Мэдыцынскія чыноўнікі ў Кітаі заявілі, што фавіпіравір (favipiravir), прэпарат, які выкарыстоўваецца ў Японіі для лячэньня новых штамаў грыпу, аказаўся эфэктыўным для хворых на каранавірус, паведамілі японскія СМІ 18 сакавіка.
Чжан Сіньмін, чыноўнік міністэрства навукі і тэхнікі Кітая, сказаў, што фавіпіравір, распрацаваны кампаніяй Fujifilm, даў абнадзейлівыя вынікі ў ходзе клінічных выпрабаваньняў ува Ўхані і Шэньчжэне з удзелам 340 пацыентаў, паведамляе The Guardian.
«Ён мае высокую ступень бясьпекі і відавочна эфэктыўны ў лячэньні», сказаў Чжан журналістам ва аўторак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: Сусьветная арганізацыя здароўя дае парады і разбурае мітыПацыенты, якім давалі гэты лек у Шэньчжэне, мелі нэгатыўны тэст на вірус праз чатыры дні пасьля станоўчага тэсту на каранавірус. Тыя, хто не прымаў лек, такі вынік мелі праз 11 дзён, паведамляе дзяржаўная тэлерадыёкампанія NHK.
Акрамя таго, рэнтген пацьвердзіў паляпшэньне стану лёгкіх прыблізна ў 91% пацыентаў, якіх лячылі фавіпіравірам, у параўнаньні з 62%, якія ня мелі гэтага прэпарату.
Лекары ў Японіі выкарыстоўваюць гэты прэпарат у клінічных дасьледаваньнях для лячэньня хворых на каранавірус зь лёгкімі і ўмеранымі сымптомамі, спадзеючыся, што гэта спыніць размнажэньне вірусу.
Аднак крыніца зь японскага Міністэрства здароўя адзначыла, што прэпарат ня быў настолькі эфэктыўным у людзей з больш цяжкімі сымптомамі.
У 2016 годзе ўрад Японіі вызначыў фавіпіравір у якасьці экстранай дапамогі для барацьбы з успышкай вірусу Эбола ў Гвінэі.
Спатрэбіцца дазвол ураду на паўнамаштабнае выкарыстаньне фавіпіравіру для лячэньня інфікаваных на Covid-19, паколькі ён першапачаткова прызначаўся для лячэньня грыпу.
Прадстаўнік аховы здароўя Японіі кажа, што прэпарат можа быць дазволены ўжо ў траўні. «Але калі вынікі клінічных дасьледаваньняў затрымаюцца, зацьвярджэньне можа быць адкладзена».
Свабода зьвярнулася ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі па камэнтар пра наяўнасьць ці магчымасьць закупак фавіпіравіру і ягоных аналягаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ