Разьмешчаная на некаторых сайтах інфармацыя аб сьмерці ад каранавірусу кіраўніка аднаго зь беларускіх прадпрыемстваў зьяўляецца фэйкавай і не адпавядае рэчаіснасьці, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Гаворка ідзе пра заснавальніка «Марка» Мікалая Мартынава. Сайт Vitebsk.biz і некаторыя тэлеграм-каналы 12 сакавіка распаўсюдзілі інфармацыю пра сьмерць бізнэсоўцы і карантын на ААТ «Чырвоны кастрычнік» у Віцебску.
Гэтую інфармацыю не пацьвердзілі Свабодзе ў прыёмнай «Чырвонага кастрычніка», які ўваходзіць у склад холдынгу «Марка».
«Інфармацыя пра сьмерць бацькі не адпавядае рэчаіснасьці, ён ляжыць у шпіталі, але ў яго няма каранавіруса», — сказаў «Народным навінам Віцесбка» сын бізнэсоўцы Павел Мартынаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ