Ён знаходзіцца ў інфэкцыйным шпіталі ў Менску і піша, што мае пацьверджаны каранавірус. За апошнія содні ягоны канал займеў 12 тысяч падпісчыкаў.
Паводле блога, хлопец вяртаўся з Бэрліну праз Варшаву разам зь сябрамі. У аднаго зь іх у Беларусі выявілі каранавірус. Яго самога ўначы 15 сакавіка забралі ў шпіталь як кантакт першага ўзроўню.
Паводле інфармацыі блогера, ёсьць распараджэньне забіраць людзей спэцыяльнай тэхнікай толькі начамі. Раней забіралі і ўдзень.
Спачатку хлопца адвезьлі ў шпіталь вэтэранаў ВАВ у пасёлку Лясным. Раней туды масава звозілі студэнтаў БДУ, якія кантактавалі з аднакурсьнікам, чый бацька ўтаіў сваю паездку ў Італію і захварэў на COVID-19.
Ежа і палаты нагадваюць савецкія часы.
Хлопец піша, што яго зьмясьцілі ў палату з «чатырма дзядамі». Ён сам хвалюецца, бо, калі ў яго каранавірус, то на суседзяў гэта можа падзейнічаць ня лепшым чынам. Вядома, што старыя людзі найгорш перажываюць хваробу і найчасьцей ад яе паміраюць. Пазьней ён напісаў, што ў старых аналізы былі адмоўныя.
Ягонага сябра, які яшчэ ня ведае свайго статусу, нібыта зьмясьцілі ў палату з чалавекам, у якога пацьверджаны каранавірус.
У аўторак 17 сакавіка аналіз хлопца пацьвердзіўся і яго перавялі ў інфэкцыйны шпіталь у Менск. Таксама ён піша, што станоўчы аналіз мае маці першага заражанага сябра. А вось у другога сябра вірус не пацьвердзіўся. Робіць выснову, што заражаюцца ня ўсе.
Радыё Свабода накіравала запыт у Міністэрства аховы здароўя з просьбай паведаміць, ці выпадак аўтара тэлеграм-каналу новы для Беларусі і колькі ўсяго цяпер выпадкаў захворваньня на каранавірус па краіне.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ