Змагаліся за чыстае паветра, зьняволеных дзяцей і крыжы на магілах расстраляных, ажывілі нават выбары ў Палату прадстаўнікоў... Хто зрабіў гэты год у Беларусі цікавым і даў іншым надзею на зьмены да лепшага.
1. Берасьцейцы, якія не давалі запусьціць акумулятарны завод
Ужо амаль два гады — ад пачатку 2018-га — жыхары Берасьця ў судах і на вуліцах пратэстуюць супраць пабудовы акумулятарнага заводу, які лічаць небясьпечным для здароўя. Штотыдзень яны выходзяць «карміць птушак» на цэнтральную плошчу, бо мітынгі ім амаль ніколі не дазваляюць. Ні штрафы і затрыманьні, ні тое, што будаўніцтва заводу прыпынілі «да ліквідацыі выяўленых парушэньняў», не спыніла пратэсту: шмат якія берасьцейцы ня вераць, што завод магчыма зрабіць бясьпечным у цяперашніх умовах.
2. Арганізатары #БНР101 у Горадні і Менску
Сам Аляксандар Лукашэнка забараніў сьвяткаваць 101-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі на стадыёне «Дынама».
Тады адна група арганізатараў (на чале якой былі блогеры Антон Матолька, Эдуард Пальчыс і прадпрымальнік Павал Белавус) павезла асноўны склад музыкаў у Горадню, дзе ўлады далі на 23 сакавіка пляцоўку каля гістарычнага цэнтру гораду.
Другая група (БСДП і партыі правацэнтрысцкай кааліцыі) апэратыўна зладзіла канцэрт 24 сакавіка ў Парку дружбы народаў у Менску. Гурт «Дай дарогу!» выступіў і там, і там. Сьпевакі Зьміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі выступілі ў Горадні 23-га, спрабавалі разам з саксафаністам Паўлам Аракелянам сыграць на менскай пешаходнай вуліцы 25-га, ды міліцыя затрымала музыкаў.
3. Абаронцы Курапатаў, якія процістаялі «крыжалому»
Летам 2018 году Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі вырашыў замяніць на новыя спарахнелыя крыжы па пэрымэтры мэмарыяльнага комплексу Курапаты, дзе ў 1930-х бальшавікі забілі і пахавалі дзясяткі тысяч чалавек. Улады вырашылі, што новыя крыжы незаконныя. У красавіку 70 крыжоў зьнесьлі, абаронцаў затрымлівалі, арыштоўвалі і штрафавалі. Мэмарыял абнесьлі агароджай, якую паставілі на месцы крыжоў. Абаронцы Курапатаў адказалі на гэта крыжовым шляхам і малітвамі.
4. «Маці 328», якія дамагліся частковага палягчэньня законаў
За чатыры гады рух «Маці 328» разросься ў некалькі асобных арганізацыяў і цяпер дзейнічае па ўсёй Беларусі, абʼядноўвае 1,5 тысячы бацькоў дзяцей, асуджаных за наркотыкі. «Маці 328» напісалі тысячы зваротаў уладам, праводзілі масавыя галадоўкі — і дамагліся скарачэньня тэрмінаў зьняволеньня сваіх дзяцей, прыцягнулі ўвагу да жорсткіх умоваў у калёніях і абвінавачаньняў з фармулёўкамі кшталту «у нявызначаны час, у нявызначаным месцы, нявызначанай асобай; мяркуецца, з мэтай збыту».
5. Nexta, які перадаваў «зьлівы» ад беларускіх чыноўнікаў
21-гадовы Сьцяпан Сьвятлоў, вядомы як Nexta, зрабіў канал, празь які беларускія службовыя асобы перадаюць закрытую інфармацыю: ад безгаспадарчасьці ў калгасах да самагубстваў у войску. Цяпер у Telegram на яго падпісаныя 188 тысяч чалавек, яшчэ 320 тысяч — на Youtube. Ягоны фільм пра падазрэньні ў злачынствах Лукашэнкі праглядзелі 2 мільёны разоў, хоць у Беларусі яго прызналі «экстрэмісцкім». А прэс-служба Лукашэнкі, якая яшчэ нядаўна ігнаравала сацсеткі і мэсэнджары, цяпер завяла свой ананімны Telegram-канал.
6. Студэнтка, якая падала ў суд на Лукашэнку
20-гадовая менская студэнтка Ліза падала ад свайго імя скаргу ў суд на Аляксандра Лукашэнку, у якой сьцьвярджалася, што прызначэньне выбараў на 17 лістапада скараціла чатырохгадовы тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў ня менш як на 10 месяцаў без законных падставаў. Сама Лізавета магла б балятавацца на «плянавых» выбарах, але на «датэрміновую» дату ёй яшчэ ня споўніўся 21 год. Суд адмовіўся заводзіць справу.
7. «Моладзевы блёк», які вярнуў крэатыў у беларускую палітыку
Маладыя актывісты згуртаваліся ў блёк дзеля ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў і падышлі да кампаніі нестандартна: абʼядналіся вакол праблемаў прымусовага разьмеркаваньня, закону «аб адтэрміноўках» ды жорсткага антынаркатычнага заканадаўства, ладзілі прэс-канфэрэнцыю ў бары і мітынгі, якія больш нагадвалі ці то манстрацыі, ці то рэйвы.
8. Першакурсьніца, якая апублікавала відэа пра загон на выбары
Першакурсьніца БДЭУ Аліна Шмігель даслала ў рэдакцыю Радыё Свабода відэазапіс, на якім у інстытуцкай аўдыторыі куратарка групы гаворыць студэнтам пра важнасьць удзелу ў выбарах — ейныя словы можна было расцаніць як прымус галасаваць датэрмінова. Пасьля таго, як стала вядома, што відэа зьняла і адправіла журналістам менавіта Аліна Шмігель, аднагрупнікі пачалі яе цкаваць. Яна ж настойвала, што толькі выканала грамадзянскі абавязак і што хацела паказаць: «справа не ў выкладчыках, а ў сыстэме».
9. Севярынец і «Сьвежы вецер», якія павялі пратэстоўцаў на вуліцы
Заклік на несанкцыянаваную акцыю пратэсту ў Беларусі караецца штрафамі і арыштам, а санкцыянаваныя мітынгі даюць праводзіць толькі далей ад цэнтру гораду.
Калі некаторыя беларусы пабачылі пагрозу сваёй краіне ў перамовах аб «паглыбленьні інтэграцыі» з Расеяй, адказнасьць за абвяшчэньне акцыі пратэсту ўзяў на сябе сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец. Хоць яшчэ за месяц да таго абмяркоўвалі скандал між Севярынцам і ПЭН-цэнтрам, зьвязаны зь ягоным стаўленьнем да ЛГБТ-супольнасьці, на пратэст на ягоны заклік выйшлі сотні людзей. Таксама «крэатыўныя» пратэсты — «выкочваньне гарбуза» і «жывы ланцуг» — ладзіла кампанія «Сьвежы вецер», ініцыяваная Сяргеем Бульбам і Ўладзімерам Мацкевічам.
Улады спачатку слаба заміналі пратэстам, толькі перад пятым за месяц мітынгам сталі саджаць на суткі арганізатараў, у тым ліку самога Севярынца.
10. Кастусь Каліноўскі, які застаўся актуальным праз 155 гадоў пасьля сьмерці
Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы. У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага. У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага, у лістападзе зладзілі афіцыйную цырымонію пахаваньня на могілках Росы ў Вільні. Некаторыя беларусы прасілі пахаваць свайго героя на радзіме, ды беларускія ўлады не падтрымалі ініцыятывы.
Ды тысячы беларусаў паехалі на цырымонію ў суседнюю краіну — у тым ліку таму, што бачылі сымбалізм у часе пахаваньня нацыянальнага героя, «калі на 30-м годзе незалежнасьці мы зноў разважаем пра страту незалежнасьці».