Ці варта жанчынам ісьці ў палітыку ў аўтарытарнай і патрыярхальнай краіне? Ці ўспрымаюць жанчынаў-палітыкаў сур’ёзна і на роўных ва ўладзе і апазыцыі? Ці можна назваць палітыкамі такіх уплывовых жанчын, як Лідзія Ярмошына і Натальля Качанава? Абмяркоўваюць былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая заявіла пра прэзыдэнцкія амбіцыі, гісторык, кіраўніца Беларускай жаночай лігі Ніна Стужынская і грамадзкая актывістка і сябра Партыі БНФ Кацярына Шуст.
Сьцісла
- Канапацкая: Сваім уласным прыкладам я даказваю, што кожная беларуская жанчына можа быць пасьпяховай і ў асабістым жыцьці, і ў палітыцы, і ў бізнэсе.
- Стужынская: Беларусь — вялікая патрыярхальная сямʼя, у якой ёсьць сыны, дочкі, любімыя, пасынкі ці ўвогуле сіроты. Гэта нагадвае сярэднявечча, калі жанчыны праз мужоў, каханкаў, бацькоў ці апекуноў уплывалі на палітыку.
- Шуст: Важныя ня толькі фігуры лідэраў, але і яркія актывісты. Ніна Багінская — гэта не жанчына-палітык, але проста сымбаль беларускага дэмакратычнага руху.
«Палітычная сфэра ў Беларусі — добры грунт для дыскрымінацыі»
— Некалькі гадоў таму сустаршыня БХД Вольга Кавалькова ўпершыню заявіла публічна пра прэзыдэнцкія амбіцыі, тады ў Фэйсбуку яе «завалілі» гнеўнымі камэнтарамі, у тым ліку і вядомыя ў апазыцыйных асяродку мужчыны і жанчыны. І не аднойчы прагучала ярмошынскае: «Кавалькова, ідзі вары боршч». Як часта вам наўпрост ці ўскосна прапаноўвалі не забывацца пра сваё «жаночае месца» ў палітыцы?
Ніна Стужынская: Палітычная сфэра ў Беларусі — добры грунт для дыскрымінацыі, у тым ліку і па прыкмеце полу. Абсалютна не зьдзівілася, што Вольга Кавалькова, абвясьціўшы пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, атрымала такую рэакцыю ў грамадзтве, у тым ліку і ў дэмакратычным асяродку. Хаця калі кандыдавала Тацяна Караткевіч, ня памятаю такой рэакцыі — наадварот, грамадзтва ўспрымала вельмі пазытыўна яе кандыдатуру, магчыма, таму што яна не націскала на сваю жаноцкасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Кавалькова: Я ўсур’ёз вылучаюся на прэзыдэнта, гатовая да самых жорсткіх сцэнараўПамятаю, што і я дазволіла сабе нейкі сьмешны камэнтар, калі Вольга Кавалькова напісала, што ў яе ўжо 48-мы памер спадніцы, і можна рухацца наперад на прэзыдэнцкім шляху. Канечне, жанчына жартавала, але, магчыма, у нашым грамадзтве жарты такога кшталту не ўспрымаюцца, і ня варта чапаць гэтую тэму, таму што тыя, у каго спадніца большая за 48 памер, зрэагуюць вельмі адмоўна.
Для жанчын палітычна сфэра — вельмі няпростая, і ў Беларусі жанчыны не дэманструюць актыўнасьць. Ёсьць розныя прычыны — гэта і расчараваньне, яно агульнае ў грамадзтве, але для жанчын асаблівае, таму што да іх нэгатыўнае стаўленьне ў палітыцы, таму што няма прыкладаў натхненьня, толькі калі ў мінулым. Гэта і няўпэўненасьць, і ўсьведамленьне тупіковай сытуацыі ў гэтай сфэры.
«„Куды жанчына лезе ў вялікую палітыку?“ — даводзілася чуць, калі працавала ў кампаніі Караткевіч»
Кацярына Шуст: У маім партыйным асяродзьдзі я ніколі не сутыкалася з такім стаўленьнем у дачыненьні да сябе і ніколі ня бачыла, каб гэта праяўлялася ў дачыненьні да іншых жанчын з партыі. Каштоўнасьці, які ямы адстойваем, занадта важныя і сурʼёзныя, каб камусьці прыходзіла ў галаву разьменьвацца на нейкую дыскрымінацыю па полавай прыкмеце. Наадварот заўжды ад кіраўніцтва, ад больш дасьведчаных калегаў былі прапановы любой дапамогі, любых парадаў для тых, хто хацеў праводзіць выбарчыя кампаніі ці нейкую іншую актыўнасьць.
Я прыйшла ў Партыю БНФ з моладзевага крыла. Некалькі разоў дзяўчаты стаялі на чале Моладзі БНФ. Я ня буду адмаўляць, што такія стэрэатыпы існуюць. У мяне быў цікавы досьвед працы ў кампаніі Тацяны Караткевіч, якая ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі стала жанчынай-кандыдаткай у прэзыдэнты. За той месяц, калі я ў складзе ініцыятыўнай групы зьбірала подпісы, чула вельмі шмат меркаваньняў кшталту: «Куды жанчына лезе ў вялікую палітыку? Яна можа прэтэндаваць, але не на самую высокую пасаду ў краіне». Былі і супрацьлеглыя меркаваньні: «Мужчыны развалілі ў краіне ўсё, што можна, і толькі жанчына выратуе гэтую краіну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белмоўная тусоўка збольшага існуе ў супэрпатрыярхальнай сыстэме». Ці гэта праўда?Стэрэатыпы, зьвязаныя з полавай прыналежнасьцю, на жаль, у грамадзтве вельмі моцныя, і яна працуюць у абодва бакі. Мне здаецца, што нашае выратаваньне ў тым, каб людзі выбіралі палітыкаў на адказныя пасады не за тое, што яны мужчыны ці жанчыны, а за іх якасьці і каштоўнасьці, за тое, што палітык адстойвае і што можа зрабіць для Беларусі. Тады краіна будзе паступова дэмакратызавацца і будзе больш магчымасьцяў і для жанчын, і для мужчын у палітыцы.
«Часам ад жанчын я адчувала больш варожасьці, чым ад мужчын»
Ганна Канапацкая: На жаль, гэта сустракаецца вельмі часта. Мне было нялёгка працаваць у Палаце прадстаўнікоў. З аднаго боку як раз ад жанчын я часам адчувала больш варожасьці, чым ад мужчын, з другога боку я не адчувала падтрымкі і ад палітычнай структуры, членам якой зьяўлялася. Але я ўпэўненая, што жанчыны могуць заваёўваць усё больш сымпатый і падтрымкі ў беларускім грамадзтве, у тым ліку на палітычнай арэне. Беларускае грамадзтва становіцца ўсё болей накіраваным на пазытыўныя зьмены. І важна не адрозьніваць, мужчына ці жанчына, дарослы чалавек ці малады, а гаварыць пра тое, што гэты чалавек — прафэсіянал у сваёй сфэры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая заявіла пра жаданьне стаць адзіным кандыдатам ад апазыцыі. Хто яшчэ?
Ці зьяўляецца палітыкамі шматлікія дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў?
— Ганна Канапацкая, вы разам з Аленай Анісім вельмі актыўна працавалі ў Палаце прадстаўнікоў, высоўвалі шмат ініцыятываў, якія цяжка было рэалізаваць з той простай прычыны, што вас там было толькі двое. Ці назвалі б вы палітыкамі жанчынаў, якіх даволі шмат было і ёсьць у Палаце прадстаўнікоў, чые імёны мала хто ведае і згадвае.
— Думаю, што не. Зьяўляецца чалавек палітыкам ці не, вызначаецца ня тым, дзе ён працуе, а тым, што і як робіць. Калі мы паглядзім на беларускіх чыноўнікаў ці дэпутатаў, якія цяпер працуюць у Палаце прадстаўнікоў, то мы пабачым, што гэта проста людзі (няважна мужчыны ці жанчыны), якія займаюць пасаду дэпутата ці чальца Савету рэспублікі. Яны ня робяць нічога таго, што ўплывала б на жыцьцё беларускага грамадзтва, тым больш у пазытыўным ключы. Яны выконваюць свае абавязкі, выконваюць не зусім якасна, дазваляюць сабе парушаць дзейнае заканадаўства Беларусі.
Канечне, гэта не палітыкі, гэта чыноўнікі высокага рангу. Але калі мы гаворым пра дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, то ў кожнага зь іх ёсьць магчымасьць стаць палітыкам, незалежна ад гендэрнай прыналежнасьці.
«Гэта чыноўніцы, добрыя выканаўцы волі кіраўніка дзяржавы»
— У блізкім атачэньні Аляксандра Лукашэнкі было і ёсьць шмат уплывовых жанчын розных пакаленьняў — Ярмошына, Качанава, Эйсмант, Абельская, Пяткевіч, Шманай, тая ж Васілевіч. У свой час з Натальляй Пяткевіч вёў нефармальныя перамовы намесьнік памочніка Дзяржсакратара ЗША. Распавядаюць, што многія чыноўнікі стаяць у чарзе да Дарʼі Шманай, каб трапіць на прыём да Лукашэнкі. Ці можна назваць палітыкай імклівую карʼеру жанчын, якіх прасоўвае Лукашэнка, якія ўмацоўваюць ягоную ўладу? Ці гэта жанчыны ў палітыцы?
Ніна Стужынская: Імёны, якія вы назвалі, на слыху ў краіне, але гэта не палітыкі, якія прыходзяць да ўлады праз адкрытую публічную дзейнасьць, праз справядлівыя выбары. Гэта прызначаныя людзі, чыноўніцы, добрыя выканаўцы волі кіраўніка дзяржавы. Я б назвала іх людзьмі, добра ўбудаванымі ва ўладную вэртыкаль. Беларусь — вялікая патрыярхальная сямʼя, у якой ёсьць сыны, дочкі, любімыя, пасынкі ці ўвогуле сіроты. Практыка дасягненьня пэўных вяршыняў дабрабыту і статусу мне нагадвае сярэднявечча, калі жанчыны праз мужоў, каханкаў, бацькоў і апекуноў уплывалі на палітыку. На жаль, такая практыка ў нас замацоўваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён яе пападвучвае, дык яна яшчэ стане ягонай пераемніцай». Што кажуць людзі на прыёме ў дэпутаткі Марыі ВасілевічЯ бачу і працэс «вымываньня» жанчын з палітычных партый. Пра прычыны можна пагаварыць асобна, але жанчын-палітыкаў такога маштабнага ўплыву як спадарыня Мэркель, у нас няма. Тацяна Караткевіч — вядомая фігура. Праз тое, што ўдзельнічала ў выбарах прэзыдэнта, яна набыла пэўны статус і вагу, але я не назвала б яе фігурай уплыву.
«У апазыцыйных партыях і рухах важныя ня толькі фігуры лідэраў, але і яркія актывісты»
— Калі паглядзець на прапорцыю жанчын і мужчын у апазыцыі, асабліва ў кіраўніцтве партый і рухаў, то выснова відавочная — іх меншасьць. Жанчыны — добрыя выканаўцы, з большага яны — на другіх і трэціх ролях. Вельмі часта гучыць тлумачальны ці апраўдальны аргумэнт — і ў турмах мужчын болей, і спазнаюць рэпрэсіі мужчын болей. А якое вашае тлумачэньне?
Кацярына Шуст: Не магу пагадзіцца. Ня буду сьцьвярджаць, больш жанчын ці столькі ж. Што тычыцца рухаў і партый, то гэта цыклічны працэс. Жанчыны ўзначальвалі апазыцыйныя партыі — БСДП і Партыю зялёных. У органах кіраваньня жанчын недзе болей, недзе меней. Гэта мяняецца і залежыць ад пэўнага пэрыяду. Жанчын, сапраўды, не настолькі шмат у палітычнай сфэры, як мужчын. Гэта зьвязана з тым, што палітыка доўгі час была мужчынскай справай, вайсковай справай. Зараз сытуацыя паступова мяняецца, стандарты палітыкі мяняюцца агулам. У цывілізаваных сьвеце адыходзяць ад таго, каб вырашаць справы праз вайну, у вялікай палітыцы ўсё больш месца для навукі, адукацыі, сацыяльнай і эканамічнай сфэры, і там жанчын болей і болей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абрамава, Анісім і Халіп пра «добразычлівы сэксізм» Лукашэнкі і выбарыГэта — працэс, і мы знаходзімся не ў канцы, а ў яго сярэдзіне. Жанчыны паступова прыходзяць у палітыку, яшчэ не настолькі актыўна, як гэта адбываецца ў дэмакратычных краінах. Калі казаць пра апазыцыйныя партыі і рухі, то важныя ня толькі фігуры лідэраў, але і яркія актывісты. Жанчыны вельмі часта робяць заўважныя кампаніі ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты. Магу згадаць тую ж і Алену Талстую, лідэрку Руху салідарнасьці «Разам», Алену Церашкову, якая балятавалася ад Партыі БНФ на апошніх выбарах. Ніна Багінская — гэта ўвогуле жанчына не палітык, але проста сымбаль беларускага дэмакратычнага руху, і няшмат мужчын можна згадаць з такой мужнасьцю, імпэтам, вытрымкай, якія б змагаліся за дэмакратычныя і нацыянальныя каштоўнасьці.
— Кацярына, а ці маеце вы палітычныя амбіцыі — увайсьці ў кіраўніцтва Партыі БНФ, вылучыцца кандыдаткай на дэпутата, на прэзыдэнтку?
— Няма такіх амбіцый. Мне вельмі прыемна працаваць на яркіх лідэраў незалежна ад таго, жанчыны яны ці мужчынамі. Я працавала ў сваёй партыі на кандыдатаў- мужчынаў і працавала на кандыдатку Тацяну Караткевіч. У сілу майго тэмпэрамэнту і характару я не хачу быць на лідэрскіх пазыцыях. Але я ня бачу ў гэтым нічога страшнага. Кожная асоба мусіць улічваць свае асабістыя якасьці і быць там, дзе можа прынесьці найбольш карысьці. А калі няма такіх амбіцый, то можна належным чынам працаваць на нейкага лідэра, таму што часта сам па сабе ён не спраўляецца і мае патрэбу ў добрых паплечніках, якія могуць яму дапамагчы.
Ці варта ісьці ў палітыку жанчынам у аўтарытарнай і патрыярхальнай краіне?
— Многія таленавітыя, адукаваныя жанчыны, як і мужчыны, ня хочуць займацца палітыкай у Беларусі зь вельмі зразумелых прычынаў — небясьпечна, можна больш страціць, чым атрымаць. І выніку яны робяць карʼеру ў сфэрах, максымальна далёкіх ад палітыкі, тады як у іншых умовах маглі б рэальна браць удзел у прыняцьці рашэньняў, як гэта адбываецца цяпер у ЭЗ, той жа Ўкраіне і Грузіі. Ці варта ісьці ў палітыку жанчынам у аўтарытарнай і патрыярхальнай краіне?
Ганна Канапацкая: Безумоўна варта. І мой уласны прыклад сьведчыць пра тое, што трэба ісьці ў палітыку, калі мы хочам пазытыўных зьменаў у краіне. Беларускае грамадзтва прызвычаілася пры таталітарным рэжыме абмяркоўваць усё на кухні, і мы бачым вынікі гэтай абыякавасьці і апатыі. І няважна, мужчына абыякавы ці жанчына. Так, гэта складана. Яшчэ 10 гадоў таму ў апазыцыі быў жарт, што калі вы не былі арыштаваныя, не сядзелі на сутках, то ня можаце лічыцца рэальным беларускім апазыцыйным палітыкам. У Беларусі і мужчыны, і жанчыны былі арыштаваныя, сядзелі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях і выбарчых кампаніях. І ўсё роўна людзі знаходзілі ў сябе сьмеласьць абʼядноўвацца і выходзіць на вуліцы, каб у Беларусі адбыліся зьмены. Сваім уласным прыкладам я даказваю, што кожная беларуская жанчына можа быць пасьпяховай і ў асабістым жыцьці, і ў палітыцы, і ў бізнэсе.
— Якая цяпер ваша палітычная амбіцыя? Як вы бачыце сваю палітычную будучыню ў Беларусі?
Ганна Канапацкая: Пакуль Беларусь зьяўляецца прэзыдэнцкай краінай, найвышэйшая пасада — прэзыдэнт. Я ніколі не хавала сваіх прэзыдэнцкіх амбіцый. Цяпер ня менш 13 краінаў маюць жанчын прэзыдэнтаў. Шмат жанчын кіравалі і кіруюць моцнымі дзяржавамі. Нават наступным презыдэнтом у Расеі будзе жанчына, і, мне, як прэзыдэнтцы Беларусі, будзе вельмі цікава працаваць з прэзыдэнткай Расеі. Таму мае амбіцыі вельмі абгрунтаваныя.
«Сацыяльная сытуацыя пагаршаецца кожны дзень, і актыўнасьць жанчын вельмі запатрабаваная»
Ніна Стужынская: У мяне ёсьць вялікі досьвед і вялікі багаж расчараваньняў. Тым ня менш я лічу, што жанчынам трэба ісьці ў палітыку. Я вельмі рада, што мае суразмоўніцы так пазытыўна скіраваныя і маюць амбіцыі ў палітыцы. Калі адбывалася найвялікшая эмансыпацыя жанчын? Як не дзіўна, у часы вайны. У нас, канечне, не вайна, але сацыяльная сытуацыя пагаршаецца кожны дзень, і актыўнасьць жанчын вельмі запатрабаваная зараз, як і ў пачатку 20 стагодзьдзя, калі была запатрабаваная актыўнасьць і самаахвярнасьць жанчын, калі спатрэбіліся дочкі нацыі. Зараз дочкі нацыі вельмі патрэбныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праграма, якую малюе Зянон Станіслававіч, — гэта дамашняе рабства»Я мару пра тое, што жанчыны самі возьмуць у рукі палітычны інструмэнт і створаць палітычную партыю. Магчыма, гэта будзе пераходны пэрыяд на той час, пакуль гендэрны дысбалянс вельмі моцны ва ўладзе і ў апазыцыйных дэмакратычных партыях. Але гэта б дазволіла жанчынам прасунуцца наперад. Гэта быў бы інструмэнт інфармаваньня, мабілізацыі і палітычнай адукацыі жанчын.
«Жанчыны зьведваюць рэпрэсіі і палітычныя забойствы, як Ганна Паліткоўская ў Расеі і Вераніка Чаркасава ў Беларусі»
Кацярына Шуст: Жанчыны даволі часта ідуць у блізкія да палітыкі сфэры, вельмі рызыкоўныя сфэры, такія як праваабарончая дзейнасьць і вострая палітычная журналістыка. І зьведваюць рэпрэсіі і палітычныя забойствы, як Ганна Паліткоўская ў Расеі і Вераніка Чаркасава ў Беларусі. Трэба ісьці ў палітыку людзям, якія маюць здольнасьці і мужнасьць. Гэта можа быць страшна і цяжка, але гэта дазваляе змагацца за свае правы і вырашаць праблемы сваёй сямʼі і сваёй супольнасьці. У Беларусі шмат выклікаў, вельмі вялікія пагрозы для незалежнасьці, для эканомікі, для ўсяго грамадзтва. Чым больш у палітыцы будзе адэкватных, разумных, прадэмакратычных, прабеларускіх людзей, і канечне, жанчын, тым хутчэй мы зможам абараніць нашу краіну і палепшыць яе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Івонка Сурвіла: Наш народ ня быў гатовы ні выбіраць жанчыну, ні выбіраць эмігранткуДосьвед якіх жанчын-палітыкаў у розных краінах сьвету і ў розныя пэрыяды важны для беларусак?
Кацярына Шуст: Эміліі Плятэр. Гэта ня наша сучасьніца, але гэта прыклад жанчыны, якая займалася палітыкай на роўні з мужчынамі, калі гэта было небясьпечна, і ёй хапіла мужнасьці сваё маладое жыцьцё прынесьці ў ахвяру дзеля Бацькаўшчыны. Сярод сучасных постацей я б назвала Аун Сан Су Джы, якая змагалася ў дэмакратычным руху Мʼянмы, спазнала рэпрэсіі, была пад арыштам, але ня кінула барацьбу. І вынік ёсьць — дэмакратычныя зьмены.
Іна Стужынская: Назвала б найперш жанчыну эпохі БНР Палуту Бадунову, чый подпіс стаіць пад дакумэнтамі, якія абвяшчаюць незалежнасьць Беларусі. Мне вельмі падабаецца першая ў гісторыі ЗША жанчына Дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт. Яна ня марыла пра палітыку, а пачынала з такіх практычных справаў, як сьняданкі ў школе. І я раю нашым жанчынам паглядзець вакол сябе і знайсьці сябе працу, каб зрабіць добрае для людзей, для сябе і пачаць палітычную карʼеру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жаночы подпіс пад Актам незалежнасьці стаіць толькі ў беларусаў»Ганна Канапацкая: Гэта былая кіраўніца Вялікай Брытаніі Маргарэт Тэтчэр, палітык, якая моцна паўплывала на мяне, і чые прынцыпы магчыма прымяніць для Беларусі.