Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі вынесла на грамадзкае абмеркаваньне праект пастановы ўраду, якой мяркуецца зацьвердзіць нацыянальную стратэгію «Годнае даўгалецьце – 2030». Абмеркаваньне адбываецца на прававым форуме да 27 лютага. Стратэгія мае быць улічаная пры распрацоўцы праграмаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі да 2030 году, а таксама нарматыўных прававых актаў.
Што прадугледжвае стратэгія годнага даўгалецьця
- Паводле прагнозу да 2030 году доля пажылых грамадзян у Беларусі вырасьце да 21%.
- Доля карыстальнікаў інтэрнэту ва ўзросьце 60-74 гады павінна вырасьці да 65%. Цяпер яна складае 38%.
- Узровень занятасьці насельніцтва ва ўзросьце 60-75 гадоў плянуецца павялічыць з 18,5% да 20%.
- Чаканая працягласьць жыцьця павінна да 2030 году павялічыцца з 74,5 года да 80 гадоў — у мужчын 75,5 года, а ў жанчын 84,4 года.
- Доля насельніцтва, старэйшага за 60 гадоў, якая займаецца фізкультурай, павінна павялічыцца з 22,7% да 30%.
- У пляне дзеяньняў — мерапрыемствы ў прававой адукацыі пажылых, арганізацыя працы гурткоў, клюбаў па інтарэсах, распрацоўка экскурсійных маршрутаў, адаптаваных для пажылых, садзейнічаньне беспрацоўным перадпэнсійнага ўзросту ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасьці.
- Павышэньне памеру дапамогі ў беспрацоўі і пэрыяду выплаты для грамадзян перадпэнсійнага ўзросту.
Герантоляг Кірыл Прашчаеў, які разам з прафэсарам Андрэем Ільніцкім заснаваў расейска-беларускі Навукова-дасьледчы мэдычны цэнтар «Геранталёгія», быў сярод тых, зь кім кансультаваліся распрацоўнікі нацыянальнай стратэгіі. Доктар мэдычных навук у васьмі тэзісах тлумачыць, чаму такая стратэгія неабходная, і як бы ён яе ўдасканаліў.
Грамадзтва і дзяржава прызнаюць праблему старэньня насельніцтва
Праблема старэньня насельніцтва — гэта праблема, якую трэба і можна вырашаць. Мне падабаецца падыход, што гэта — стратэгія годнага даўгалецьця. Спачатку былі ідэі наконт стратэгіі актыўнага даўгалецьця. У такім выпадку ў баку застануцца людзі, якія з розных прычынаў не мабільныя, мала мабільныя ці мала функцыянальныя. Гэтая стратэгія паказвае праблему і шляхі яе вырашэньня, калі чалавек, які пераходзіць у так званы трэці ўзрост, не зьнікае з грамадзтва і мусіць быць такой жа актыўнай часткай грамадзтва, як і малады чалавек, і чалавек сярэдняга ўзросту.
Застаецца вялікая розьніца ў працягласьці жыцьця мужчын і жанчын
У стратэгіі прызнаецца той факт, што застаецца праблема вялікай розьніцы ў працягласьці жыцьця мужчын і жанчын. Амаль 10 гадоў. Стратэгія ставіць мэту павялічыць працягласьць жыцьця мужчын і жанчын ( у мужчын 75,5 года, а ў жанчын 84,4 года), але ня зьменшыць гэтую розьніцу — амаль 10 гадоў. Калі мы хочам павялічыць жыцьцё мужчыны і жанчын, я б дадаў у канцэпцыю нейкія мэханізмы гендэрнай актыўнасьці, каб гэтая розьніца стала памяншацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларускія мужчыны заўчасна старэюць і паміраюць? Тлумачыць прафэсар герантоляг
Не мабільныя людзі ня павінны быць выключаныя з грамадзкага жыцьця
Частка людзей у сталым узросьце становяцца мала мабільнымі ці не мабільнымі, але гэта не азначае, што гэтыя людзі павінны быць выключаныя з жыцьця. Калі чалавек перанёс інсульт ці аўтакатастрофу, але функцыя мозгу ў яго добрая, а рукі-ногі адмовілі, то чаму нават у ложку ён ня можа прыносіць грамадзтву нейкую карысьць сваім мозгам. Актывізацыю людзей, нягледзячы на іх фізычны стан, мне здаецца, можна прапісаць больш дакладна ў стратэгіі і паставіць як асобную мэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекар-герантоляг: Вышыванка можа быць сродкам для падаўжэньня жыцьця
Патрэбнае павышэньне пэнсійнага ўзросту
Хочам мы ці ня хочам, але пытаньне павышэньня пэнсійнага ўзросту актуальнае. Гэта балючае пытаньне. З пункту гледжаньня геранталёгіі, лічба ўзросту ня мае ніякага дачыненьня да геранталёгіі як да навукі. Нам ня важна, працуе чалавек на пэнсіі ці не, дома ён ці на працы. Нам важна, каб любы чалавек у любым узросьце быў бы функцыянальным, патрэбным, мог абслугоўваць сябе сам, прыносіць карысьць людзям. Пытаньне пэнсійнага ўзросту — пэўная дамова грамадзтва і дзяржавы пра тое, у якім узросьце будуць адбывацца выплаты. Надышоў час, калі грамадзтва павінна прызнаць, што доля людзей старэйшага ўзросту павялічваецца.
Мы будзе працаваць даўжэй
Нам трэба рыхтавацца і з малых лет разумець, што мы будзем працаваць больш гадоў, чым тыя людзі, якія працуюць цяпер. Паводле статыстыкі, у сярэднім траціна людзей пэнсійнага ўзросту працягвае працаваць. Атрымліваецца, што людзі гатовыя працаваць. Гэтае пытаньне абавязкова трэба абмяркоўваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі яшчэ на шэсьць месяцаў павышаны пэнсійны ўзрост
Трэба зраўняць пэнсійны ўзрост мужчын і жанчын
Калі б мяне спыталі на нейкім рэфэрэндуме ці іншым чынам, то я б найперш узьняў пэнсійны ўзрост жанчын да ўзроўню мужчын. У нас жанчыны выходзяць на пэнсію раней, а мужчыны паміраюць раней. Атрымліваецца, што рэальная працягласьць жыцьця на пэнсіі ў жанчын значна большая, чым у мужчын. Гэта праблема. У вялікай колькасьці разьвітых краінаў сьвету для мужчын і жанчын аднолькавы пэнсійны ўзрост.
Трэба мець роўнасьць ва ўсім
З аднаго боку мы кажам пра павагу да жанчын, з другога — пра гендэрную роўнасьць. Мы павінны мець ва ўсім роўнасьць — у пэнсійным узросьце і ў выхаваньні дзяцей. Павінны сьцірацца стэрэатыпы, і мужчына, які больш даглядае за домам, павінен мець пэўную падтрымку. У нас атрымліваецца вельмі маскулінная сытуацыя. Небясьпечныя прафэсіі — мужчынскія, служба ва ўзброеных сілах — мужчынскі абавязак. Мужчына жыве ў зоне рызыкі, а як пэнсійнае пытаньне, то перавага за жанчынамі застаецца толькі таму, што яны больш выхоўваюць дзяцей і за домам даглядаюць. Гэта вельмі спрэчнае пытаньне, якае трэба абмяркоўваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Добрае і дрэннае ў сучаснай сыстэме аховы здароўя Беларусі
Трэба жыць у 21, а не ў 19 стагодзьдзі
Проста мы жывем у XXI стагодзьдзі, а нашы традыцыі — яшчэ з XIX стагодзьдзя. Я нядаўна набыў трэці том кнігі «Живописная Россия» 1882 году выданьня, у якой палова — пра літоўскае, а палова — пра беларускае Палесьсе. І там апісваюцца Дажынкі ў 1882 годзе. Тое, як у канцы 19 стагодзьдзя ставіліся да Дажынак, і ў якой форме яны праходзяць зараз, кажа аб тым, што мы перанесьліся ў ХХІ стагодзьдзе з мэнтальнасьцю канца XIX стагодзьдзя.
Трэба гэтую мэнтальнасьць неяк разварушваць і мяняць. Добрыя традыцыі павінны заставацца, але погляд на сучаснае жыцьцё ўжо іншы. Гэта тычыцца і павышэньня пэнсійнага ўзросту і роўнага пэнсійнага ўзросту для ўсіх.