Група праціўнікаў запуску берасьцейскага акумулятарнага заводу iPower 6 лютага накіравалі ў Палату прадстаўнікоў і Канстытуцыйны суд прапанову аб дапаўненьні Канстытуцыі Беларусі. Яны хочуць, каб рашэньні грамадзкіх сходаў былі абавязковымі для выкананьня.
Як расказаў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, прапанову накіравалі судзьдзям, бо ім даручаная падрыхтоўка законапраекту аб зьменах Канстытуцыі, і дэпутатам, бо ім гэты праект разглядаць.
Што не падабаецца берасьцейцам у Канстытуцыі
Зьмены прапануюць унесьці ў артыкул 37. У дзейнай Канстытуцыі ўжо замацавана, што грамадзяне маюць права ўдзельнічаць у вырашэньні дзяржаўных справаў і праз выбраных прадстаўнікоў, і непасрэдна праз рэфэрэндумы, абмеркаваньні законапраектаў.
Таксама прапісанае права грамадзянаў «у парадку, вызначаным заканадаўствам, браць удзел у абмеркаваньні пытаньняў дзяржаўнага і грамадзкага жыцьця на рэспубліканскіх і мясцовых сходах».
Ды абавязковасьць рашэньняў сходаў не замацаваная. Берасьцейскія праціўнікі акумулятарнага заводу, адзначае Кісьляк, наогул былі пазбаўленыя магчымасьці паўдзельнічаць у абмеркаваньні праекту заводу. У іншых праектах, дзе людзі ўдзельнічалі ў абмеркаваньнях, «улады часьцей за ўсё трактуюць пазыцыю людзей як неабавязковую», дадае праваабаронца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейцы працягваюць пратэставаць супраць акумулятарнага заводу. 2 лютага на плошчу выйшлі 120 чалавекЯк яны прапануюць зьмяніць Канстытуцыю
У артыкул 37 прапануюць дадаць такія сказы:
«Новы прамысловы, горадабудаўнічы ці іншы аб'ект, які робіць значны ўплыў на навакольнае асяродзьдзе, ня можа быць пабудаваны і ўведзены ў эксплюатацыю, калі супраць яго разьмяшчэньня на дадзенай тэрыторыі выступае большасьць грамадзян, якія ўзялі ўдзел у грамадзкіх абмеркаваньнях. Пазыцыя, выяўленая большасьцю галасоў грамадзян, якія ўзялі ўдзел у грамадзкіх абмеркаваньнях пытаньняў мясцовага значэньня, абавязковая для ўсіх дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіраваньня, іншых арганізацыяў».
Кісьляк мяркуе, што канфлікт вакол заводу iPower узьнік таму, што «думкі людзей не спыталі». Калі прапанаваную норму ўвядуць, перакананы ён, «інтарэсы жыхароў будуць пераважваць інтарэсы бізнэсу і ўлады», а ў грамадзянаў «фактычна зьявіцца права накладаць вэта на будаўніцтва аб’екту, што пагражае значна пагоршыць экалягічную сытуацыю ў рэгіёне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў, ці зьменяць Канстытуцыю да прэзыдэнцкіх выбараўПратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.