Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым запомнілася былая кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі і чым яна будзе займацца цяпер


Натальля Качанава, архіўнае фота
Натальля Качанава, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта былога намесьніка старшыні КДБ генэрал-маёра Ігара Сергяенку.​ Былую кіраўніцу Адміністрацыі Натальлю Качанаву ён накіраваў у Савет Рэспублікі «па прэзыдэнцкай квоце».

Чым запомнілася Качанава

Натальля Качанава нарадзілася ў 1960 годзе ў Полацку. Адвучылася на будаўнічым факультэце Наваполацкага політэхнічнага ўнівэрсытэту, працавала апэратаркай пульту кіраваньня і інжынэркай тэхнікі бясьпекі на полацкім «Водаканале», затым вядучай інжынэркай у полацкім упраўленьні ЖКГ, з 2002 па 2007 год — на розных пасадах у Полацкім гарвыканкаме.

Пасьля 7 гадоў была старшынёй гарвыканкаму ў Наваполацку, а са сьнежня 2014 году працавала намесьніцай прэм’ер-міністра па сацыяльных пытаньнях. Кіраваць адміністрацыяй Лукашэнкі пачала са сьнежня 2016-га.

Яшчэ ў лютым 2016 году Качанава казала пра заробак у 60 даляраў на месяц як пра прымальны для маладога трэнэра, праз два месяцы — што сярэднія заробкі настаўнікаў у 280 даляраў — гэта «нядрэнны ўзровень», а калі «настаўнік працуе і мае адпаведную катэгорыю, яшчэ хоча займацца гуртковай працай», то можа атрымліваць і «па пяцьсот».

Качанава ня раз ішла на сустрэчы зь беларусамі па вострых пытаньнях: размаўляла з «Маці-328», выбачалася перад цыганамі пасьля аблаваў і перад Pussy Riot пасьля забароны на ўезд, тлумачыла «дармаедзкі дэкрэт» і «працаўладкоўвала» ў калгас эканаміста Раманчука.

Чым яна будзе займацца на новай пасадзе

Савет Рэспублікі — верхняя палата Нацыянальнага сходу, гэткі «сэнат». У адрозьненьне ад Палаты прадстаўнікоў — ніжняй палаты Нацыянальнага сходу, чальцоў Савету Рэспублікі звычайныя грамадзяне Беларусі не абіраюць нават фармальна. Лічыцца, што яны перадаверылі гэтае права дэпутатам базавага ўзроўню (раённага, гарадзкога і абласнога).

Афіцыйна ў кампэтэнцыі Савету Рэспублікі — ухваленьне або адхіленьне прынятых Палатай прадстаўнiкоў праектаў законаў, а таксама скасаваньне незаконных рашэньняў мясцовых саветаў. У ліку таго, што зацьвярджае Савет, — законы аб зьменах у Канстытуцыю, аб тлумачэньні Канстытуцыі. Таксама Савет Рэспублікі дае згоду на прызначэньне кіраўніком дзяржавы шэрагу чыноўнікаў і судзьдзяў, выбірае шэсьць судзьдзяў Канстытуцыйнага суду і шэсьць чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Адхіляюць законапраекты яны вельмі рэдка — хіба ў 2006 годзе адхілілі дзеля дапрацоўкі закон «Аб экстрэмізьме». Але нават калі Савет Рэспублікі зацьвярджае законапраект, яго можа адхіліць кіраўнік дзяржавы.

Самога кіраўніка дзяржавы тэарэтычна могуць зьняць з пасады з удзелам Савету Рэспублікі. Каб адхіліць прэзыдэнта ад улады, патрэбная воля ня менш як дзьвюх трацін чальцоў кожнай з абедзьвюх палатаў. Ініцыяваць імпічмэнт Палаце прадстаўнікоў дазволена. Але арганізаваць расьсьледаваньне мае права толькі Савет Рэспублікі. Ён жа і павінен рабіць высновы: вінаваты кіраўнік дзяржавы ці не. Акрамя таго, Савет Рэспублікі разглядае (і можа аспрэчваць) указы кіраўніка дзяржавы аб надзвычайным і ваенным становішчы або мабілізацыі насельніцтва, але толькі пасьля іх прыняцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG