Не панікаваць, трымаць карантын, калі прызначылі, ня бегчы ў крамы запасацца прадуктамі. Гэта раяць беларускія лекаркі, якія жывуць і працуюць ў Італіі, Чэхіі і Нямеччыне. Пульманоляг Вольга Жарнасек з Чэхіі, стаматоляг Натальля Ўльянава з Італіі і хірург Сьвятлана Элікава зь Нямеччыны распавядаюць пра сытуацыю ў іх краінах, а таксама пра досьвед у змаганьні з распаўсюдам каранавірусу, якім варта скарыстацца Беларусі.
Сьцісла
- Ульянава: Італія падзялілася на дзьве часткі. У адной — празьмерная паніка, а другой — пафігістычныя адносіны. На жаль, ад вірусу мы не абароненыя.
- Жарнасек: Чэскія ўлады дамовіліся з апэратарамі мабільных сетак, і кожны, хто перасек мяжу Чэхіі, атрымаў смс, дзе была інфармацыя пра тое, што трэба рабіць і куды зьвяртацца.
- Элікава: Наведнікі і хворыя пачалі красьці ў шпіталі сродкі дэзынфэкцыі, пальчаткі, маскі, і мы мусілі ўсе запасы замыкаць пад ключ.
«Паніка, хаос спрыяюць яшчэ большаму распаўсюду інфэкцыі»
Натальля Ўльянава жыве ў горадзе Пэскара ў італьянскім рэгіёне Абруцы (цэнтральна-паўднёвая частка Італіі). Яна працягвае працаваць, але сваю сям’ю перасяліла ў іншае месца, паколькі як лекарка мае кантакты з рознымі пацыентамі, і такім чынам хоча пазьбегнуць рызыкі інфікаваньня.
— Італія падзялілася на дзьве часткі. У адной — празьмерная паніка, а ў другой — пафігістычныя адносіны, там працягваюць па-ранейшаму гуляць, сустракацца па барах, ладзіць вечарынкі. На маё асабістае меркаваньне, урад запозна забіў трывогу. Паколькі ў нас дэмакратыя, пускалі ўсіх, у нас жа гуманітарная краіна. Калі закрылі Лямбардыю, спачатку праверак асаблівых не было, нягледзячы на дэкрэт пра тое, што перасоўвацца можна толькі на працу, у аптэку ці да дактароў па неадкладную дапамогу. Цяпер, калі сурʼёзна пасадзілі ўсіх на карантын, людзі больш-менш супакоіліся. А так надворʼе добрае, мора, сонца і ежа. Усе гулялі. 8 сакавіка ўсе рэстарацыі былі цалкам запоўненыя, нягледзячы на тое, што карантын афіцыйна ва ўсёй краіне пачаўся з 3 сакавіка.
Цяпер больш-менш паліцыя па дарогах пачынае правяраць і запытвацца, куды едзеце і навошта. Трэба вазіць з сабой паперку, якую загружаеце з інтэрнэту і самі запаўняеце, зь якой прычыны і куды едзеце. Калі гэтай паперкі няма, даюць штрафы. За 2-3 дні пачалі сурʼёзна да ўсяго ставіцца.
У рэгіёне Абруцы яшчэ тыдзень таму выпадкаў каранавірусу практычна не было. Цяпер шпіталь, які недалёка ад наc знаходзіцца, цалкам закрылі на карантын. А мой прыватны кабінэт знаходзіцца праз дарогу ад шпіталя. Загадчык артапэдычнага аддзяленьня мне казаў, што яны цяпер робяць апэрацыі толькі ў надзвычайных выпадках. У катэгорыю рызыкі трапляюць ня толькі звычайныя людзі, але і дактары. У шпіталях ёсьць так званая перакрыжаваная інфэкцыя. Дактары працуюць як на вучэньнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларуска перажывае карантын у Рыме: «Ехаць у Беларусь няма сэнсу»Некалі тут пачалі скарачаць бюджэтную мэдыцыну. У нашым рэгіёне закрылі раней два шпіталі, скарацілі койкамесцы, паскарачалі шмат аддзяленьняў, хаця шпіталі былі добрыя і добра функцыянавалі. Кілямэтраў за 40 ад нас у шпіталі закрылі на карантын рэабілітацыйнае аддзяленьне і прыёмны пакой, таму што людзі прыходзяць з нагоды і без нагоды. Італьянцы ж панікёры — чхнулі, кашлянулі — адразу бягуць у прыёмнае аддзяленьне. І там адзін ад аднаго захворваюць.
Справа нават ня ў тым, што ёсьць сьмяротнасьць, а праблема з гэтым вірусам палягае ў тым, што адразу пачынаецца двухбакавое запаленьне лёгкіх. Ня так, як са звычайнай прастудай — насмарк, бранхіт, тэмпэратура, а тут нават без сымптомаў адразу можа перайсьці ў пнэўманію. У рэанімацыйным аддзяленьні нашага шпіталя было 15 месцаў, усе цяпер занятыя. Закрываюць хірургічныя аддзяленьні, туды пераводзяць інфэкцыйных хворых. За мінулую ноч паклалі 25 чалавек.
— Як пандэмія паўплывала на вашу працу?
— Я стаматоляг. Я прызвычаілася да таго, што кожны хворы для мяне — патэнцыйна інфікаваны, ён можа мець ВІЧ-інфэкцыю, гепатыт і ўсе магчымыя хваробы. Я кожны дзень працую ў звычайнай масцы і ахоўных акулярах, у пальчатках. Такі мой лад жыцьця. Мой асноўны кантынгент — пацыенты за 60 гадоў і старэйшыя. Гэта асноўная маса італьянскага насельніцтва. Большасьці я скасавала візыты. Калі тэлефануюць і просяць неадкладна дапамагчы (зуб вырваць, напрыклад), кожнага запытваюся, ці ёсьць тэмпэратура і кашаль. Калі ёсьць — антыбіётык і чакаем лепшых часоў. Мне ня толькі саму сябе трэба абараніць, але і ўсіх маіх пацыентаў, а ў мяне іх за дзень 10-15. І калі кожны прыйдзе хворы, ад мяне нічога не застанецца, а ў мяне сямʼя, дзеці.
— Што б вы маглі параіць беларусам з італьянскага досьведу?
— Меўся да мяне бацька зь Беларусі прыляцець, дык мы яму сказалі, каб лепей дома сядзеў. Людзі павінны менш кантактаваць паміж сабой, менш выходзіць з дому і натуральна датрымліваць гігіену. На жаль, ад вірусу мы не абароненыя. Чым больш людзі знаходзяцца на карантыне, чым больш выконваюць правілы, тым менш будзе распаўсюджвацца вірус. Добра, што неўзабаве летні сэзон. Чым больш горача на вуліцы, тым горш для вірусу. Сродкаў для лячэньня няма. Бальніцы цяпер працуюць у ваенна-палявым рэжыме. Шпітальных лекараў мне вельмі шкада. Яны — малойцы і як звычайныя людзі могуць захварэць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: Італія вырашыла закрыць усе крамы і рэстараны— Чаму ня варта панікаваць?
— Паніка — гэта дрэнны дарадца. Калі афіцыйна абвясьцілі карантын у Італіі, людзі пачалі панікаваць, пабеглі ў крамы па прадукты, нібыта заўтра будзе поўная галадоўка. І ў крамах было столькі народу, што пры такой колькасьці калі нават адзін чалавек будзе заражаны каранавірусам без сымптомаў, то заразяцца іншыя. Гэта бессэнсоўныя, нелягічныя паводзіны людзей. Чалавек павінен сябе паводзіць лягічна. Калі сказалі сядзець дома, то сядзець дома і нікуды не выходзіць. Калі зайшоў у краму, надзень маску і пальчаткі. Лічыце, што вы на вайне, што вы ідзяце ў выведку. А паніка, хаос спрыяюць яшчэ большаму распаўсюду інфэкцыі.
«Прыемна зьдзівіла рэакцыя Міністэрства аховы здароўя Чэхіі на міты, якія цяпер актыўна пашыраюцца ў сацсетках»
Вольга Жарнасек, пульманоляг, заснавальніца арганізацыі «Доктар Чэхаў» для лекараў з замежнай адукацыяй у Чэхіі, лічыць, што ў цяперашняй сытуацыі варта захоўваць крытычнае мысьленьне.
— За апошнія некалькі дзён сытуацыя ў Чэхіі вельмі зьмянілася. Абвешчана надзвычайнае становішча. Колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі на 13 сакавіка — 120. Міністэрства аховы здароўя Чэхіі рэагуе хутка на зьменлівую сытуацыю. Варта адзначыць выдатную інфармацыйную даступнасьць на сайце Міністэрства аховы здароўя Чэхіі, дзе ёсьць уся актуальная сытуацыя і рэкамэндацыі ня толькі для насельніцтва, але і мэдработнікаў. Таксама прыемна зьдзівіла рэакцыя Міністэрства аховы здароўя на міты, якія цяпер актыўна пашыраюцца ў сацсетках — піць ваду кожныя 15 хвілін як прафіляктыку каранавірусу, затрымліваць дыханьне па раніцах як мэтад дыягностыкі. Усё гэта міністэрства абвяргае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: Чэхія закрыла свае межыЯшчэ да зьяўленьня каранавірусу ў Чэхіі пачалося распаўсюджаньне інфармацыі пра COVID-19 у месцах прыбыцьця ў краіну — аэрапорты, вакзалы. Бальніцы зачыніліся для наведнікаў. Нядаўна ў Чэхіі былі вясновыя вакацыі, і многія езьдзілі ў Італію катацца на лыжах. Чэскія ўлады дамовіліся з апэратарамі мабільных сетак, і кожны, хто перасек мяжу Чэхіі, атрымаў смс, дзе была інфармацыя пра тое, што трэба рабіць і куды зьвяртацца, калі грамадзянін пабываў у краіне зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай абстаноўкай. У Чэхіі працуюць тэлефонныя лініі эпідэміёлягаў у рэжыме нон-стоп.
Але нягледзячы на ўсе гэтыя захады 10 сакавіка сытуацыя пагоршылася, і ўлады пайшлі на больш жорсткія захады. З 11 сакавіка ў Чэхіі зачыненыя ўсе навучальныя ўстановы, акрамя дзіцячых садкоў, адмененыя ўсе мерапрыемствы з удзелам больш за 100 чалавек. Зачыненыя музэі, бібліятэкі, тэатры. Усе, хто быў у краінах з шырокім распаўсюдам каранавірусу, застаюцца ў хатнім карантыне на 14 дзён. Парушэньне карантыну караецца штрафам у 3 млн крон (120 000 эўра).
— Ці вы адчуваеце праявы панікі ў вашым асяродку? Ці паўплываў каранавірус на ваша жыцьцё?
— Паніка адчувалася з прыходам COVID-19 у Чэхію. Асабліва гэта было відаць у крамах: скуплялі крупы, макарону, муку, кансэрвы. Цяпер сытуацыя стабілізавалася. На жаль, паніку і трывогу распальваюць некаторыя СМІ ў пагоні за сэнсацыяй. Таксама вакол каранавірусу зьявілася столькі непраўдзівай інфармацыі, што звычайнаму чалавеку складана адрозьніць праўду ад хлусьні. Таму я рэкамэндую браць інфармацыю ТОЛЬКІ з афіцыйных крыніцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чэхіі ўвялі надзвычайнае становішча праз каранавірусНа маё жыцьцё сытуацыя з каранавірусам таксама паўплывала. Я не хаджу ў месцы, дзе вялікая колькасьць людзей, часьцей мыю рукі, адвучыла сябе ад звычкі часам пацерці вочы рукамі на вуліцы або ў публічных месцах (нашу акуляры, таму часам ёсьць невялікі дыскамфорт). Таксама больш часу праводжу ў сацсетках, паколькі вельмі многія задаюць пытаньні пра каранавірус, стараюся ўсіх супакоіць і даць абʼектыўную інфармацыю, якая вядомая на сёньняшні дзень. Так як многія ведаюць, што я пульманоляг, то пытаньняў прыходзіць шмат і кожны дзень. І так, падцягнула сваю ангельскую мову.
— Што з досьведу Чэхіі прыдалося б беларусам?
— Нядаўна я стварыла групу «Врачи Беларуси» на Facebook для таго, каб быць у кантакце з калегамі. У групе імкнуся даваць інфармацыю па Чэхіі, але сутыкнулася з праблемай, што на афіцыйных сайтах Міністэрства аховы здароўя РБ і РНПЦ эпідэміялёгіі ёсьць толькі некалькі нататак агульнага характару. На мой погляд, у дадзенай сытуацыі вельмі важна атрымліваць актуальную і абʼектыўную інфармацыю. Наяўнасьць дакладнага альгарытму дзеяньняў у тым або іншым выпадку нашмат памяншае паніку ня толькі сярод насельніцтва, але і сярод мэдпэрсаналу. А такой крыніцай інфармацыі павінна выступаць у дадзенай сытуацыі Міністэрства аховы здароўя. Таму было б вельмі карысна пераняць досьвед чэскіх калег і штодня абнаўляць сытуацыю вакол эпідэміі COVID-19 на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя.
— У Чэхіі даволі высокая працягласьць жыцьця, адпаведна найбольш уразьлівыя пажылыя, старыя людзі. Што тут робіцца, каб засьцерагчы гэтую найбольш уразьлівую групу?
— У Чэхіі закрыты для наведаньня ўсе бальніцы, лячэбніцы і дамы састарэлых. Для пажылых людзей дзейнічаюць такія самыя меры прафіляктыкі, як і для ўсяго астатняга насельніцтва — не хадзіць у месцы збору людзей, выконваць правілы асабістай гігіены. Таксама ў Чэхіі ёсьць служба, якая дазваляе замовіць абеды дадому і неабходныя прадукты з крамы. І, вядома, інфармаванасьць насельніцтва. Улады неаднаразова ва ўсіх СМІ папярэджваюць, што пажылыя людзі — гэта група рызыкі.
— Чаму ня варта панікаваць?
— Сытуацыя, якая складваецца вакол каранавірусу, вельмі неадназначная. Мы чуем розныя пункты гледжаньня, пачынаючы ад таго, што ўсё гэта лішняя шуміха, да выказваньняў з разраду «мы ўсе памром». Паніка ніколі не была добрым спадарожнікам. Таму ў дадзенай сытуацыі неабходна захаваць крытычнае мысьленьне і прытрымлівацца рэкамэндацый эпідэміёлягаў і ўладаў. Інфармацыю браць толькі з афіцыйных крыніц. Жадаю ўсім моцнага здароўя!
«Цяпер скасоўваюцца практычна ўсё мерапрыемствы»
Хірург Сьвятлана Элікава жыве ў Кёльне, што ў нямецкай зямлі Паўночны Рэйн — Вэстфалія. Пандэмія каранавірусу паўплывала на яе жыцьцё, але істотна не зьмяніла яго.
— У Нямеччыне адносна спакойна, межы адкрытыя, усе спакойна могуць перасоўвацца, могуць да нас прыяжджаць. Нядаўна было прынятае пастанаўленьне, што ўсе мерапрыемствы, дзе можа быць больш чым 1000 чалавек, павінны быць перанесеныя ці скасаваныя. Арганізатары мерапрыемстваў, дзе будзе менш за 1000 чалавек, будуць самі прымаць рашэньні, ці іх праводзіць. Але, як сьведчыць практыка, цяпер скасоўваецца практычна ўсё. На выходных меўся адбыцца вялікі хірургічны сымпозіюм, дзе чакалася 800 удзельнікаў, і яго скасавалі, а дакладней перанесьлі. З панядзелка ў нашай зямлі будуць закрытыя школы і дзіцячыя садкі, у шпіталях будуць адмененыя ўсе плянавыя апэрацыі, і будзе абмежаваная колькасьць наведваньняў ў шпіталях.
Я працую ў хірургіі ў невялікім шпіталі. У нас на дадзены момант няма пацыентаў, інфікаваных каранавірусам, але ў нас была непрыемная сытуацыя, калі наведнікі і хворыя пачалі адкрыта красьці сродкі дэзынфэкцыі, пальчаткі, маскі, і мы мусілі ўсе нашы запасы замыкаць пад ключ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель: Каранавірус закране 60% немцаўШто да заявы Ангелы Мэркель, што каля 60% жыхароў Нямеччыны могуць перахварэць на гэты вірус, то гэта толькі меркаваньне, заснаванае на нейкай статыстыцы. Нават калі і перахварэюць, то зусім ня значыць, што ўсе цяжка будуць хварэць. Рэкамэндацыя лекараў — калі ёсьць сымптомы, падобныя на каранавірус, найлепей заставацца дома, атрымаўшы ад доктара пацьверджаньне, што ты мусіш быць на карантыне дома.
Наконт 60%, якія могуць перахварэць, то гэтага насамрэч ніхто ня ведае. У нас ня так шмат інфікаваных. Гэтае меркаваньне было напэўна для таго, каб не было панікі. Паніка ў нас у сацыяльных сетках ёсьць. Быў нейкі момант, калі ў крамах скуплялі харчы, якія могуць доўга захоўвацца — макарону, туалетную паперу. У сетках ствараюцца спэцыяльныя групы, дзе абмяркоўваецца гэтая хвароба, захады перасьцярогі. Часам людзі выкарыстоўваюць інфармацыю з інтэрнэту, якая не зусім адпавядае рэальнасьці. Пачынаецца паніка, але гэта не адпавядае рэальнасьці.
— Што зь нямецкага досьведу можна параіць беларусам?
— Не панікаваць. Група рызыкі ў нас аднолькавая — пажылыя людзі з дадатковымі хваробамі. Ім трэба асабліва сачыць за сабой, не выходзіць у людныя месцы, часьцей мыць рукі, мець дадатковыя сродкі дэзынфэкцыі для рук. Я думаю, што больш нічога ня трэба. І канечне, адмовіцца ад паездак у Італію і Кітай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вам і дзецям справіцца са стрэсам падчас эпідэміі. 11 парадаў САЗЯк зьмянілася маё жыцьцё? Мае дзеці наведваюць шмат спартовых мерапрыемстваў. Цяпер усе яны скасаваныя, мы адчуваем пэўныя абмежаваньні. Мы ня можам рабіць усё, што раней плянавалі, некуды выходзіць. На лета быў заплянаваны адпачынак у Італіі, і я пакуль разважаю, ці ехаць, але да лета сытуацыя можа палепшыцца. На працы што зьмянілася? Мы шмат гаворым пра гэта, але карэнным чынам жыцьцё не памянялася.
Размовы з Натальляй, Вольгай і Сьвятланай адбываліся 11 і 12 сакавіка.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ