Міністэрства замежных справаў Беларусі выдала табліцу з параўнаньнем забаронаў, уведзеных у розных краінах сьвету ў сувязі з пандэміяй COVID-19.
Табліцу абяцаюць абнаўляць. Паглядзець яе можна тут у PDF. Выява табліцы на момант публікацыі тут у JPG.
У табліцы няма Беларусі. Але вядома, што сытуацыя ў Беларусі такая:
- закрыцьцё межаў — фармальна няма, фактычна межы закрылі ўсе суседзі;
- абмежаваньне ўезду замежнікаў — няма;
- карантын для тых, хто прыехаў у краіну — няма;
- скасаваньне масавых сходаў — няма, толькі рэкамэндацыя пераносу міжнародных мерапрыемстваў;
- скасаваньне спартовых падзей — няма цэнтралізавана, асобныя фэдэрацыі дабраахвотна скасоўваюць спаборніцтвы;
- прыпыненьне навучальнага працэсу — няма, але асобным ВНУ не забаронена пераходзіць на дыстанцыйнае навучаньне;
- самаізаляцыя дома — няма прымусовай, толькі асобныя кампаніі дазваляюць працу з дому;
- рэжым надзвычайнага стану — няма.
Падобная да Беларусі сытуацыя толькі ў Іраку.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.