Гараўскі, які прызнаўся ў саўдзеле ў забойствах крытыкаў Лукашэнкі, папрасіў прытулку ў Швайцарыі

Юры Гараўскі падчас інтэрвію

Юры Гараўскі, былы баец спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) унутраных войскаў МУС Беларусі, раскрыў сваё месцазнаходжаньне і заявіў, што папрасіў прыстанішча ў Швайцарыі, паведамляе Deutsche Welle.

У сьнежні 2019 году Юры Гараўскі прызнаўся ў інтэрвію Deutsche Welle, што ўдзельнічаў у 1999 годзе ў выкраданьнях і забойствах беларускіх апазыцыянэраў на загад зьверху.

Цяпер Гараўскі сказаў, што ня бачыць сэнсу далей хаваць сваё месцазнаходжаньне. Першапачаткова ён казаў, што знаходзіцца ў адной з эўрапейскіх краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дастаткова двух тыдняў, каб справа лягла на стол суду». Пра што казалі на дыскусіі пра сьведчаньні СОБРаўца Гараўскага

«Адсочваючы маіх блізкіх, вылічыць мой нумар тэлефона нескладана. А па кодзе можна даведацца, якая гэта краіна. Хутчэй за ўсё, гэта ўжо зрабілі», — упэўнены Гараўскі.

Былы баец САХР сьцьвярджае, што гатовы панесьці пакараньне за ўдзел у забойствах экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў беларускую апазыцыю. Аднак Гараўскі хоча, каб яго судзілі ў Эўропе, а не ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы спэцназавец Гараўскі адказаў на абвінавачаньні ў хлусьні

Пры гэтым ён ня ўтойвае, што, нават знаходзячыся ў Швайцарыі, баіцца за сваё жыцьцё.

«Пасьля таго, як мы забілі гэтых людзей, я ўсе гэтыя гады баяўся, што нас пачнуць па адным альбо ліквідоўваць, альбо саджаць. Я і цяпер не выключаю, што прыедуць мяне забіваць. Але ўсё-ткі тут ёсьць шанцы выжыць», — сказаў Гараўскі.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара

  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа