнныя дзяржавы. І ніякай саюзнай дзяржавы няма. У дзяржаве, нават саюзнай, межаў быць не павінна. Лукашэнка сёньня, крытыкуючы расейскае рашэньне, папікаў Маскву, маўляў, вы б яшчэ з Далёкім Усходам мяжу ўсталявалі ці з Уралам. Тут пэўная зьмена роляў, цяпер Лукашэнка, а ня Крэмль апэлюе да прынцыпаў інтэграцыі. У яго папроках прасочваецца ўяўленьне, што Беларусь для Расеі — у пэўным сэнсе як Далёкі Ўсход. А Масква адказвае яму — не, вы — не Далёкі Ўсход і не Смаленшчына, вы — замежная дзяржава. І па нафце, і па межах.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Рэакцыю Лукашэнкі можна зразумець, бо ён, відавочна, добра разумее тыя найперш эканамічныя наступствы, якія можа атрымаць Беларусь ад закрыцьця мяжы з Расеяй. Да таго ж кіраўнік Беларусі, магчыма, адчувае сябе пакрыўджаным і асабіста, бо ніхто яго не папярэджваў і ніхто зь ім ня раіўся пра закрыцьцё мяжы Расеі зь Беларусьсю.

Дракахруст: На мінулым тыдні паведамлялася, што прэмʼеры Румас і Мішусьцін мелі тэлефонную размову на тэму барацьбы з каранавірусам. Напэўна, тэма закрыцьця межаў падчас гэтай гутаркі абмяркоўвалася, наўрад ці Менск даведаўся аб гэтым толькі з учорашняй перадачы Дзьмітрыя Кісялёва. Кансультацыі, гледзячы па ўсім, усё ж былі.

Цыганкоў: Так, але, відаць, потым аргумэнты беларускага боку ўсё ж былі праігнараваныя, і пра зачыненую мяжу Лукашэнка даведаўся, як выглядае, проста з друку. Так што тут супалі асабістае абурэньне і разуменьне эканамічных праблемаў, якія прынясе гэтае рашэньне Масквы.

Крыж на зьменах у Канстытуцыю Беларусі

Дракахруст: Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у РФ у 2018 годзе некаторыя экспэрты казалі — Пуцін сыдзе ў 2024 годзе і ня дасьць магчымасьці Лукашэнку застацца ва ўладзе. Цяпер вельмі імаверна, што Пуцін будзе балятавацца ў 2024 годзе. Ці вынікае адсюль, што і памкненьня пачаць новую эпоху ў стасунках зь Беларусьсю з новым кіраўніком у Менску асабліва ня будзе?

Карбалевіч: Так. Я лічу, што ўсе развагі пра тое, што Крэмль будзе імкнуцца зрынуць Лукашэнку, паставіць тут больш паслухмянага кіраўніка, беспадстаўныя. З шмат якіх прычынаў. І таму, што ёсьць вялікая рызыка атрымаць супрацьлеглы вынік. І нават таму, што ёсьць вялікая праблема з мэханізмамі рэалізацыі гэткага сцэнару.

Іншы момант. Я выказваю гіпотэзу, што ўсе разважаньні Лукашэнкі пра зьмены Канстытуцыі Беларусі былі навеяныя ягонымі размовамі з Пуціным. Кіраўнік РФ мог выказвацца ў такім сэнсе: вось Назарбаеў амаль сышоў, я сыходжу ў 2024 годзе, а ты што — зьбіраесься кіраваць вечна? Гэта непарадак. І Лукашэнка быў вымушаны неяк супакоіць Пуціна і пачаў гэтую гульню ў канстытуцыйныя зьмены, намякаючы, што і ён сыдзе дзесьці адначасова з Пуціным. Вось нядаўна старшыня Канстытуцыйнага суду Міклашэвіч паведаміў, што праект новай Канстытуцыі ўжо падрыхтаваны. Але цяпер, я прагназую, увесь гэты праект можа быць спушчаны на тармазах, ператворыцца ў імітацыю.

Вечны Пуцін як падмацаваньне вечнасьці Лукашэнкі

Дракахруст: Выбары ў Беларусі — працэдура спэцыфічная. Але калі не казаць нават пра іх, то ў вачах як эліты, гэтак і народу — ці не ўмацуе расейскае «абнуленьне» безальтэрнатыўнасьць Лукашэнкі? Маўляў, у расейцаў вечны прэзыдэнт, дык дзе ўжо нам думаць пра альтэрнатыву? Ці многія будуць так разважаць?

Цыганкоў: Для людзей расейска-арыентаваных, а не эўрапейскіх каштоўнасьцяў, якіх дастаткова ў Беларусі, ідэя моцнай і стабільнай улады атрымае пэўную дадатковую падтрымку, а то і захапленьне. Гэта людзі, якія ў Расеі выбіраюць чалавекам стагодзьдзя Сталіна — думаю, іх хапае і ў Беларусі, гэта не 1-2 % насельніцтва, а значна больш. Таму ўзмацненьне ўлады Пуціна, «Пуцін назаўжды» ў іх толькі падвышае рэйтынг кіраўніка Расеі. Як паказвала сацыялёгія, калі яна была, Пуцін у Беларусі і так быў больш папулярны за Лукашэнку. Зь іх гледзішча, Лукашэнка стаў занадта празаходнім, і цар Пуцін для іх больш прывабны, чым беларускі кіраўнік.

Карбалевіч: З аднаго боку, датэрміновы сыход Ельцына ў 1999 годзе з пасады прэзыдэнта і пераход Пуціна ў 2008 годзе на пасаду прэм’ера ніяк не паўплывалі на пляны Лукашэнкі пераабірацца на новыя тэрміны.

Але тады Лукашэнка быў сапраўды яшчэ даволі папулярны, быў прэзыдэнтам надзеі. Цяпер ён — прэзыдэнт страху, людзі баяцца, што калі ён сыдзе, то будзе горш.

Цяпер, калі б, напрыклад, пасьля канстытуцыйнай рэформы ў Расеі здарылася сэнсацыя, калі б Пуцін, як калісьці Ельцын, сказаў, я стаміўся, я сыходжу, то Лукашэнка і ягоная прапагандысцкая абслуга трапілі б трохі ў няёмкую сытуацыю. Але цяпер усё па-іншаму. Можна паказваць пальцам на Пуціна і рабіць тое самае. У гэтым сэнсе «абнуленьне» прэзыдэнцкіх тэрмінаў Пуціна працуе на Лукашэнку

«Неапошні» дыктатар Эўропы

Дракахруст: Сам Лукашэнка апошнімі гадамі некалькі разоў казаў заходнім суразмоўцам — я ўжо не апошні дыктатар Эўропы. Пасьля «абнуленьня» гэтая думка на Захадзе істотна ўмацуецца — усе ўжо прыгадваюць Кастра, Мугабэ і іншых доўгажыхароў-аўтарытарыяў. Статус «неапошняга дыктатара Эўропы» можа прынесьці Лукашэнку нейкія дывідэнды ў стасунках з Захадам?

Карбалевіч: Шмат дывідэндаў Лукашэнка ўжо атрымаў. Адносіны з Захадам размарожаныя. І гэты працэс працягваецца. Маю на ўвазе ўсе праекты альтэрнатыўных крыніц нафты, асабліва з амэрыканскай дапамогай. Геапалітыка перайшла на першае месца, а каштоўнасьці выціскаюцца на другі плян.

Аляксандар Лукашэнка і Майк Пампэо, Менск, 1 лютага 2020
Аляксандар Лукашэнка і Майк Пампэо, Менск, 1 лютага 2020

Цыганкоў: Пуцін «абагнаў» Лукашэнку ў 2014 годзе, пасьля Крыму і Данбасу. Потым Лукашэнка ў 2015 годзе вызваліў апошніх палітычных палітвязьняў і стараецца, каб новыя не зьяўляліся. Думаю, у паляпшэньні стаўленьня Захаду да афіцыйнага Менску галоўным сталі ўсё ж ня «посьпехі ў дэмакратызацыі» (якіх у Беларусі няма), а геапалітычныя пытаньні. А менавіта тое, што Беларусь не па ўсіх пытаньнях займае адназначна расейскую пазыцыю, тое, што не дапускае на сваёй тэрыторыі расейскія вайсковыя базы і гэтак далей. І ўвогуле, на сёньня можна канстатаваць, што Захад цяпер стратэгічна ставіць не на дэмакратыю ў Беларусі, а на незалежнасьць Беларусі. А на фоне Пуціна і ўсяго, што адбываецца апошнімі гадамі ў Расеі, цяпер нават і Лукашэнка выглядае не такім страшным дыктатарам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG